Ад вёскі да вёскі: вас сустракаюць жыхары Сутак - zorkanews.by

Ад вёскі да вёскі: вас сустракаюць жыхары Сутак

Гісторыя вёскі небагатая, бярэ адлік з пачатку мінулага стагоддзя. Для дзясяткаў ураджэнцаў Сутак і тых, хто пасяліўся тут пазней, няма наймілейшага куточка, і ў кожным з 22 дамоў на адзінай вуліцы са  стандартнай назваю Цэнтральная гасцінна сустракаюць родзічаў, гасцей… 

У прамым і пераносным сэнсе Віталій Мікалаевіч і Доня Вікенцьеўна БАРАДАЎКІ жывуць у самым цэнтры Сутак 

Доня Вікенцьеўна Барадаўка нарадзілася ў гэтай вёсцы ў 1941 годзе, на пэўны час пакінула яе, каб у 1976 годзе застацца тут назаўсёды. Вярнулася з мужам Віталіем Мікалаевічам, ваенным мараком, з якім ужо вось 56 гадоў разам. І ён даўно ўжо стаў для Сутак сваім, вяскоўцы абралі яго старастам. Чалавек аўтарытэтны, сур’ёзны, актыўны, ён на пенсіі не абмяжоўваўся толькі дамашнімі клопатамі. Працаваў ваенруком у школе, а Доня Вікенцьеўна поварам тут жа, затым — 15 гадоў даяркай.  

Іх дом у цэнтры вёскі, каля веснічак — самая доўгая і шырокая лаўка ў Сутках. Тут спыняецца аўтакрама, праходзяць вясковыя сходы, іншыя калектыўныя мерапрыемствы.  

— Калісьці і ў Сутках была свая школа, на месцы цяперашняй фермы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ляцеў над вёскай нямецкі самалёт, заўважыў партызан, што рухаліся з лесу. Развярнуўся лётчык, а праз некалькі хвілін з боку Пясочнага сюды накіраваліся некалькі бамбардзіроўшчыкаў. Сотні кілаграмаў смяротнага грузу ўпала на вёску. Жыхары сталі ўцякаць у лес, многія загінулі. Агнём была знішчана большая палова дамоў, у тым ліку і школа, магазін… — распавядаюць гаспадары. 

Але вёска адбудавалася. І хаця праз 75 пасляваенных гадоў колькасць насельніцтва (у 1926 годзе — 91 чалавек) не аднавілася, жыццё тут працягваецца. Населены пункт мае зручнае геаграфічнае становішча  (кіламетр ад шашы Узда — Капыль, столькі ж ад цэнтра саўгаса, былога сельскага Савета, школы, амбулаторыі, пошты, іншых устаноў), так што да неперспектыўных вёску ніяк не аднясеш. Вяскоўцы  з удзячнасцю пералічваюць усіх, хто не дае жыхарам Сутак адчуваць сябе забытымі. 

Часта наведваюць вёску старшыня Слабадскога сельскага Савета Таццяна Пракацень і спецыяліст сельвыканкама Наталля Чайкоўская. Пра здароўе вяскоўцаў пастаянна клапоцяцца галоўны ўрач Войкаўскай амбулаторыі Уладзімір Ялоўчык і яго падначаленыя. А паштальён мотадастаўкі Наталля Шуль паклапоціцца пра тое, каб своечасова дастаўляліся (і выпісваліся) газеты, іншая карэспандэнцыя, пенсіі, тавары першай неабходнасці. Не абмінае Суткі і аўтакрама. Акрамя грамадскага транспарту да райцэнтра заходзіць сюды маршрутны аўтобус “Слуцк – Мінск”. 

І ў час суботнікаў, і ў індывідуальным парадку абкошваюцца падворкі і тэрыторыя вакол іх, своечасова прыбіраецца смецце. Калі хтосьці з дачнікаў (пустуючыя дамы ахвотна набываюць і нашчадкі, і іншыя гараджане, якім даспадобы гэтыя мясціны) “забудзе” ці проста яшчэ не прызвычаіўся да мясцовых традыцый, яму тактоўна пра гэта нагадаюць. Увогуле, тут яшчэ жыве дух калектывізму, сумеснай адказнасці за агульныя справы. Гадоў колькі таму, напрыклад, усе разам рыхтаваліся і прыгожа правялі свята вёскі. Калі ў пачатку гэтай восені былой даярцы Ірыне Пармон зрабілі аперацыю на назе, суседзі і без просьбы гаспадыні сабраліся ды талакой выбралі бульбу на яе прысядзібным участку. 

