Меню

Шлях ад пісьманосцы да пісьменніка. Жыццёвыя і творчыя здабыткі Васілія Гурскага

Роднаму краю прысвячэнне

У студзені будучага  года споўніцца 85 гадоў з дня ўтварэння Мінскай вобласці. Журналісты “Чырвонай зоркі” распачынаюць новы творчы праект, які мы назвалі так: “Лёс Уздзеншчыны ў летапісе Міншчыны”.

На працягу гэтага і наступнага гадоў пад такой рубрыкай будуць змяшчацца матэрыялы супрацоўнікаў газеты, чытачоў, пазаштатных аўтараў “ЧЗ”, якія раскажуць аб найважнейшых падзеях, фактах, асобах, што пакінулі значны след у гісторыі роднага краю, папоўнілі скарбонку цэнтральнага рэгіёна цікавымі звесткамі, з якімі і сёння карысна пазнаёміцца. Калі ласка, падказвайце падзеі, канкрэтныя адрасы, а калі маеце творчыя здольнасці — дасылайце гатовыя матэрыялы.

Адкрывае рубрыку артыкул пра нашага вядомага земляка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, пісьменніка Васіля Рыгоравіча Гурскага, якому на мінулым тыдні, 11 лістапада, споўнілася б сто гадоў.

Дзве найбольш адметныя падзеі ў жыцці гэтага чалавека амаль супалі са знакавымі для  ўсёй краіны датамі. Васілій Рыгоравіч з’явіўся на свет праз пяць гадоў і чатыры дні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, а памёр назаўтра пасля святкавання чарговай гадавіны Вялікай Перамогі. Сваёй шматгадовай плённай працай, у школьным класе і за пісьменніцкім сталом, ён ні на крок не адступіўся  ад сваіх ідэалаў, добрасумленна і шчыра адстойваў дасягненні сацыялізму, выхоўваў моладзь на прыкладах патрыятызму, адданасці Радзіме. Нярэдка — і на ўласным прыкладзе.

 “Трэба варушыцца…”

Ужо ў сталым узросце, калі было пісьменніку за восемдзесят гадоў, ён з’яўляўся на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Нёманец” са знаёмым паношаным карычневым заплечнікам (калегі-ветэраны Мікола Кароль і Павел Махнач з гэтай нагоды жартавалі — ці не з партызанскіх часоў носіць яго), адкуль даставаў сваю чарговую кніжку, з гонарам паведамляў:

— Гэта ўжо дзясятая (пятнаццатая, дваццатая…). А яшчэ дзве чакаюць сваёй чаргі ў выдавецтвах. Адну дару “Нёманцу”, астатнія, хто хоча, набывайце. У мяне яшчэ задумкі ёсць, а яны каштуюць немалых грошай.

Расказваў, у якія раённыя і рэспубліканскія газеты ён звяртаўся  з просьбай размясціць свае ўспаміны пра баявы шлях партызан Міншчыны, якім выдавецтвам прапаноўваў свае паслугі, якія школы, бібліятэкі нашага і суседніх раёнаў аб’ехаў са сваім рукзачком, прапаноўваючы набыць выдадзенае. Школьнікі, маладзейшыя літаратары-пачаткоўцы  са здзіўленнем, а часам і з добрай зайздрасцю пазіралі на рухавага дзядулю — адкуль у яго стае сіл і жадання збіраць матэрыялы для новай кнігі, друкаваць, прапагандаваць напісанае.

Васілій Рыгоравіч, усміхнуўшыся, тлумачыў:

— Трэба варушыцца. Стукайцеся ў адны дзверы, другія — дзесьці і адчыняць. А калі сядзець на месцы і толькі чакаць, што хтосьці іншы парупіцца, доўга можна прачакаць. Нават масцітыя паэты, пісьменнікі сёння вымушаны абіваць парогі — многа нас, творцаў, жадае друкавацца…

Няпросты шлях да творчасці

Пераважная большасць кніг пісьменніка (а ўсяго пабачылі свет дваццаць дзевяць выданняў) носяць аўтабіяграфічны характар. У іх расказваецца пра баявы шлях народных мсціўцаў у гады ліхалецця. Не выдуманы гераізм і трыумфальныя перамогі асобных партызан ці атрадаў, не самалюбаванне (“І я там быў”), а суровая праўда пра няпростыя будні і адказныя аперацыі, псіхалагічныя разважанні падчас крытычных сітуацый і з нагоды страты баявых сяброў. А ўласнае прозвішча згадвае толькі ў некалькіх эпізодах.

Да такой сціпласці прывучыла жыццё. Нарадзіўся ён 11 лістапада 1922 года ў сялянскай сям’і ў прынёманскай вёсцы Замосце. За некалькі кіламетраў бегаў праз лес, дзе можна было сустрэцца з сямейкай дзікоў ці воўкам, у Прусінаўскую пачатковую школу, а затым — у Магільнянскую сямігодку. Скончыў вучобу ў 1937 годзе. У пятнаццацігадовым узросце хлопцу прапанавалі адказную працу — разносіць аднавяскоўцам, у суседнія населеныя пункты пісьмы, газеты. Спачатку іх было не так многа, як праз 10-20 гадоў, але ганарыўся юнак, што прыносіць людзям доўгачаканыя звесткі, навіны. Затым была трохгадовая вучоба ў Мінскім педагагічным вучылішчы (пазней, у 1958 годзе, завочна скончыў сталічны педінстытут імя М. Горкага).

