Общество

Ва ўмовах канкурэнцыі. Як жывуць магазіны спажывецкай кааперацыі ў сельскай мясцовасці

Яшчэ гадоў дваццаць таму на тэрыторыі нашага раёна ў гэтай шырока разгалінаванай па ўсёй краіне сеткі не было канкурэнтаў. Каля сотні магазінаў і іншых гандлёвых кропак, аб’ектаў грамадскага харчавання існавала ў горадзе і вёсках Уздзеншчыны.

Тэорыя – адно, а жыццё іншае

У суседніх буйнейшых гарадах (Дзяржынск, Салігорск, іншыя) насельніцтва часткова абслугоўвалі і так званыя дзяржаўныя магазіны, а спажыўкааперацыя ажыццяўляла сваю дзейнасць выключна за кошт сродкаў, атрыманых у выніку гандлёва-закупачнай, іншай дзейнасці арганізацыі пайшчыкаў. Доўгія гады яна сапраўды з’яўлялася манапалістам. Не раз у час эканамічных справаздач аб выніках работы сістэмы ў райвыканкаме даводзілася чуць: калі здасць спажыўкааперацыя свае пазіцыі, ніхто не паспяшыць заняць яе месца ў аддаленых ад райцэнтра населеных пунктах. Прыватніку, камерцыйным структурам нявыгадна вазіць тавары за дзясяткі кіламетраў, абслугоўваць вёскі, дзе жывуць дзесяць – дваццаць чалавек.

Але, як бы хто ні ганіў пэўныя не зусім дасканалыя і як след не адпрацаваныя часам сістэмы гаспадарання ва ўмовах рынкавай эканомікі, такія прагнозы на практыцы не пацвердзіліся. Спачатку на Уздзеншчыну прыйшоў «Еўраопт», затым з’явіліся кропкі ад «Капеечкі», іншых буйнейшых гандлёвых сетак. Замацаваўшыся ў райцэнтры, паступова яны сталі распаўсюджваць сваю дзейнасць па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва і ў сельскай мясцовасці. Іх больш мабільныя, чым часам забюракратызаваныя і перанасычаныя лішнімі функцыямі сістэмы забеспячэння таварамі, прадуктамі ў спажыўкааператарскіх магазінах, дазвалялі аператыўна рэагаваць на змяненні ў цэнавай палітыцы, настроях і пажаданнях пакупнікоў. Адсюль і тавараабарот, і прыбыткі раслі хутчэй.

А потым і прыватнікі сталі выкупляць ці браць у арэнду пустуючыя будынкі вясковых магазінаў. Адзін з іх, маючы немалы папярэдні вопыт працы ў сістэме спажыўкааперацыі, некалькі гадоў таму прызнаваўся: «Я цяпер і дырэктар, і забеспячэнец, і грузчык, і прадавец, і прыбіральшчыца. Мне выгадна сумяшчаць некалькі функцый, я ведаю, што ад гэтага ў выйгрышы будуць пакупнікі, і я ў накладзе не застануся».

У выніку агульная колькасць магазінаў, кропак грамадскага харчавання, што раней належалі спажыўкааперацыі, за апошнія дзесяцігоддзі зменшылася ў раёне амаль у дзесяць разоў.

Попыт і прапанова

Заходзім у сціплы будынак магазіна ў вёсцы Таўкачэвічы. На шыльдзе значыцца даўняя прыпіска «Уздзенскае райпо», якога фактычна няма ўжо некалькі гадоў. Змяніўся і апошні ўладальнік – да нядаўняга часу гандлёвая кропка належала Дзяржынскаму райспажыўтаварыству.

Магазін працуе з 9 да 19 гадзін без перапынку на абед і выхадных. Да такога графіка прывучылі канкурэнты з іншых гандлёвых сістэм – вясковы чалавек павінен мець магчымасць набыць неабходны тавар у любы час, не чакаючы, пакуль скончыцца абедзенны перапынак. Хтосьці заехаў у гэтую краму ўпершыню і не ведаў, што менавіта ў гэты дзень тут выхадны.

За прылаўкам Тамара Якімовіч (яна абслугоўвае пакупнікоў разам з Наталляй Юркевіч). У гандлі звыш 20 гадоў, працавала тут і пры ўздзенскім кіраўніцтве, і пры дзяржынскім. А што змянілася пасля таго, як перадалі магазін Капыльскаму райспажыўтаварыству?

