Главные новости

Смачная перамога. Уздзенскі сімвал удастоены дыплома ў намінацыі “Незвычайнае са звычайнага”

Фестываль гістарычнай рэканструкцыі ў Нясвіжы сабраў вялікую колькасць не толькі гледачоў, але і ўдзельнікаў. Не абмінулі фэст з гістарычным акордам і прадстаўнікі Уздзеншчыны.

Праграма фестывалю была даволі насычанай і дазваляла кожнаму раёну-ўдзельніку заявіць аб сабе ў розных варыяцыях: інтэрактыўныя пляцоўкі, выстаўкі народных майстроў і ўмельцаў, рэканструкцыі гістарычных баёў, кулінарныя конкурсы, канцэртныя праграмы і г.д.

Творча да ўдзелу ў кулінарным конкурсе “Смак геральдыкі” падышлі падстаўнікі нашага раёна.

– З розных прадуктаў аформілі герб горада Узда, а гэта выявы святых апосталаў Пятра і Паўла. Усе элементы дэкору можна было есці, – паведала дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык.

Але адна справа – прыгожа ўсё аформіць (за гэта шчырыя словы ўдзячнасці паварам з санаторнай школы-інтэрната), і зусім іншая – творча прэзентаваць свій кулінарны шэдэўр. Але і з гэтым прадстаўнікі нашага раёна справіліся на выдатна. Журы не проста ацаніла смакавыя якасці герба Уздзеншчыны, але і адзначыла яго ў намінацыі “Незвычайнае са звычайнага”.

Вось такая смачная перамога!

Вера Лукашэвіч