
Стаў пасынак прафесіяналам. Праз выпрабаванні прыйшоў да сваёй мары доктар Каралёў
Нарадзіўся Уладзімір 23 студзеня 1938 года, неўзабаве пасля таго, як былі ўтвораны Мінская і Віцебская вобласці. Уся яго далейшая біяграфія непарыўна звязана з родным краем, клопатамі пра здароўе землякоў.
Тры гады ў зямлянках
Жыла сям’я ў невялічкай вёсцы Чарнагосце Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Бацька Аляксей Канстанцінавіч прымаў удзел у фінскай кампаніі, вярнуўся дамоў і доўгі час насіў кароценькую стрыжку, таму хлопчык называў яго “мой лысенькі”. Назаўсёды ўрэзалася ў памяць, як праводзілі яго разам з маці, брацікам Сашкам і сястрычкай Зінай на фронт у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Плакалі ўсе. Плакалі суседзі, якія развітваліся з мужамі, бацькамі, братамі. Валодзя спачатку трымаў тату за руку, а калі настаў час развітвацца, моцна абхапіў рукамі і нагамі яго нагу і ніяк не хацеў адпускаць. З цяжкасцю іх разлучылі.
У час наступлення фашыстаў у ваколіцах вёскі нашы войскі аказвалі захопнікам актыўнае супраціўленне, асабліва жорсткія абарончыя баі ішлі на подступах да райцэнтра Сянно. Гітлераўцы падтрымлівалі атакі сваіх войск артылерыяй і з дапамогай авіяцыі. Пасля адной з бамбёжак вёска Чарнагосце амаль поўнасцю выгарала, загінулі многія мірныя жыхары. Ірына Макараўна, калі бамбёжка скончылася, адшукала аднаго сына і дачку, а там, дзе павінен быць Валодзя, зеўрала варонка. Палічыла жанчына, што загінуў малы, пабедавала ды накіравалася з дзецьмі і іншымі аднавяскоўцамі, чые хаты згарэлі, у лясную зону, кіламетраў за трыццаць. Там абсталявалі лагер у палатках, дзе і жылі да вызвалення Беларусі.
А Валодзю, знясіленага і ледзь жывога, праз двое сутак знайшлі ў жыце суседзі. Яны дакладна не ведалі, дзе ў гэты час знаходзіліся яго родзічы, ды і ці ўцалелі яны пасля шматлікіх бамбёжак, артабстрэлаў. Накармілі, абагрэлі, а калі з’явілася магчымасць, прывялі ў суседнюю, за пяць кіламетраў, вёску, дзе жыла яго цётка Наталля Макараўна Каралёва. Яе муж быў камуністам, займаў пэўныя кіруючыя пасады, з пачаткам вайны пакінуў вёску. У сям’і не было сваіх дзяцей, і жанчына глядзела за Валодзькам, як за родным сынам. Неўзабаве і ім давялося перабрацца ў лес, у зямлянкі, — у дом партыйнага работніка маглі наведацца паліцаі, і тады не мінуць ліха.
На працягу некалькіх месяцаў хварэў малы ветраной воспай, яго жыццё было пад пагрозай. Наталля Макараўна не спала начамі. І выхадзіла хлопчыка!
У 1944 годзе вярнулася на папялішча ў Чарнагосце маці з трыма дзецьмі (у студзені 1943 года нарадзілася сястра Марынка). Сустрэлася з сынам, якога тры гады не бачыла і не думала, што ён жывы. А цётка так прывыкла да Валодзькі, палюбіла яго, як роднага. Угаварыла маці не забіраць яго да сябе (“Табе і з гэтымі трыма нялёгка будзе, а мы з Аляксандрам Іванавічам дагледзім яго найлепшым чынам. А ты можаш бачыць яго, калі захочаш”).
Так Уладзімір назаўсёды застаўся ў прыёмнай сям’і, атрымаў прозвішча Каралёў.
Паклікала медыцына
Хлопец скончыў сямігодку, у суседняй вёсцы Сініцы атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Не раз быў сведкай, як медыцынскія работнікі дапамагалі ў цяжкую хвіліну суседзям, знаёмым, пераконваўся, што людзі ў белых халатах — сапраўдныя анёлы-выратавальнікі, якія вяртаюць да жыцця. А ў сельскай глыбінцы ад кваліфікаванай дапамогі медыкаў залежыць многае. Таму загадзя вызначыўся са сваёй будучай прафесіяй.
Але шлях да ажыццяўлення мары быў няпростым. Пасля заканчэння школы сабраў неабходныя дакументы і прывёз у Віцебскі медінстытут. А там сказалі: для вучобы ў вышэйшай навучальнай установе патрэбен пашпарт. Яго ж сельскім жыхарам на працягу многіх пасляваенных гадоў не выдавалі, спрабуючы такім чынам затрымаць моладзь у вёсцы. У прыёмнай камісіі параілі аднесці дакументы ў медвучылішча — там дастаткова і даведкі з сельвыканкама.
