
У прадчуванні свята. Чым жывуць жыхары вуліцы Перамогі ў райцэнтры
Напярэдадні 9 Мая карэспандэнт «Чырвонай зоркі» пацікавіўся, якія думкі і планы ў жыхароў вуліцы Перамогі ў райцэнтры
Яшчэ гадоў трыццаць таму шыльдачкі з зорачкамі і надпісам «Тут жыве ветэран (удзельнік) Вялікай Айчыннай вайны» вісела ці не на кожным другім доме гэтай вуліцы.
Чысціня і парадак – справа кожнага

Яно і не дзіўна: у пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя на гэтай ускраіне райцэнтра ўчасткі для будаўніцтва дамоў выдзяляліся ў першую чаргу тым, хто ваяваў з фашыстамі на фронце або змагаўся з ворагам ў партызанскім атрадзе, быў удзельнікам падполля. І праз дзесяцігоддзі жыхары і госці горада з задавальненнем праязджаюць ці праходзяць па гэтай адной з самых прыгожых і дагледжаных вуліц.
А клапоцяцца пра чысціню і парадак на вуліцы Перамогі не толькі работнікі гарадской камунальнай службы, але ў першую чаргу нашчадкі тых, хто больш як 80 гадоў таму перамог фашызм. І нават тыя, чые блізкія родзічы не прымалі непасрэднага ўдзелу ў Вялікай Айчынной, хто набыў тут дом для пастаяннага пражывання ці ў якасці дачы праз дзесяцігоддзі пасля яе заканчэння, гледзячы на суседзяў, рэгулярна выходзяць на вуліцу, каб прыбраць прынесенае ветрам смецце ці кінуты з акна транзітнай машыны акурак. Вясной, летам – пасадзіць, прапалоць, дагледзець высаджаныя на прысядзібным ўчастку ці перад домам кветкі, дэкаратыўныя кусты.
За такім заняткам (з вядром і венікам у руках) і сустрэў я на вуліцы Жанну Быкаву.
– Я з 1956 года жыву тут, – расказвае Жанна Міхайлаўна. – І раней, калі яшчэ працавала ў аддзяленні Белаграпрамбанка, і пасля выхаду на заслужаны адпачынак пастаянна прыбірала падворак. Кожны гэтым займаўся, наводзіў чысціню. А перад такім святам – тым больш. Мой дзядуля Андрэй Агейчык быў удзельнікам вайны. Па нашай вуліцы ў дні свята да помніка вызваліцелям у парк Перамогі ідуць дзясяткі людзей. Сорамна будзе, калі хтосьці пакажа пальцам на непрыбранае. А кветкі і дзядуля заўсёды любіў, і маме маёй, з якой цяпер жыву, падабаюцца. Якое ж свята 9 Мая без цюльпанаў?
У бацькоўскім доме

Аднымі з першых навасёлаў вуліцы сталі ў 1953 годзе ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Маісеевіч Бардовіч і яго жонка Іва Сяргееўна. Побач абуладкавалася сям’я настаўніцы Стэфаніды Сямёнаўны Пужэвіч. Мікалая Маісеевіча запрасілі ў райцэнтр з Возера на пасаду дырэктара дзіцячага дома. Тут прайшло дзяцінства яго сына Юрыя, які цяпер жыве ў бацькоўскім доме з жонкай Валянцінай Іванаўнай.
– Жылі адной дружнай сям’ёй, – прыгадвае Юрый Мікалаевіч. – Дапамагалі адно аднаму ў будаўнічых работах. У каго вяселле ці юбілей – суседзі заходзілі без запрашэнняў, заколе хто кабанчыка – дзяліліся. На месцы былых яўрэйскіх могілак, што ў пачатку вуліцы, разбілі парк, усе хадзілі паліваць дрэўцы.
