
Афганскі альбом. Што пра свою службу ўдалечыні ад дома расказаў Міхаіл Бокуць з райцэнтра
Не так часта Міхаіл Бокуць з райцэнтра дастае з шафы альбом, у якім пераважна чорна-белыя фотаздымкі. На іх занатаваны падзеі яго ваеннай біяграфіі, у тым ліку служба ў Афганістане. У гэтай краіне давялося быць з лютага 1980 года па красавік 1981-га.

Гэтым разам прыгадаць гады службы папрасілі дзядулю ўнучкі Антаніна і Анісія, завітаўшы да яго ў госці пасля ўрокаў. Альбом, у якім не адзін дзясятак здымкаў, а таксама пінжак з медалямі тут жа прыцягнулі ўвагу дзяўчынак. «Аказваецца, мы яшчэ столькі не ведаем пра свайго дзядулю!» – прызналіся Антаніна і Анісія, пачаўшы перабіраць фотаздымкі.
– Звычайна мяне запрашаюць у школы на сустрэчы з падлеткамі, каб расказаў пра службу, адказаў на пытанні, – гаворыць Міхаіл Іванавіч. – Дома мы рэдка прыгадваем мінулае, больш пра надзённае размаўляем. А з унучкамі люблю згуляць у шахматы і нарды. Праўда, у шахматы ўжо яны мне хутчэй мат паставяць, а вось у нарды лідарства пакуль за мной застаецца. (Усміхаецца.)
Міхаіл Іванавіч Бокуць з дзяцінства марыў стаць ваенным. Прыкладам для яго быў родны дзядзька, татаў брат. Юны Міша любіў прымераць яго фуражку.
— Першая мая спроба падаць дакументы ў Кіеўскае ваеннае вучылішча правалілася. І ўсё таму, што я проста спазніўся з падачай дакументаў. Крыўдна было, але не здаўся. Папрацаваў год, а потым стаў курсантам Ленінградскага каманднага артылерыйскага вучылішча, — расказвае Міхаіл Бокуць.
Пасля заканчэння вучылішча лейтэнанта Бокуця накіравалі камандзірам узвода ў Паўночную групу войскаў у Польшчу. Праз год прыехаў у водпуск ва Узду, дзе згуляў вяселле. Служба ваеннага — асаблівая, не ведаеш, куды можа закінуць лёс. За мужам следам накіравалася і жонка.
— Паездзіць нам давялося сапраўды шмат, — далучаецца да размовы Вольга Рыгораўна. — Калі мужа накіравалі ў Закарпацкую ваенную акругу, я з дачушкай, а ёй год быў, вярнулася ў Беларусь, а Мішу, як аказалася, чакала дарога на Афганістан.
Напярэдадні 1980 года Міхаіла Іванавіча ў складзе 149-га гвардзейскага мотастралковага палка пераводзяць на службу ў горад Тэрмез на поўдні Узбекістана. А побач — Афганістан. Тут Міхаіл Бокуць нясе службу ў якасці начальніка разведкі артылерыйскага дывізіёна. Давялося прымаць удзел і ў баявых дзеяннях, за што ўзнагароджаны медалём “Ад удзячнага афганскага народа”.

Далей была служба ў Архангельску, Германіі… Звольніўся Міхаіл Іванавіч у 2002 годзе і вярнуўся на радзіму. Набыў з жонкай дом ва Уздзе. І пацяклі спакойныя сямейныя будні.
Было ў Міхаіла Іванавіча і своеасаблівае хобі. На гэта звярнула ўвагу яго жонка.
— Муж збіраў ваенныя галаўныя ўборы: нямецкія, чэшскія, польскія, афганскія, — гаворыць Вольга Рыгораўна. — Спачатку яны ў школе размяшчаліся, дзе наша дачка працуе, а потым вырашылі аддаць іх усе ў музей ваеннай гісторыі пры раённым аддзяленні Саюза афіцэраў. Прыемна пасля было бачыць, з якім інтарэсам іх разглядалі школьнікі, мералі…
— Дзядуля, ты ў нас самы-самы, — уголас заявілі ўнучкі, праслухаўшы гэты невялікі аповед. — А ты нам яшчэ што-небудзь раскажаш?
— Абавязкова, — адказаў Міхаіл Іванавіч, прытуліўшы іх да сябе.
Вера Лукашэвіч
Фота Сяргея Шарая