Працавітыя, шчырыя людзі жывуць у Сутках. З павагай месцічы прыгадваюць сям’ю настаўнікаў Адама Сцяпанавіча Ляневіча і Яўгеніі Міхайлаўны Беразоўскай, якая, дарэчы, прыгожа апісвала родныя мясціны ў вершах і замалёўках. Шчыра, сумленна  працавалі пастух Мікалай Рамановіч і яго жонка Леаніда, даярка; слесар Яраслаў Козіч і яго жонка Фаіна, таксама даярка. Сярод цяперашніх жыхароў вёскі абавязкова назавуць работніцу дзіцячага садка Вольгу Іваніну. Іван і Людміла Кароль пакуль жывуць у райцэнтры, але даўно ўжо суткаўцы лічаць іх сваімі, бо кожныя выхадныя прыязджаюць яны сюды ў бацькоўскі дом, садзяць тут бульбу, даглядаюць агарод, а як выйдуць на пенсію, пераедуць у Суткі назаўсёды. Вось, абнавілі сцены, веранду прыбудавалі… 

Валерый Станіслававіч і Галіна Міхайлаўна ЛІПЕНІ знаходзяць час і для работы на падворку, і для догляду ўнука Паўліка 

З 1982 года жывуць у Сутках Валерый і Галіна Ліпені. Гаспадар родам з Гарадка. Скончыў вучылішча ў Першамайску, адслужыў у арміі, у Буда-Кашалёўскім тэхнікуме атрымаў прафесію механіка. Працаваў на гэтай пасадзе ў саўгасе, а пасля ненадоўга, на чатыры гады, перабраўся ў Мінск. Ды вярнуўся ў родныя мясціны з жонкай. Галіна Міхайлаўна працавала на пошце, потым — даяркай. 38 гадоў яны ўжо разам. Выгадавалі чацвярых дзяцей, маюць восем унукаў. Раней трымалі кароў, свіней, трусоў, розную птушку, і цяпер у хлеўчуку свінні ды куры маюцца. Неяк у свой час  набылі трактар. Гэта адзіная сёння ў вёсцы цяглавая сіла, таму працуе не толькі на падворку Ліпеняў. 

Дзевятнаццацігадовай дзяўчынай прыехала ў Суткі Таццяна Лаўрэнцьена ЛЯНЕВІЧ, а сёння яна ўжо старажыл вёскі 

Самым пажылым жыхаром Сутак лічыцца Таццяна Лаўрэнцьеўна Ляневіч. У 1954 годзе прывёз яе сюды будучы муж Анатолій Антонавіч ажно з Амурскай вобласці. Служыў там хлопец у арміі, упадабаў прыгажуню, распісаліся. У час водпуску прывёз 19-гадовую дзяўчыну ў вёску да маці, а сам адправіўся даслужваць, каб праз год вярнуцца, пабудаваць дом і жыць дружнай сям’ёй. 

— З удзячнасцю ўспамінаю свякроў Лідзію Вікенцьеўну, — расказвае Таццяна Лаўрэнцьеўна. — У вайну загінуў яе муж, у адзін год страціла дзвюх дачок, таму ўсю сваю любоў і пяшчоту яна аддавала мне, нявестцы, а затым і нашым дзецям. А яшчэ яна вучыла мяне, няўмелае дзяўчо, сялянскай працы: ірваць лён, зграбаць сена, палоць буракі, жаць, касіць, даіць карову. І мове беларускай вучыла. А з 1975 года, калі заўчасна памёр мой муж, яна стала для мяне другой маці. 

Чацвёра дзяцей вырасла ў сям’і Ляневічаў. Дачка жыве ў Мінску, а сыны Ігар, Леанід і Аляксандр — тут, у бліжэйшых вёсках, працуюць у саўгасе. Такімі ж працавітымі растуць і восем унукаў, радуюць бабулю першымі самастойнымі крокамі сем праўнукаў. А сама Таццяна Лаўрэнцьеўна сорак гадоў адпрацавала даяркай. І паказвала прыклад іншым — па 15—20 літраў малака ад каровы ў суткі надойвала. Колькі падзяк, грамат, каштоўных падарункаў атрымала — не злічыць. А яшчэ — флажкі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва,  два знакі “Ударнік камуністычнай працы”, медаль “Ветэран працы”, запрашэнні на раённыя і абласныя злёты перадавікоў, удзел у рабоце клуба даярак-пяцітысячніц. 

І на восемдзесят пятым годзе жыцця жанчына ўсё такая ж працавітая, энергічная. Суседзі ў час летняй спёкі з шасці гадзін раніцы бачылі яе ў двары — палола-палівала агародніну, даглядала кветкі, падтрымлівала парадак. Дзеці, унукі не дазваляюць займацца цяжкай фізічнай працай, ды не можа яна сядзець без справы. 

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно