Якім павінен быць дэпутат? - zorkanews.by

Якім павінен быць дэпутат?

Cropped image of business partners carrying briefcases on the foreground while their colleague standing on the background

Менш як праз месяц выбаршчыкам трэба будзе вырашыць, хто будзе адстойваць  іх інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. На слыху выбарчая кампанія і ў жыхароў раёна. 

Якім павінен быць дэпутат парламента? З гэтым пытаннем звярнуліся да землякоў. 

Вольга САЯВЕЦ, дырэктар Каралёўскага СДК: 

— Я, як, дарэчы, і мой муж, рэгулярна ўваходжу ў склад выбарчай камісіі, нават калі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. Для мяне выбары — вельмі адказная кампанія. Заўсёды сама галасую і ўсім, родным, знаёмым, суседзям, напамінаю, што свой грамадзянскі абавязак неабходна выконваць. Дэпутата сёмага склікання бачу мэтанакіраваным, справядлівым, які з разуменнем будзе ставіцца да інтарэсаў выбаршчыкаў, імкнуцца вырашаць найбольш вострыя пытанні. 

Анастасія КРУПНІК, намеснік дырэктара ТЦСАН: 

— Народны абраннік павінен быць сур’ёзным чалавекам, блізкім да людзей. Аддаючы голас за дэпутата, людзі павінны быць упэўнены, што іх інтарэсы будуць дастойна прадстаўлены не толькі на раённым, але і на вышэйшым узроўні ўлады. Што тычыцца нашага горада, хацелася б садзейнічання ў вырашэнні пытанняў развіцця яго інфраструктуры — так не хапае  сёння аздараўленчага цэнтра і басейна. 

Наталля ШАМЯНКОВА, пенсіянерка, жыхарка райцэнтра: 

— Галасую я з 18 гадоў. Ніводных выбараў не прапусціла. Да дэпутатаў у мяне толькі адно пажаданне. Кожны з іх рыхтуе да выбараў праграму, у якой так хораша расказвае пра тое, на што будзе рабіць акцэнт, вырашэнню якіх праблем будзе садзейнічаць, якія сферы развіваць. Аднак пасля чамусьці перадвыбарная праграма, на жаль, “забываецца”. На маю думку, калі ты прэтэндуеш на крэсла ў парламенце, значыць, ты павінен быць чалавекам слова.  

Зоя УРБАНОВІЧ, прыёмная маці, жыхарка вёскі Вялікая Уса: 

— Мне падаецца, што ў большасці пытанняў менавіта прадстаўнікі моцнай паловы  кампетэнтныя, справы іх — дзейсныя. Да кожнай праблемы трэба падыходзіць з разуменнем, умець пачуць людзей. А пры яе вырашэнні не абмежавацца абяцаннем “будзем прымаць меры”, а давесці справу да лагічнага канца. Лепш зрабіць за дэпутацкі тэрмін тры-пяць спраў, але ад пачатку да канца. 

Анжэліка ШЫБКО, настаўніца пачатковых класаў Дзешчанскай школы: 

— Дэпутату павінны быць уласцівы энергічнасць, ініцыятыўнасць, бо ў адваротным выпадку народны абраннік не здолее ўвасобіць у заканадаўчыя акты пажаданні людзей. На маю думку, узрост дэпутата не мае ніякага значэння. Галоўнае, каб ён ведаў праблемы, якія хвалююць выбаршчыкаў, і імкнуўся іх вырашыць. Таксама не важна, з якой сферы ён прыйдзе: калі чалавек граматны, адукаваны, мае высокія маральныя якасці, ён прынясе грамадству толькі карысць. 

Іван КАРАЧУН, начальнік райаддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз: 

— Лічу, што чалавек, які будзе абраны дэпутатам, павінен добра ведаць жыццё як маладых, так і пажылых людзей. Яшчэ ён павінен быць дасведчаным і ўсебакова развітым. Валодаць аўтарытэтам і мець прынцыповую пазіцыю, арыентавацца ў сацыяльна-эканамічных пытаннях найперш  свайго рэгіёна, садзейнічаць аператыўнаму вырашэнню прадыктаваных часам пытанняў у рамках закону. 

Сяргей ПАРМОН, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №2 імя К. Крапівы: 

— Прымаць удзел у выбарах — абавязак кожнага, бо вагу мае кожны голас. Што тычыцца якасцей дэпутата, у першую чаргу ён павінен быць прафесіяналам сваёй справы. Паколькі яму адстойваюць нашы інтарэсы, як сацыяльныя, так і грамадскія, хацелася б, каб дэпутатам быў чалавек з нашага раёна, які ведае праблемы насельніцтва не са слоў пабочных асоб. Тады і вынікі будуць адпаведныя. 

Вера ЛУКАШЭВІЧ 

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *