Калейдоскоп

Выстаўка мастака Андрэя Лычкоўскага сабрала прыхільнікаў яго творчасці

Ціхая мелодыя саксафона расплываецца па прасторы, напаўняе кожны яе закуточак і душы людзей, што прыйшлі сюды за некалькі дзясяткаў хвілін да адкрыцця выстаўкі, каб пазнаёміцца з творчасцю мастака. Пакуль яшчэ нясмелае лютаўскае сонца прабіваецца праз шкло купала Палаца культуры, асвятляе сцяну, на якой вывешаны карціны. Такое ж сонечнае святло бачна і на карцінах. І амаль на кожным палатне-пейзажы – Нёман, снег, знаёмыя многім уздзенцам краявіды і агульная атмасфера замілавання родным краем.

Геаграфія прызнання

Яшчэ да пачатку выстаўкі яе арганізатары (супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса) паклапаціліся пра тое, каб як мага шырэй пазнаёміць наведвальнікаў з постаццю мастака. Жадаючыя перагортвалі  выкладзеныя на стале газеты і часопісы, якія расказвалі пра творчасць Андрэя Лычкоўскага. А гэта не толькі наша «Чырвоная зорка», але і газеты з суседніх раёнаў Мінскай вобласці (Нясвіж, Мядзел, Лагойск, Валожын…), з Ліды і Мастоў, Мазыра і Гомеля, таксама газета «Літаратура і мастацтва», глянцавыя часопісы. А ў спецыяльна выдадзеным да адкрыцця выстаўкі буклеціку паведамляецца, што работы Андрэя Міхайлавіча займаюць пачэснае месца ў 32 (!) музеях Беларусі. А гэта амаль кожны райцэнтр Мінскай вобласці, музей беларускага Палесся ў Пінску і дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, мастацкая галерэя ў Полацку і Тураўскі краязнаўчы музей, гістарычны музей Крычава і раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне…

Андрэй Лычкоўскі з’яўляецца не толькі ўдзельнікам, але і арганізатарам сумесных выставак мастакоў, пленэраў, якія праходзяць у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Гродна, Бяроза, Пружаны, Івацэвічы, Слонім і іншыя). І ўсюды, дзе бывае, пакідае на памяць свае работы.

Перад землякамі Андрэй Міхайлавіч прызнаўся:

– Я ніколі не прадаваў свае карціны, нават у самыя цяжкія ў эканамічным плане часіны. Сапраўдныя творы мастацтва павінны знаходзіцца не ў прыватных калекцыях, сямейных архівах, дзе іх змогуць пабачыць тры-пяць чалавек за год, а ў музейных экспазіцыях.

Але найбольш прыемна выстаўляць свае карціны перад землякамі. Яно і зразумела – пераважная большасць сюжэтаў для яго пейзажаў, нацюрмортаў узяты з нашых наднёманскіх мясцін. Бацька-Нёман паўстае перад намі ў вясновым разводдзі, летняй красе, восенькай стракатасці фарбаў, а асабліва шмат карцін намаляваны з зімовай натуры. Вось яна, прыгажосць нашага краю, выказаная не паэтычнымі словамі, а пэндзлем ва ўмелых руках майстра. Не выпадкова ж эпіграфам да выстаўкі абраны словы з верша народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча «Паклон табе, мой беларускі край!»

Шчырыя водгукі

Павіншаваць мастака з адкрыццём выстаўкі, падзівіцца яго майстэрствам прыйшлі і прыехалі дзясяткі людзей з Уздзеншчыны і з-за межаў раёна. Уручаючы віноўніку мерапрыемства каравай ад землякоў, дырэктар ЦРБ Аксана Драчан нагадала, што з творамі Андрэя Міхайлавіча за апошні час змаглі пазнаёміцца і выказаць аўтару словы падзякі наведвальнікі Кухціцкай і раённай бібліятэк. Яна выказала пажаданне, каб яго карціны пасля завяршэння выстаўкі размясціць у нашым Палацы культуры на пастаяннай аснове.

Шаноўнымі гасцямі мерапрыемства сталі мастакі з Мінска. Цёплыя словы прызнання выказаў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка:

– Мастак сцвердзіўся як выдатны творца на роднай зямлі. Жывучы сярод такой чыстай прыроды, ён навучыўся ў звычайным пейзажы заўважаць усё жывое, велічнае, аптымістычнае. Маючы ўласную адметную манеру пісьма, ён не застывае ў нейкім адным накірунку, а пастаянна ўдасканальваецца і заўсёды пазнаецца сярод калег па пэндзлі.

Дапоўніў свайго настаўніка яго малады калега, аспірант акадэміі мастацтваў, госць з Кітая Іжан Юйнін:

– Я бачу на кожнай карціне энергію, якая надае мне сілы!

Ухваліў майстэрства уздзенскага мастака яшчэ адзін творца са сталіцы, які таксама не ўпершыню наведвае Уздзеншчыну, Фёдар Ладуцька.

Па-зямляцку шчыра жадалі творцу новых поспехаў, дзякавалі яму за магчымасць любавацца высокім мастацтвам галоўны захавальнік фондаў гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Віяленцій, кіраўнік раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Салавей, першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Бярлінскі, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Лычкоўская. Умела запаўнялі паўзы паміж выступленнямі саксафаніст Сяргей Чарніковіч, юная спявачка Ева Сафронава, іншыя самадзейныя артысты.

Тэкст: Віктар САБАЛЕЎСКІ

Фота Сяргея Шарая