Минской области - 85

Падвялі вынікі, намецілі планы. Адбыўся чарговы справаздачны сход Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у якім прынялі ўдзел і творцы з Уздзеншчыны

Восемдзесят чалавек налічвае абласная пісьменніцкая арганізацыя, у складзе якой і шасцёра літаратараў з нашага раёна. На чарговым пасяджэнні ў будынку Мінскага аблвыканакама кіраўнік творчай суполкі Леанід Крыванос зрабіў справаздачу аб справах за мінулы год.

А папярэднічала гэтаму ўшанаванне пераможцаў творчага конкурсу, прысвечанаму 85-годдзю з дня ўтварэння Мінскай вобласці. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч уручыў дыпломы лаўрэатаў і каштоўныя падарункі найлепшым паэтам, пісьменнікам за перамогу ў намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Песня”, “Відэаролік-прывітанне”.

За мінулы год літаратарамі Міншчыны выдадзены 62 кнігі агульным накладам каля 37 тысяч асобнікаў, некалькі калектыўных зборнікаў. Праведзена 476 сустрэч з чытачамі, актыўнічалі тут і уздзенскія паэты, пісьменнікі. З 70 існуючых сёння літаб’яднанняў 20 дзейнічаюць у сталічнай вобласці, у ліку лепшых называўся і уздзенскі “Нёманец”. Творцы ўдзельнічалі ў шматлікіх рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах, акцыях, дзе прэзентавалі свае творы, дзяліліся вопытам з маладзейшымі аўтарамі. Перад кожным членам пісьменніцкай арганізацыі пастаўлена задача адшукваць маладыя таленты, спрыяць прыцягненню ў творчы саюз здольных пачаткоўцаў, якія будуць працягваць слаўныя традыцыі старэйшага пакалення.

Уздзенскія пісьменнікі перад пачаткам і пасля заканчэння агульнага пасяджэння пазнаёміліся з выдадзенымі за апошнія гады кнігамі калег (а на стэлажах выстаўкі знаходзіліся і кнігі Галіны Нічыпаровіч, Дзмітрыя Вінаградава, Віктара Сабалеўскага, калектыўныя зборнікі з удзелам землякоў), сустрэліся з творцамі з іншых раёнаў Міншчыны, падзяліліся сваімі здабыткамі і планамі.

Сяргей Васільчук