Але пачалася вайна. Васіль Гурскі становіцца партызанам атрада імя Чапаева аднайменнай брыгады. Нямала дзёрзкіх аперацый здзейснена народнымі мсціўцамі ў прынёманскіх лясах. Васіль не раз дэманстраваў перад таварышамі, камандзірамі ўзоры мужнасці, праяўляў кемлівасць, імкненне хутчэй прагнаць ворага з роднай зямлі. Не выпадкова ж неўзабаве баявыя сябры аказалі яму гонар стаць памочнікам камісара партызанскага атрада імя Дунаева той жа чапаеўскай брыгады. Пра гераічнае змаганне таварышаў па зброі Васілій Рыгоравіч падрабязна раскажа землякам пазней, праз некалькі дзесяцігоддзяў. А яго ўласныя тры гады баявых дзеянняў (пасля партызаншчыны ў лістападзе 1944 года трапіў на фронт, 4-ы Украінскі, прымаў удзел у баях на тэрыторыі Венгрыі) адзначаны двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, дзесяццю медалямі.

Адразу ж пасля вызвалення Беларусі былы партызан працуе загадчыкам Міколкаўскай пачатковай школы, пасля год узначальваў падобную навучальную ўстанову ў Ракашычах, пяць гадоў — у Прусінаве, два — у Ніве, а з 1953 года і да выхаду ў 1982-м на заслужаны адпачынак  настаўнічаў у Стальбоўскай школе. Часта прымаў удзел у  сустрэчах са школьнікамі, расказваў пра неспакойнае мінулае, выступаў на ўрачыстых мітынгах з нагоды  вызвалення Беларусі ад фашыстаў і Вялікай Перамогі. Размаўляў з былымі партызанамі і франтавікамі. Усё гэта падштурхнула  Васілія Рыгоравіча распавесці пра перажытае друкаваным словам.

Напісанае застанецца

Але першая кніжка настаўніка была не пра вайну. Чалавек цікаўны, назіральны, Васіль з малых гадоў любіў бавіць  вольны час на прыродзе. Ды і па дарозе да школы, спачатку ў якасці вучня, а затым і педагога, не раз даводзілася быць сведкам цікавых гісторый з удзелам звяроў, птушак. Скажам, як казулі выйшлі папасвіцца на руні непасрэдна да люднай дарогі, як дзікі галоднай зімой узрываюць былое бульбянішча вяскоўцаў, як шчупак наладжвае паляванне на драбязу. Іншы і не запрыкмеціў бы, прайшоў міма. А ён усё гэта заўважаў, аналізаваў, запамінаў. І пазней з’яўляліся цікавыя жывыя замалёўкі аб прадстаўніках нашай фаўны і флоры.

З 1953 года такія допісы В. Гурскага сталі з’яўляцца ў раённай газеце, дзіцячых выданнях. У 1974 годзе (якая радасць!) выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдае кніжку яго апавяданняў “Жывы падарунак”. Усяго 46 старонак, у сціплай вокладцы, але і сярод сяброў па школьнай справе, і ў літаратурным асяроддзі гэта выданне выклікала цікавасць. І — падштурхнула да далейшай творчай працы.

Цяпер Васілій Рыгоравіч грунтоўна ўзяўся за партызанскія ўспаміны. Тэма вайны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў была надзвычай папулярнай. Жыла памяць, павага да святой справы. На творах В. Быкава, І. Навуменкі, А. Куляшова, П. Броўкі, іншых паэтаў, пісьменнікаў маладое пакаленне атрымлівала ўрокі патрыятызму, любові да Радзімы.

У 1981 годзе ў Мінску выдаецца кніга В. Гурскага “Ля вытокаў Нёмана”. Пазней Вялікай Айчыннай вайне пісьменнік (а членам творчага саюза Васілій Рыгоравіч стаў у 1997 годзе, дзякуючы найперш намаганням Алеся Махнача) прысвячае кнігі аповесцей, апавяданняў: “Партызанскія бліскавіцы”, “Хачу жыць”, “На капыльскіх пагорках”, “Вогненныя віхуры”, “Беларусачка”, “Незабыўныя сцежкі”,  “Агнявыя дарогі да перамогі”, “Няскораны генерал”, “Полымя гневу”, “Ухабістыя дарогі”, іншыя. Апавяданні, нарысы Гурскага ахвотна друкуюць часопісы “Полымя” і  “Нёман”, “Белая вежа”  і “Вясёлка”, газеты “Мінская праўда” і “Чырвоная зорка”, яны ўключаюцца ў зборнікі твораў для пазакласнага чытання школьнікаў. Пра творчасць, жыццёвы шлях пісьменніка  пішуць “Літаратура і мастацтва”, “Памяць. Уздзенскі раён”, “Рэспубліка”, У. Кісялёў у кнізе “Нёманскімі пуцявінамі”, згадваецца ў энцыклапедыі “Літаратура. Мінская вобласць”.

Працягвае пісаць і пра прыроду, для дзяцей. У школах і дашкольных установах Міншчыны ахвотна чытаюць яго кнігі “Верныя сябры”, “Малыя хітруны”, “Пушыстая госця”, “Разумная казуля”, “Сірочая доля”, іншыя. А за кніжку “Кучараўчык” у 2007 годзе В. Гурскі атрымаў званне лаўрэата першай прэміі Мінскага аблвыканкама ў галіне літаратуры. Нашаму земляку прысвоена ганаровае званне “Заслужаны член Саюза пісьменнікаў Беларусі”.

Дастойны ўнёсак у летапіс Мінскай вобласці!

Тэкст: Віктар Сабалеўскі

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59