Год исторической памяти

З палескім размахам. Дзень беларускага пісьменства з шумам і весялосцю адзначылі ў Добрушы

Галоўныя мерапрыемствы двухдзённай феерыі разгортваліся на вуліцы князя Ф. Пашкевіча (гэтае імя цэнтральнай вуліцы горада, ранейшай імя К. Маркса, было нададзена ў 2004 годзе). Цяжка нават пералічыць, а не тое што наведаць, кожную са сцэнічных, музычных, рамесніцкіх, гандлёвых, культурных, спартыўных пляцовак, якія прыцягвалі да сябе шматлікіх гасцей. А яны прыехалі сюды не толькі з розных куткоў Беларусі, а і з суседніх Расіі, Украіны, іншых краін.

Найбольш прыцягала да сябе галоўная сцэна на Цэнтральнай плошчы. Тут прайшлі ўрачыстыя адкрыццё і закрыццё свята, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі (у галоўных намінацыях, паэзіі і прозы, на гэты раз лепшымі прызнаны  вядомыя ў нашай краіне і за мяжой творцы Алесь Бадак і Мікалай Чаргінец), ушанаванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод журналістаў, якія пісалі на тэму жніва-2022, “Хвала рукам, што пахнуць хлебам (сярод фотакарэспандэнтаў рэгіянальных СМІ дыпломам пазначана праца нашага калегі Сяргея Шарая!),  пераможцаў конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2022 і Гомельскай абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага.

Мы, вядома ж, адразу накіраваліся да адкрытага ва ўрачыстай абстаноўцы помніка Івану Шамякіну. З раніцы да вечара каля постаці класіка беларускай ліатаратуры гучалі вершы, песні, арганізоўваліся фотасесіі, абменьваліся аўтографамі.

Члены дэлегацыі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі найбольш часу правялі каля палаткі “Слова пісьменніка”. Прыемна, што ў гэтую групу з дзесяці чалавек трапілі і два творцы з Уздзеншчыны – Галіна Нічыпаровіч з Магільна і аўтар гэтых радкоў. Амаль гадзіну доўжылася выступленне прысталічных літаратараў. Апладысментамі сустракалі слухачы і вершы, песні, аповеды Уладзіміра Цануніна і Віктара Кажуры з Вілейкі, Лёлі Багдановіч з Барысава, Паўла Жукава з Мядзела, Аркадзія Жураўлёва з Маладзечна, Ірыны Карнавухавай і Леаніда Крываноса з Мінска.

Радасць – на любы густ

Сярод шматлікай разнастайнасці прапаноўваемых нам спакус (вочы разбягаюцца, вушы раскрываюца!) мы, літаратары, зразумела ж, найперш хацелі пабачыць тыя, што звязаны з творчай дзейнасцю. І тут выбар быў багаты. Гэта і шматлікія творчыя праекты – прэзентацыі асобных кніг і выдавецтваў, і сустрэчы з калегамі з іншых рэгіёнаў, і акцыя “Кніга ў дар – добрае слова ад шчырага сэрца”, і праект “Гісторыя друку Гомельшчыны”, і выстаўка рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі “Газетны бульвар”, і літаратурна-мастацкая кампазіцыя “З любоўю ў сэрцы да Беларусі”, і канцэрт фіналістаў конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.

На сотні метраў разгарнулася выстаўка “Горад майстроў”. Тут можна было не толькі набыць унікальныя рэчы са скарбонкі ўмельцаў з розных куткоў палескага краю, але і паназіраць за работай разьбяроў па дрэву і вышывальніц, лозапляценні і вырабе цацак. Аматары падарожжаў спыняліся каля выстаўкі-прэзентацыі паслуг “Гомельшчына турыстычная”. Музыкі наведалі абласное свята духавых аркестраў “Фанфары Гомельшчыны”. Працавалі таксама інтэрактыўная экспазіцыя музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Памяць пакаленняў”, пляцоўкі “Моладзь ФЭСТ”, “У краіне беларускіх казак”, “Дзіцячыя прыгоды ў Добрушы”, бібліятэчны праект літаратурных падворкаў. А ўжо пра гандлёвыя рады і казаць не варта – калі б хаця па адной рэчы набыць у кожнай з палатак, ларкоў, вынасных столікаў, пэўна, і гадавога заробку не хапіла б!

Радавалі сваёй песеннай творчасцю Эдуард Ханок і Анатолій Ярмоленка, шматлікія іншыя вядомыя на ўсю краіну і ў пэўных рэгіёнах салісты і музычныя калектывы, прафесійныя і самадзейныя выканаўцы.

Такім (шматгранным, багатым на адкрыцці і знаёмствы, эмоцыі і прыемныя ўспаміны) і запомніцца дваццаць дзевятае свята беларускага пісьменства.

Тэкст і фота: Віктар Сабалеўскі