Год исторической памяти

«Як хутка прабегла стагоддзе». Ветэрану вайны Міхаілу Працкевічу — 100 гадоў

Ёсць людзі, пра якіх хочацца гаварыць, бо яны – прыклад для іншых. І ў жыццёвай мудрасці, і ў адносінах да родных, і ў адданасці роднай зямлі. Сярод такіх – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Васільевіч Працкевіч з вёскі Хатляны.

У верасні 2012 года

Помню сваё першае знаёмства з Міхаілам Васільевічам. Восень 2012 года. Разам з дэлегацыяй раёна накіравалася ў Хатляны. Ведала адно: едзем віншаваць 90-гадовага юбіляра, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Як журналіст, я павінна была падрыхтаваць матэрыял для газеты і сюжэт для мясцовага радыё. Дарэчы, запіс таго інтэрв’ю захоўваецца да гэтай пары.

Сустрэў нас дзядуля, які хадзіў злёгку абапіраючыся на кіёчак. Яго прыветлівая ўсмешка запэўніла, што гэта шчыры чалавек з адкрытым сэрцам. Да гэтай пары перад вачамі тая атмасфера, калі Міхаіл Васільевіч расказваў пра сваё жыццё-быццё, адказваў на пытанні гасцей, але і сам праяўляў інтарэс да кожнага. А былі тады не толькі мы, з райцэнтра, але і прадстаўнікі з сельвыканкама, мясцовай школы і клуба. А якімі смачнымі яблыкамі нас тады пачаставалі!

Потым неаднойчы даводзілася бываць у Хатлянах, у тым ліку – і ў гасцях у ветэрана. Аднак тая, першая, сустрэча да гэтага часу самая кранальная. Калі пацікавілася ў Міхаіла Васільевіча, якую песню ён бы хацеў пачуць у радыёэфіры, ён напеў радкі з песні Марка Бернэса «Жураўлі»…

У пачатку вайны

Міхаіл Працкевіч нарадзіўся 10 верасня 1922 года ў вёсцы Таўкачэвічы (раней гэта была тэрыторыя Пухавіцкага раёна. – Аўт.) Пасля заканчэння школы юнак планаваў паступіць у ваеннае вучылішча. Гэтыя мары ў адно імгненне перакрэсліла вайна. Разам з роднымі юнак апынуўся на акупіраванай тэрыторыі.

Ведаючы біяграфію гэтага чалавека, смела магу адзначыць, што яна варта сюжэта не проста звычайнай аповесці ці рамана, але і фільма, бо яна сапраўды ўнікальная.

У 1942 годзе Міхаіл Васільевіч папоўніў рады партызанскага атрада імя Чапаева другой Мінскай брыгады. Прымаў удзел у баявых дзеяннях пры ўзяцці нямецкіх гарнізонаў у вёсках Шчыткавічы, Ляўкі, Дражня Старадарожскага раёна, Шацк – Пухавіцкага раёна. Шмат гадзін яму даводзілася праводзіць у засадах на шасэйных дарогах Мінск – Слуцк, Мар’іна Горка – Негарэлае. Камсамолец удзельнічаў у «рэйкавай вайне».

Можаце ўявіць, што такое падарваць чыгуначнае палатно? Наўрад ці, а вось Міхаіл Працкевіч разам з іншымі не раз рызыкаваў, бо не маглі дазволіць, каб немцы атрымалі падмогу. Такую аперацыю мужчыны праводзілі на дарозе Мінск — Рудзенск. Не заўсёды абыходзілася без наступстваў. Герой майго артыкула быў тройчы паранены, але кожны раз са шпіталя вяртаўся ў строй. «Я проста не мог заставацца ў баку», – так лаканічна тлумачыць свой тагачасны выбар суразмоўца.

Год за годам

Саракавыя-парахавыя… Так называюць перыяд вайны. І гэту старонку з лёсу тых, хто прайшоў яе дарогамі, не выкрасліць. Страшная? Не без таго, бо столькі ўсяго перажыта, убачана.

