Святы і будні «Чырвонага Кастрычніка». З гісторыі калгаса, якога цяпер не існуе
Быў час, у пачатку калектывізацыі, калі калгасы арганізоўваліся і існавалі амаль у кожнай вёсцы ці адзін на два-тры населеныя пункты. Такой калектыўнай гаспадаркай і кіраваць было прасцей, і працу кантраляваць.
У «Чырвоны Кастрычнік» уваходзілі сем вёсак: буйнейшыя Прысынак і Нізок і невялічкія Зорка, Камсамолец, Паледзі, Чырвоны Кут і пасёлак Новы. Умелі людзі і працаваць, і святкаваць. Пра гэта напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі прыгадваюць былы галоўны эканаміст калгаса Ганна Кучук, былая настаўніца Марыя Трус і цяперашні дырэктар Прысынкаўскага клуба Сяргей Шыбко.

На рэвалюцыйнай хвалі
Першыя калектыўныя гаспадаркі ў Прысынку і яго ваколіцах узніклі ў канцы дваццатых гадоў. Усе ўтвораныя сельгасарцелі, калгасы, установы, прадпрыемствы, населеныя пункты атрымлівалі рэвалюцыйныя назвы. Многім прысвоілі імя Леніна, іншых дзеячаў партыі і ўрада. Моднымі былі «чырвоныя» назвы. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны з 87 існуючых на Уздзеншчыне калгасаў такіх было 12: «Чырвоны ўсход», барацьбіт, бераг, гай, ясень, лес, «Чырванамайск», два «Чырвоныя сцягі» і тры «Чырвоныя Кастрычнікі» (акрамя прысынкаўскага, такія гаспадаркі меліся на тэрыторыі пазнейшых калгасаў імя Ульянава і імя Ільіча).
Пасля вайны дробныя арцелі сталі аб’ядноўваць. У 1947 годзе ў раёне засталіся 54 калгасы, у 1969-м – 18, у 2002-м было 13 калгасаў, 4 саўгасы, 2 эксперыментальныя базы і саўгас-камбінат «Белая Русь». Прысынкаўскі «Чырвоны Кастрычнік» у ходзе гэтых пературбацый сваёй назвы не мяняў, а перастала гаспадарка існаваць як самастойная адзінка 29 ліпеня 2004 года.
Было чым і кім ганарыцца
Найбольшы росквіт калгаса, прыгадваюць мае субяседнікі, прыпаў на васьмідзясятыя гады, калі кіраваў гаспадаркай Іван Віктаравіч Жукаў (у 1979-1996 гадах узначальваў ён «Чырвоны Кастрычнік»). Ганна Кучук стала тут галоўным эканамістам у 1980-м, побач гэтак жа рупліва працавалі іншыя галоўныя спецыялісты: аграном Уладзімір Сташэўскі, заатэхнік Ніна Шыбко, інжынер Іван Шырко, бухгалтар Браніслава Прыбытка (пазней яе замяніла Валянціна Трус), прарабы Аляксей Салангін і Уладзімір Кужэлка.

Па многіх паказчыках калгас займаў далёка не апошнія пазіцыі ў раёне. Калектыў свінафермы ў Нізку (а ўтрымлівалася тут каля дзвюх тысяч галоў жывёлы) пад кіраўніцтвам Валянціны Шырко ўзнагародзілі пераходным Чырвоным Сцягам за высокія паказчыкі ў рэспубліканскім спаборніцтве. Даяркі Галіна Лісаковіч, Ніна Лятун, Вольга Клімовіч ужо ў тыя гады атрымлівалі па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы (усяго ў калгасе мелася 650 галоў дойнага статка), а жывёлаводы Станіслава Шыдлоўская і Алена Клімовіч давялі сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на адкормачніку да 700-800 грамаў.
Стараліся і хлебаробы. З гектара атрымлівалі па 36 цэнтнераў збожжавых, 700 – кармавых караняплодаў, 220 – бульбы (а яе садзілі больш як на 200-гектарнай плошчы). Ордэны і медалі за старанную працу атрымалі механізатары Аляксандр Лучанок, Мікалай Трус, Іван Герман, Аляксандр Пліско, Віктар Махнач, на добрым рахунку былі і Павел Кучук, Уладзімір Шавель, Генадзій Чарнавус, Аляксандр Пятроўскі, іншыя.
Усяго ж у «Чырвоным Кастрычніку» у 80-я гады працавалі звыш 330 чалавек. У распараджэнні калгаса былі 412 трактароў, 25 аўтамабіляў, 9 збожжаўборачных камбайнаў.
Сацкультбыт – на ўзроўні
Многае пабудавана сіламі мясцовай будаўнічай брыгады. Акрамя новых вытворчых памяшканняў (кароўнікі, цялятнікі, бульбасарціровачны пункт, складскія памяшканні, будынак канторы), узводзіліся многія аб’екты сацкультбыту. З’явіліся новыя будынкі дзіцячага садка, комплексна-прыемнага пункта, клуба ў Нізку (а ў Прысынку зрабілі істотную рэканструкцыю існуючага). Аматары спорту ахвотна наведвалі новы стадыён з бегавымі дарожкамі. Набыла гаспадарка шэсць спартыўных коней, хацелі па прыкладу Дзешчанкі адкрыць сваю спартыўную школу, ды не паспелі рэалізаваць задуманае.
Гордасцю калгаса доўгі час лічыўся пабудаваны ў цэнтры гаспадаркі лазнева-пральны камбінат, куды мужчыны хадзілі дзеля лёгкай пары, а жанчыны насілі адзенне – усяго за два рублі можна было памыць, папрасаваць 10 кілаграмаў бялізны, іншых рэчаў.