Так Уладзімір Каралёў і зрабіў. Вучыўся з ахвотай, спасцігаў тэарэтычныя веды, набываў практычныя навыкі ў медустановах горада. Праз два гады з дыпломам фельчара прыйшоў па размеркаванні ў калектыў Полацкай псіханеўралагічнай бальніцы. Тут яму і такім жа двум маладым спецыялістам з Пінскага медвучылішча давяралі назіранне за хворымі, выкананне нескладаных медыцынскіх працэдур.
А праз два месяцы прыйшла позва з райваенкамата. На чатыры гады трапляе юнак з Віцебшчыны на Балтыйскі флот, база якога размяшчалася ў горадзе Таліне. Начальнік медсанчасці падпалкоўнік Шавезон, даручыўшы Уладзіміру некалькі простых, а затым і больш складаных заданняў і пераканаўшыся, што малады медык паспяхова з імі справіўся, усяляк падахвочваў Каралёва да самастойных дзеянняў, аказання кваліфікаванай дапамогі. І ўжо праз два месяцы, нават яшчэ да прыняцця Ваеннай прысягі, матрос на зайздрасць астатнім навабранцам атрымлівае першае заахвочванне — звальненне на 10 сутак для паездкі дамоў. Пазней быў яшчэ адзін такі водпуск і адзін, на 30 сутак, прадугледжаны для ўсіх матросаў за чатыры гады службы (зразумела, калі не было парушэнняў дысцыпліны).
Служыў, аказваў меддапамогу людзям у цяльняшках і рыхтаваўся да паступлення ў Віцебскі медінстытут. Кіраўніцтва медсанчасці гэтаму ўсяляк садзейнічала, а перад звальненнем выдалі старшыне І стацці Каралёву выдатную характарыстыку. З ёю і звярнуўся Уладзімір праз тыдзень пасля вяртання на радзіму ў абласны аддзел аховы здароўя. “Хачу вучыцца далей, хачу працаваць!” — заявіў. Яго адразу ж прызначылі загадчыкам здраўпункта пры гарадскім Доме састарэлых. Крыху пазней, як стаў студэнтам медінстытута, магчымасці суткамі дзяжурыць ужо не было, і яго аформілі медбратам — дзяжурыў толькі ў начны час, праз двое сутак.
Інстытут Уладзімір закончыў у 1967 годзе. Працаваў там, куды накіроўвалі. Пачынаў у невялічкай бальніцы пры леспрамгасе, за 70 кіламетраў ад Віцебска. Да бліжэйшага стацыянарнага медпункта ў Суражы далёка, па бездаражы хіба на трактары можна было дабрацца, і моста цераз Дзвіну не было. У такой сітуацыі адзінаму ўрачу даводзілася самастойна прымаць рашэнні, складаныя аперацыі рабіць, роды прымаць — багатая практыка атрымалася. Пазней працаваў у Віцебскім гарздраўаддзеле, галоўным урачом участковай бальніцы, загадчыкам здраўпункта на заводзе, галоўным урачом паліклінікі пры швейнай фабрыцы. Тут і выйшаў на пенсію ў 1988 годзе.
Надзейная дынастыя
З жонкай Аленай Барысаўнай пазнаёміўся ў Бешанковічах. Студэнтка Кіеўскага ўніверсітэта прыехала сюды да бацькоў на выхадныя, а ён быў на практыцы ў бальніцы. Адразу заўважыў на танцпляцоўцы дзяўчыну ў белай сукенцы і белых пальчатках. Год перапісваліся, а ў маі 1966-га распісаліся. Пэўны час дзяўчына працавала ў навукова-даследчым інстытуце ў Севераданецку (Украіна), потым у канструктарска-тэхналагічным бюро на Віцебшчыне (распрацоўка новых відаў кандэнсатараў), выкладала ў інстытуце.
У 1968 годзе ў сям’і з’явілася двойня. Сын і дачка працягваюць бацькоўскую справу. Аляксандр працаваў у Уздзенскай райбальніцы, цяпер ён — урач-кардыяхірург у Мінскай абласной бальніцы, а ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні нашай медустановы — яго жонка Вольга Віктараўна. Дачка Наталля — акушэр-гінеколаг у Санкт-Пецярбургу. У Каралёвых-старэйшых чатыры ўнукі і праўнук. А ва Узду яны пераехалі пяць гадоў таму, бліжэй да сына з сям’ёй.
— Узда — цудоўны гарадок, — не нарадуецца Алена Барысаўна. — Ціхі, утульны, дагледжаны, адразу відаць, што ёсць тут сапраўдны гаспадар. А якія людзі прыветныя! Нават зусім незнаёмыя ў двары павітаюцца. Неяк паслізнулася — з двух бакоў бягуць дзеці падымаць. Качу веласіпед з пакупкамі — прапаноўваюць дапамогу. І ў любым магазіне параяць, падкажуць, з усмешкай сустрэнуць.
Яшчэ некалькі гадоў таму Уладзімір Аляксеевіч ездзіў са знаёмымі на рыбалку ці проста ў лес. Цяпер узрост і здароўе хіба летам дазваляюць выехаць за межы горада. Затое ёсць што ўспомніць і расказаць унукам.
Тэкст: Віктар Сабалеўскі
Фота Сяргея Шарая