— Куды больш тавараў стала! – зазначае Тамара Анатольеўна. – Раней месячны план тавараабароту складаў 27–30 тысяч рублёў, а цяпер толькі за 18 дзён нагандлявалі на 33 тысячы. Пасадзейнічала гэтаму і тое, што сталі прымяняць скідку ў дзесяць працэнтаў на сацыяльна значымыя тавары для пенсіянераў, іншых слабаабароненых катэгорый пакупнікоў. З’явіліся ў продажы цэмент, фарбы, іншыя дробныя будаўнічыя матэрыялы. Раней іх можна было толькі заказаць, а гэта не кожнаму зручна, напрыклад, дачнікам, якія прыехалі на выхадныя і хацелі за дзень-два штосьці падрамантаваць. Працуем напрамую з вытворцамі: Мінскім хлебазаводам-аўтаматам, агракамбінатам «Дзяржынскі», мясакамбінатамі са Слоніма, Слуцка, Бярозы, Гродна; малочныя прадукты – ад Слуцкага сыраробнага камбіната і «Савушкін прадукта», напіткі – ад «Дарыды», салодкае – з «Віцьбы», «Спартака», «Слодыча»…

Шырокі асартымент прадукцыі заўважаны на паліцах – пустога месца амаль няма.

А як на змену шыльды рэагуюць вяскоўцы? За тыя некалькі хвілін, што знаходзіліся мы ў магазіне, іх сюды каля дзесяці чалавек зайшло.

– Спачатку і адразу пасля перадачы крамы Дзяржынскаму райпо сюды шмат тавараў завозілі, а потым паступова асартымент станавіўся бяднейшым, – разважаюць жыхары Таўкачэвічаў. – Разумеем, тут цяпер ні школы, ні калгаснай канторы няма, але ж пенсіянераў яшчэ нямала ў навакольных вёсках жыве. А ў аўтакрамах выбар тавараў яшчэ бяднейшы. Я вось хацела купіць звычайныя танныя лёзы для галення, элементы сілкавання (батарэйкі) для насценнага гадзінніка – няма. А ва Узду ці Мінск за кожнай дробяззю не наездзішся…

У той жа дзень размаўляў яшчэ з адным жыхаром вёскі. Ён станоўча ацаніў работу мясцовай спажыўкааператыўнай крамы, расказаў, што да нядаўняга часу быў у Таўкачэвічах яшчэ адзін магазін, ад прыватніка, але ў негалосным спаборніцтве з гэтым той вымушаны быў зачыніцца. «А я, калі чагосьці не знайду тут, на машыне ў Хатляны крутнуся, і ў Мінску некалькі разоў на месяц бываю…»

Каментарый спецыяліста

Святлана Марцінчык, таваразнаўца Уздзенскага гандлёва-рознічнага ўчастка Дзяржынскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства:

– На пачатак гэтага года Дзяржынскаму філіялу належалі пятнаццаць гандлёвых кропак на тэрыторыі нашага раёна. У апошні час фінансавыя магчымасці гэтай арганізацыі складваюцца не лепшым чынам. У сувязі з гэтым узнікалі праблемы з аплатай за набываемыя ў прадпрыемстваў-вытворцаў тавары, прадукты. А адсюль і іх асартымент стаў бяднейшым. Гэта выклікала пэўную незадаволенасць насельніцтва.

Было прынята рашэнне аб перападпарадкаванні гэтых гандлёвых кропак Капыльскаму райспажыўтаварыству, якое ў эканамічных адносінах больш стабільнае. На працягу красавіка новыя гаспадары ў рамках абласной сістэмы спажывецкай каперацыі з’явіліся ў магазінаў вёсак Ячанка, Цялякава, Таўкачэвічы, Лоша, Ліцвяны, Кухцічы, Магільна, Яршы, Войкава і Слабада. Пакуль зачынены магазіны ў Касцяшах, Глінках і Дзешчанцах, але дадзены аб’явы аб вакансіях прадаўцоў, і пры іх запаўненні кааператыўны гандаль у гэтых населеных пунктах будзе прадоўжаны. Паколькі наш хлебазавод пакуль застаецца ў падпарадкаванні Дзяржынскага філіяла, то і магазін «Славяначка» пры ім вырашана не перадаваць.

Капыльскаму райспажыўтаварыству перададзена сістэма грамадскага харчавання – рэстаран «Нёман», магазін «Мясная лаўка» і кулінарны цэх.

Застаецца пакуль адкрытым пытанне аб лёсе магазіна «Гасцінец», што па вуліцы Калгаснай у райцэнтры. Пасля таго, як праз дарогу ад яго адкрылася чарговая гандлёвая кропка «Капеечкі», выручка істотна знізілася, і ў недалёкім будучым наўрад ці ўдасца адваяваць страчаныя пазіцыі.

Абмяркоўваюцца розныя варыянты далейшай дзейнасці аўтакрам спажывецкай кааперацыі.

Тэкст: Віктар САБАЛЕЎСКІ      

Фота Сяргея ШАРАЯ