– Мы, а нам на той момант колькі было – 16, 17, 20, не маглі дапусціць, што па нашай зямлі нахабна ідзе вораг, таму і падняліся ўсе. Нездарма ж Вялікую Айчынную называюць вайной народнаю. Абаранялі свае дамы, сваіх родных, сваю Радзіму, – гаворыць ветэран і прыгадвае адзін з баёў. – Пры ўзяцці гарнізона Шчыткавічы, а гэта было ў лютым 1943 года, ноччу мы падышлі ўшчыльную да гарнізону, а на досвітку пачалі наступленне. Адразу ўварваліся на тэрыторыю гарнізона, паліцаі пачалі ўцякаць, частка іх загінула ад куль партызан, але на дапамогу да іх кінуліся паліцэйскія з суседняга гарнізона Ляўкі. Завязаўся непрацяглы бой, паліцаям прыйшлося змагацца ў чыстым полі, а паколькі сілы партызан былі большыя, то яны пацярпелі поўнае паражэнне і гарнізон быў заняты.

І падобных фактаў, ад якіх па скуры дрыжыкі бягуць, у біяграфіі Міхаіла Васільевіча хапае. Так, напрыклад, падчас наступлення на гарнізон у вёсцы Дражня партызану-кулямётчыку давялося наступаць насупраць дзотаў пад агнём паліцаяў. Бой доўжыўся з раніцы да 15 гадзін, у гэтым баі Міхаіл Васільевіч быў паранены ў правую нагу.

Курс на Белавежскую пушчу

У канцы жніўня 1943 года брыгаду, у якой служыў Міхаіл Працкевіч, накіравалі ў Заходнюю Беларусь для разгортвання партызанскага руху. Рухацца даводзілася ў асноўным ноччу, каб бяспечна было, пераадольваючы па 50-60 кіламетраў у суткі, і гэта пры тым, што паблізу размяшчаліся нямецкія гарнізоны.

Атрад імя Жукава абуладкаваўся ў Белавежскай пушчы, дыслакуючы ў розных частках лесу. Патрыёты знішчалі ворага і днём і ноччу. 20 ліпеня 1944 года каля Ваўкавыска партызаны аб’ядналіся з часцямі Чырвонай арміі. Так Міхаіл Васільевіч трапіў у дывізійную разведку. Падчас аднаго з баёў дваццацідвухгадовы хлопец у чарговы раз быў паранены. Пасля лячэння адкліканы абкамам камсамола з дзеючай арміі і накіраваны на працу ў Бераставіцкі райкам камсамола другім сакратаром.

За ўдзел у баявых дзеяннях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны I ступені», медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём Жукава. Таксама ў яго скарбонцы медаль «За доблесную працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны».

Мірныя будні

У сакавіку 1946 года Міхаіла Васільевіча перавялі на працу ў райкам партыі. Ён скончыў вышэйшую партыйную школу ў Мінску, педагагічны інстытут імя Горкага (гістарычны факультэт). Пачаліся працоўныя будні: з 1954 па 1958 год – у Лідскім райкаме партыі, з 1958 па 1964-ы быў старшынёй калгаса імя Суворава Лідскага раёна. З 1964 года ўзначальваў калгас імя Дзяржынскага, пасля рэарганізацыі калгаса прызначылі дырэктарам саўгаса «Дружба» на Уздзеншчыне.

Пакаштаваў Міхаіл Васільевіч і настаўніцкага і сельвыканкамаўскага хлеба: у 70-80 гады працаваў настаўнікам гісторыі у Хатлянскай сярэдняй школе, потым быў старшынёй Хатлянскага сельсавета.

І заўсёды да меркавання ветэрана прыслухоўваліся, паважалі і шанавалі яго жыццёвы вопыт і прафесіяналізм. І гэта частка біяграфіі мужчыны атрымала дастойную ацэнку: медаль «За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. Леніна», ордэн «Знак Пашаны», Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета і ЦК КПБ, медаль «Ветэран працы». Акрамя гэтага, Міхаіл Працкевіч удастоены персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