Пры Жукаве выраслі новыя вуліцы Маладзёжная і Спецыялістаў з новых сядзібных і двух двухпавярховых дамоў. Пабудавалі шыкоўны кемпінг-інтэрнат. З’явіўся ў 1986 годзе на вясковых вуліцах асфальт, населеныя пункты газіфікавалі.
У клубе развівалася мастацкая самадзейнасць. Гордасцю ўсяго раёна лічыўся мясцовы хор пад кіраўніцтвам Паўла Шыдлоўскага. Некалькі дзясяткаў чалавек (сярод іх – даяркі Зіна Цвірбут, Галіна Лісаковіч, Ала Шыдлоўская, Ніна Лятун, бухгалтар Тамара Карачун, брыгадзір Святлана Сасноўская, спецыяліст па кармах Таіса Лазарэвіч, касір Зоя Шырко, настаўніца Марыя Трус і іншыя) ахвотна хадзілі на рэпетыцыі, выступалі перад аднавяскоўцамі, на іншых сцэнах раёна.
Аб’ядноўвалі і святы
Дружнейшыя і больш актыўныя, чым у апошні час, былі ў тыя гады людзі. На кожнае дзяржаўнае свята (1 і 9 Мая, 8 Сакавіка, 7 лістапада, перад Новым годам) у клубе не хапала месца для ўсіх жадаючых паслухаць мясцовых і прыезджых артыстаў, выступленне кіраўніцтва калгаса ці каго з раёна. Нават звычайны літмантаж школьнікаў каля помнікаў збіраў дзясяткі вяскоўцаў.
А як прыгожа адзначалі свае, мясцовыя святы! На зажынкі, дажынкі збіраліся не толькі механізатары, вадзіцелі, культработнікі ды той-сёй з кіраўніцтва, а лічы паўсяла. Закончыцца веснавая сяўба – старшыня калгаса дае дзень для адпачынку. Ладзяцца гульні, забавы, спартыўныя мерапрыемствы, музыка гучыць з раніцы да вечара. Жадаючыя паказваюць спрыт у перацягванні каната, хтосьці на слуп за пеўнем карабкаецца, за футбольнымі баталіямі дзясяткі людзей назіраюць. За набыты за рубель латарэйны білет можна выйграць соску ці скрэпку, а можна і мяшок зерня, парася, барана ці нават цяля! А завяршалася свята на лясной паляне. Кожны з дому штосьці прынясе, па прафсаюзнай лініі штосьці набываецца, пасярод імправізаванага стала вялізны каравай. Даюць слова («За новыя працоўныя дасягненні!») і старшыні, і камбайнеру, і прыбіральшчыцы. А назаўтра – усе на працу.
Запаміналіся і святы вёсак. Амаль каля кожнага падворка выстаўляліся сталы, і на платах размяшчаліся вышытыя саматканкі, вырабы мясцовых жыхаро, партрэты памерлых бацькоў, гаспадыні імкнуліся здзівіць суседзяў цікавымі стравамі, дзяліліся рэцэптамі іх прыгатавання…
«Няма таго, што раньш было…»
А потым прыйшлі сумныя часы. У пачатку 90-х гадоў не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў іншых сферах эканомікі пачаўся спад, рушыліся раней напрацаваныя схемы паставак і збыту прадукцыі. Вярхоўныя ўлады больш клапаціліся пра захаванне гэтай улады, а працаўнікі на месцах нярэдка апыноўваліся сам-насам са сваімі праблемамі.
Летам 1992 года была мацнейшая засуха, амаль нічога з пасеенага не вырасла.
— Балюча было глядзець на палі, — прыгадвае Ганна Кучук. – Ячменю з-за быльнягу амаль не бачна, культурная расліна – праз паўметра, буракоў на працягу некалькіх метраў няма. Не было сродкаў, каб набыць хімічныя прэпараты для аховы раслін, вось пад сонцам і загінулі пасевы. Збожжавых у той год сабралі ўсяго 7 цэнтнераў з гектара, караняплодаў – 50, бульбы – 25… А зімой пачаўся масавы падзёж жывёлы…
Сталі звыклымі затрымкі з выплатай зарплаты. Было так, што заробак за снежань выдавалі толькі ў ліпені.
У 2003 годзе на месцы калгасаў ствараліся СВК (сельскагаспадарчыя вытворчыя каператывы). Прысынкаўцы прыйшлі ў райвыканкам рэгістраваць новую гаспадарку пад новым імем (усе адмаўляліся ад рэвалюцыйных назваў) – «Чырвоны Кут». Так называлася вёска побач, а яшчэ ў слове «кут» быў схаваны і іншы сэнс. Кожная літара нагадвала прозвішча кіраўніцтва: К – галоўны аграном Кучук, У – кіраўнік Удавеня, Т – галоўны бугхалтар Трус. Пасмяяліся ў раённай інстанцыі, але назву ўзаконілі. Ды праіснаваў той СВК нядоўга. Спачатку яго далучылі да райсельгасхіміі, а ў ліпені 2004 года і яе аб’ядналі з сельгастэхнікай. Так колішні «Чырвоны Кастрычнік» і растварыўся ў неабсяжным сёння райаграсэрвісе.
Тэкст: Віктар САБАЛЕЎСКІ
Фота Сяргея ШАРАЯ