Актуально

Пра фермы, дарогі і пенсіі. Прадстаўнікі раённай вертыкалі сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Возера

Тры намеснікі старшыні райвыканкама (адказныя за аграпрамысловы комплекс, будаўніцтва і сацыяльную сферу), кіраўнікі камунальнай, санітарнай службаў раёна, упраўлення капітальнага будаўніцтва і іншых раённых структур, старшыня Азерскага сельвыканкама падрыхтаваліся адказваць на самыя вострыя пытанні. І іх прагучала нямала.

Сімвалічна, што гэта сустрэча адбылася ў абноўленым да “Дажынак” сельскім Доме культуры. І хоць а васямнаццатай гадзіне вечара 26 студзеня з’явіліся сюды толькі каля пятнаццаці чалавек (нагадаем, зварот у аблвыканкам і Адміністрацыю Прэзідэнта, дзе выказваецца незадаволенасць рашэннем аб будаўніцтве паблізу існуючых у вёсцы ферм жывёлагадоўчага памяшкання на 800 галоў, падпісалі каля сямідзесяці чалавек), размова была ажыўленая. Асобныя актывісты агучылі каля дзясятка пытанняў, што іх хвалююць, некаторыя праблемы прадстаўнікам райвыканкама давялося каменціраваць па некалькі разоў.

Урэшце, здаецца, прыйшлі да ўзаемаразумення. Спыніць уключанае ў рэспубліканскую і абласную праграмы “Аграрны бізнес” на 2021—2025 гады будаўніцтва жывёлагадоўчага аб’екта наўрад ці атрымаецца, але іншыя, не менш важныя для жыцця жыхароў Возера пытанні ўзяты на заметку.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, а цяпер і выконваючы абавязкі кіраўніка мясцовай вертыкалі Юрый Дзядзюк спачатку заклікаў усіх да канструктыўнай размовы, а пасля адказаў на пастаўленыя пытанні, дакладна абазначыў пазіцыю адносна ўзнятых праблем.

Ферма каля вёскі — звычайная з’ява

Некалькі чалавек спрабавалі давесці да раённых улад такую пазіцыю: новы комплекс лепш будаваць не ў непасрэднай блізкасці ад буйнога населенага пункта, а крыху воддаль, месца ж хапае ў полі паміж Возерам і пасёлкам Каралёва. Там, маўляў, і ружа вятроў іншая, не будуць непрыемныя пахі распаўсюджвацца на забудаваныя вуліцы. Але тут лагічна задаць такое пытанне: а ці хацелі б тыя ж яшчэ зусім нядаўна сталічныя жыхары набываць участкі для будаўніцтва жылля ў чыстым полі і пасля дадаткова аплачваць затраты на падвядзенне электраэнергіі, водазабеспячэнне, абуладкаванне дарог, стварэнне іншай інфраструктуры?

Новы комплекс узводзіцца побач са старымі будынкамі, яшчэ 80-х гадоў, якія з часам знясуць, як і старое жывёлагадоўчае памяшканне, што сёння стаіць за некалькі метраў ад жылых дамоў пасярод вёскі Басманоўка. Гэтыя старыя памяшканні з экалагічнага, санітарнага пункту гледжання выглядаюць куды менш прывабна, чым тыя, што ўзводзяцца па навейшых сучасных тэхналогіях.

— А чаму цялятнік на 240 галоў, узведзены ў 2018 годзе побач з існуючай фермай у Возеры, не мае праекта, не вытрымліваецца санітарная зона?

— Агульны праект будаўніцтва ёсць, выкананы дзяржаўнай установай і атрымаў станоўчае заключэнне экспертызы. Быў і праект санітарна-ахоўнай зоны, але цяпер яго не могуць адшукаць. Уладальніку аб’екта, эксперыментальнай базе імя Катоўскага, санітарная служба неаднаразова выпісвала прадпісанні аб узнаўленні гэтага дакумента, праблему неабходна вырашыць да канца года. А іншыя санітарна-гігіенічныя нормы вытрымліваюцца —  цялятнік знаходзіцца на дазволенай адлегласці ад бліжэйшых жылых дамоў. Сёлета ж будзе вырашана пытанне аб дадатковых мерах —  узвядзенне суцэльнай агароджы з металапрофілю, высаджванне некалькіх радоў дрэў, кустоў.

Ды ўсё ж адпаведны пах часам чуцен. Вёска ёсць вёска. Тыя з гараджан, хто не жадае такога суседства з сельгасвытворчасцю, набываюць участкі ў садовых таварыствах ці шукаюць больш аддаленыя ад цывілізацыі населеныя пункты, хутары. А ў нашых умовах гаспадаркам рэкамендуецца, перамясціўшы   гной з фермы трактарам на заасфальтаваную пляцоўку, не трымаць яго там падоўгу, а пры магчымасці хутчэй вывозіць да буртоў у поле. Зразумела, недапушчальныя і выпадкі вывазу загінулай жывёлы на могільнік у каўшы экскаватара, на вачах у вяскоўцаў.

— Ад такога суседства з фермай у нас з’явіліся авадні даўжынёй чатыры сантыметры, — паведамляе хтосьці з прысутных.