– Такое добрасуседства, пачуццё ўзаемадапамогі, клопат не толькі пра сябе, але і пра агульны парадак захаваліся да сённяшніх дзён, – падключаецца да размовы Валянціна Іванаўна. – Вуліца заўсёды дагледжаная. Некаторыя нават на асфальце пасля зімы пясок ад саляной падсыпкі перад сваім домам вымятаюць, рэгулярна смецце прыбіраюць. Вось і мы загадзя, за тыдзень з лішкам да майскіх свят, усё падчысцілі, навялі прыгажосць на клумбах, газоне, у агародчыку. Раней перад 9 Мая абавязкова і флаг на доме вывешвалі…
Вайна закранула людскія лёсы
Валянціна Міхайлаўна Карабейка, якая да пенсіі працавала медсястрой у працэдурным кабінеце, расклала на століку баявыя ўзнагароды свайго свёкра Іосіфа Андрэевіча. Тут ёсць медалі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Расказала пра пасляваенны шлях франтавіка, яго працу на спіртзаводзе, вадзіцелем хуткай дапамогі.
Іван Ермалаевіч Любчанка – былы малалетні вязень. Гэта адзін з нямногіх жывых відавочцаў падзей пачатку вайны, якому давялося пакутаваць пры гітлераўскім «новым парадку». І хоць было яму тады усяго некалькі гадоў, дзіцячая памяць захавала пэўныя ўспаміны. Сёння, у свае 84 гады, ён расказвае пра сваё знаходжанне ў канцлагеры школьнікам. І падкрэслівае, што трэба зрабіць ўсё, каб падобнае ніколі не паўтарылася на беларускай зямлі.
З акна свайго дома №19 пазірае на перадсвяточную вуліцу ветэран працы, паважаны ў нашым горадзе чалавек – былы ўрач-педыятр Ада Максімаўна Нікіценка (кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ганаровы грамадзянін Уздзенскага раёна). Яшчэ зусім нядаўна яна разам з суседзямі наводзіла парадак перад сваім домам, а цяпер вымушана з дапамогай хадункоў перамяшчацца па пакоях.
Дастаўшы з шафы адзін з фотаальбомаў, жанчына расказвае пра сваіх родзічаў. Вось яна, трохгадовая, разам з маладымі бацькамі. Нарадзілася дзяўчынка ў 1936 годзе ў Хатлянах у настаўніцкай сям’і. Бацька Максім Абрамавіч быў дырэктарам школы, маці, Леаніда Антонаўна, – завучам. Вялікую Айчынную бацька сустрэў у дзеючай арміі. Змагаўся з фашыстамі пад Наварасійскам. З болем успамінаў пасля заканчэння вайны, як загінулі ў час баёў каля Керчынскага праліва пяцёра былых настаўнікаў Хатлянскай школы, з якімі разам прызываўся (ой як цяжка было яму паведамляць пра гэта іх родзічам!). А маці заставалася на акупаванай тэрыторыі. Была сувязной партызанскага атрада. Па даручэнні партызан хадзіла ў фашысцкі гарнізон у Валяр’яны, каб сабраць неабходныя звесткі. Калі над сям’ёй навісла пагроза трапіць у варожыя засценкі, давялося ноччу перабірацца ў Слабаду, дзе пэўны час і жыла маленькая Ада з братам, мамай, бабуляй і дзядулем.
Сімвалічна, што праз некалькі гадоў пасля заканчэння вайны гэтая сям’я пасялілася на вуліцы Перамогі.
У свой час, акрамя названых вышэй, жылі на вуліцы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Антон Ільіч Саладуха, Фэля Вікенцьеўна Багумінская, Леанід Сямёнавіч і Рэня Андрэеўна Айбіндзеры, Іван Ігнатавіч Мяцельскі, Іван Сцяпанавіч Новік, Іосіф Іосіфавіч Чыгір, Уладзімір Мікітавіч Казакевіч, Васілій Васільевіч Русак, іншыя. Кагосьці з іх не стала гадоў дзесяць таму, кагосьці – раней. У некаторых дамах былых франтавікоў і партызан цяпер жывуць новыя гаспадары. Зразумела, што шыльдачак «Тут жыве ветэран…» хутка не застанецца. Праходзячы па вуліцы (і не толькі ў дні святаў), аддадзім даніну павагі нашым слаўным землякам. На вуліцы Перамогі памяць павінна жыць заўсёды!
Тэкст: Віктар Сабалеўскі
Фота аўтара і Сяргея Шарая