Калейдоскоп

Калі настрой творчы, любая задумка ажыццяўляецца вельмі хутка

Пагадзіцеся: самы дарагі падарунак — той, які зроблены сваімі рукамі. Гэту думку цалкам падзяляе і інструктар па працатэрапіі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў Аксана Піцько.

Жанчына захапляецца шыццём, чэрпае ідэі з інтэрнэта, але і крэатывіць таксама. Жаночае свята стала для Аксаны чарговым штуршком, каб узяць у рукі іголку з ніткай і штосьці прыдумаць.

— Кожная жанчына ў душы — маленькая какетлівая дзяўчынка, якая любіць мяккія цацкі. Магчыма, для кагосьці падасца банальным, але гэта праўда. Зараз такіх вырабаў хапае — выбірай любы, але зробленыя сваімі рукамі цацкі напоўнены душэўным цяплом, — адзначае Аксана Піцько.

Вось зайка з доўгімі вушкамі, у прыгожай сукенцы і кветкай у лапах. “Такі падарунак, можна не сумнявацца, спадабаецца і дзіцяці, і каханай дзяўчыне, і сяброўцы, і нават матулі. Тым больш вушасцік  яшчэ і сімвал гэтага года”, — упэўнена Аксана.

Каб зрабіць такую цацку, патрэбна трыкатажная тканіна, сінтэпон (для напаўнення), ніткі, іголка і дэкор (пацеркі, стужкі, бісер…).

— А яшчэ патрэбна жаданне, — усміхаецца жанчына. — Лекала для вырабу я знайшла ў інтэрнэце. Аднак не рабіла дакладную копію, адаптавала пад сваё бачанне. Зрабіўшы адну зайку-цацку, прыйшла да высновы, што яна аднолькава добра будзе глядзецца і ў павялічаным варыянце, і ў паменшаным. Тут ужо справа густу.

Першую цацку Аксана апранула ў веснавую сукенку, а да лапкі прымацавала кветку цюльпана — арыгінальна атрымалася.

— Выраб мяне натхніў, узнікла задумка зрабіць цэлую серыю такіх мяккіх цацак. Толькі апрануты яны будуць па-рознаму, у тым ліку і ў нацыянальны беларускі касцюм, — дзеліцца планамі Аксана Піцько. — Можна паэксперыментаваць і з галаўнымі ўборамі. Упэўнена, вынік задаволіць не толькі мяне.

Вера Лукашэвіч

Фота Сяргея Шарая