На гэту рэпліку пачуў ціхі каментарый  пажылога чалавека, што сядзеў у зале, свайму суседу:

— Я ўсё жыццё пражыў тут, сярод жывёлы, гною — гэта ж вёска! А ім, бачыце, пах не падабаецца…

Дарогам — асобная ўвага

А вось скарга жыхароў Возера наконт абуладкавання дарогі, што звязвае раён індывідуальнай жылой забудовы з цэнтрам аграгарадка, цалкам абгрунтаваная. Некалькі кіламетраў месцічам даводзіцца штодзень пераадольваць раніцай і вечарам (а зараз дні кароткія) у цемры, і не па тратуары ці шырокай узбочыне, а па краі праезнай часткі, ухіляючыся ад аўтамабіляў, вадзіцелі якіх не заўсёды прытрымліваюцца дазволенай  хуткасці.

— Мы бачым тут праблему, — зазначыў Ю. Дзядзюк. — За месяц, нават часам за год падобнае пытанне цяжка вырашыць, але мы прыкладзём усе намаганні, каб ужо сёлета тут з’явіліся і тратуар, і асвятленне.

— А ці можна ўвогуле забараніць праезд па вуліцы Аэрадромнай машын з гноем, іншага грузавога транспарту, сельгастэхнікі? Тут жа дзеці гуляюць, куры выходзяць…

— Нельга. Гэта ж дарога рэспубліканскага значэння, агульнага карыстання. Рабіць аб’язны шлях вакол вёскі — дарагое задавальненне. Трэба разумець: хоць гэта і сельскі населены пункт, але і тут неабходна прытрымлівацца агульнапрынятых правілаў бяспекі дарожнага руху. Ды і не такі інтэнсіўны тут трафік, некалькі дзясяткаў аўтамабіляў за дзень пагрозы для жыцця не зробяць…

Жыццё ўносіць карэктывы

Некаторыя з жыхароў аграгарадка, цытуючы часткі  генеральнага плана развіцця населенага пункта на 2011—2021 гады, пыталі, чаму, напрыклад, не будуюцца прадугледжаныя гэтым дакументам дзіцячы сад, бальніца, гандлёвы цэнтр. Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Анжэла Жандармава патлумачыла, што ў цяперашніх умовах падыходы да расходавання дзяржаўных сродкаў на сацыяльныя патрэбы даволі сур’ёзныя. Фінансы выдаткоўваюцца на ўзвядзенне новых аб’ектаў толькі першай неабходнасці, без якіх ніяк не абысціся.

Сацыяльныя стандарты па забяспечанасці месцамі ў медыцынскіх установах раёна захоўваюцца, і для таго, каб адкрыць новую бальніцу ў Возеры, давялося б пакінуць без работы частку медперсаналу ў райцэнтры. Пакуль магутнасці існуючай амбулаторыі забяспечваюць патрэбнасці мясцовых жыхароў. Нягледзячы на істотны прырост насельніцтва аграгарадка за апошнія гады, чаргі на ўладкаванне дзетак у садок таксама няма, і ў бліжэйшыя тры-чатыры гады такой праблемы не будзе. А наконт дадатковага гандлёвага абслугоўвання пазіцыя такая: ёсць магчымасць праз аўкцыён выдзеліць участак пад магазін, павільён ці іншую гандлёвую кропку.

Ад прыватнага да філасофскага

Рознага роду пытанні задавалі ўдзельнікі сустрэчы. Узяты на кантроль раённымі службамі просьбы аб садзейнічанні ў хутчэйшым вырашэнні справы з электразабеспячэннем і асвятленнем часткі вуліцы Ціхай, дапамозе ў водаадвядзенні з падворкаў жыхароў Першамайскай і Лугавой. Прасілі людзі навесці парадак вакол лесапілкі, дзе шмат смецця, бітага шкла. А гэта ж побач з вадаёмам. Вялікай падрыхтоўчай работы і немалых фінансаў патрабуе і ачыстка возера, тут трэба дэталёва вывучыць магчымасці яго добраўпарадкавання.

— А чым адрозніваецца вясковы пенсіянер ад гарадскога? У мяне стаж каля сарака гадоў, але трактар для апрацоўкі ўчастка мне выпісваюць па куды большай цане, чым для былога калгасніка, — спытаў пенсіянер.

— У свой час калгаснікі працавалі ад цямна да цямна, без выхадных, з рэдкімі водпускамі, — патлумачыў Ю. Дзядзюк. — А вы — ад васьмі раніцы да  17 гадзін, пэўна ж, і нейкія льготы ад завода мелі. Дык ці варта цяпер ім зайздросціць? Да таго ж і пенсія цяпер у вас крыху большая, чым у даяркі або трактарыста.

На ўсе пастаўленыя пытанні дадзены адказы. Развітваючыся, першы намеснік старшыні райвыканкама адзначыў:

— Многае зроблена за апошні час у Возеры. Мы бачылі і бачым існуючыя тут праблемы, і частку з іх удалося вырашыць у ходзе падрыхтоўкі да “Дажынак”, невыпадкова ж абралі месцам іх правядзення гэты аграгарадок. Што не паспелі зрабіць — узялі на кантроль і пастараемся выканаць у бліжэйшы час.

Тэкст і фота: Віктар Сабалеўскі