Год исторической памяти

З глыбінь Палесся прывезла Кацярына Пяршлевіч на Уздзеншчыну самабытны голас і непаўторную манеру выканання

Кватэра ў Мінску, дача ў Валодзьках, сцэна Дома культуры ў Возеры. Паміж гэтымі кропкамі і курсіруе штодзень жанчына, якой за семдзесят гадоў. Хочацца ўсюды паспець, многае яшчэ зрабіць, пакінуць на гэтай зямлі добры след.

З чыстымі думкамі

Месца для нашай размовы як нельга лепш адпавядала яе тэме. Спецыяльна для гэтага Кацярына Пяршлевіч, салістка вакальнай групы “Азяранка”,  запрасіла журналіста ў хатку-гасцёўню, абсталяваную на другім паверсе Азерскага СДК у народным стылі. І я чарговы раз пашкадаваў, што не маю дыктафона і магчымасці даслоўна перадаць яе думкі, а найперш —  яе звонкі чысты голас. Перадаць так, каб яе маглі паслухаць не толькі ў перапоўненай зале ўстановы культуры, але — паўсюдна, адначасова ў розных кутках Беларусі. Такіх таленавітых людзей няшмат, і тое, што яны дэманструюць сваё майстэрства на сціплай сельскай сцэне, — знаходка для Уздзеншчыны.

— Нарадзілася я ў вёсцы Бераставец Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, — распачала свой аповед Кацярына Іванаўна. —  У той час там было звыш 400 двароў, у сем’ях па 5-10 дзяцей. Цяпер, праз 35 з лішкам гадоў пасля Чарнобыля, засталося 20. Мая мама Зінаіда Кандратаўна нарадзіла восем хлопцаў і трох дзяўчынак, я была старэйшай. Праўда, чацвёра памерлі маленькімі… А я з пялюшак была галасістая. Мама расказвала, што пакуль падоіць карову, я такія “песні” з калыскі выводзіла. Падрастала, слухала, як спявае маці, іншыя вясковыя жанчыны, сама сабе напявала мелодыі, пачутыя па радыё, тэлебачанні. Наш палескі край настолькі багаты на таленты!

Засталіся ў памяці народныя святы, абрады — Каляды, Купалле, Вялікдзень. Як заспяваюць гуртам у клубе,  па вясковых ваколіцах моладзь, пажылыя кабеты — за некалькі кіламетраў чуваць!

У дзіцячыя гады і да вершаскладання Каця далучылася. Пісала, нікому не паказваючы, алоўкам на абрыўках газеты — пра вёску, няпростае пасляваеннае жыццё, боль жанчын, што не прычакалі дамоў мужоў. Схавала аднойчы напісанае пад падушкай на печы, бацька выпадкова ўзяў той шматок газеты, стаў круціць самакрутку, заўважыў. Не пахваліў, не ўшчуваў, але і гэта было для дзяўчынкі падтрымкай.

Спяваць ці будаваць? І тое, і другое

Пра тое, што песнямі можна зарабляць на жыццё, у той час ні сама Кацярына, ні яе бацькі і ўяўлення не мелі. Таму пасля школы дзяўчына накіроўваецца ў Мазыр, каб у вучылішчы будаўнікоў набыць прафесію маляра-тынкоўшчыка. Але і там спявала.

Як і многім талентам-самародкам з глыбінкі, дапамог выпадак. Аднойчы завітаў у вучылішча кіраўнік Дома культуры сістэмы прафтэхадукацыі Георгій Удараў з Мінска, які, паводле ўказання з Масквы, адшукваў здольную моладзь сярод навучэнцаў. Не адну сотню юнакоў і дзяўчат праслухаў ён у гарадах і пасёлках Гомельшчыны, а пачуўшы выступленне Каці Пяршлевіч, адразу ж заявіў: “Я зраблю ўсё магчымае, каб ты пела не толькі ў самадзейнасці”.

У 1968 годзе васямнаццацігадовая Кацярына пераязджае ў Мінск. Працягвае вучобу па абранай у Мазыры спецыяльнасці ў сталічным ПТВ-24, а ў вольны час ходзіць на рэпетыцыі ў прафсаюзны Дом культуры. Адначасова паспявае займацца і ў музычным вучылішчы, на аддзяленні харавога дырыжыравання.

Настаў сапраўдны зорны час для маладой, яшчэ без тытулаў і званняў, спявачкі. Дзякуючы апякунству куратара, яе і іншых дзяўчат, хлопцаў з устаноў прафтэхадукацыі Беларусі раз за разам запрашаюць выступаць на розных сцэнах. Вакальны калектыў з поспехам дэманструе сваё майстэрства не толькі ў вучылішчы, сваім Доме культуры, але і на розных мерапрыемствах і за межамі сталіцы — у Рудзенску, Салігорску, Рэчыцы. Затым былі гастролі і ў Кіеве, Малдавіі, Чэхаславакіі.

Скончыўшы вучылішча будаўнікоў, яна чатыры гады адпрацавала маляром на будоўлі, што дало магчымасць і сабе кватэру ў сталіцы пабудаваць. Па сумяшчальніцтве выконвала пэўныя работы на кандытарскай фабрыцы “Камунарка”, дзе  быў вялікі, каля шасцідзесяці чалавек, калектыў мастацкай самадзейнасці “Камунарачка”. І тут голас вакалісткі гучаў непаўторна, прыгожа. Была і работа ў адпаведнасці з музычнай адукацыяй — на працягу трох гадоў вучыла дзетак асновам нотнай граматы і спеваў, працуючы выхавальніцай у дзіцячым садку №340.

Карыснае знаёмства

Яшчэ адной знакавай падзеяй у жыцці жанчыны стала знаёмства з Мікалаем Котавым. Гэты самародак з Палесся пачынаў сваю творчую дзейнасць у Тураўскім Доме культуры, кіраваў народным ансамблем “Прыпяць”, з якім аб’ехаў некалькі краін, здымаўся ў фільме “Людзі на балоце”. 3 1988 года па запрашэнні Міністэрства культуры БССР працуе ў сталіцы —  у ансамблі “Свята” Белдзяржфілармоніі, выкладае ў Акадэміі мастацтваў, універсітэце культуры, з’яўляецца вядучым у тэлеперадачах “Запрашаем на вячоркі” і “Спявай, душа!” Мікалай Конанавіч — аўтар дзевяці кніг па традыцыйнай абрадавай культуры беларусаў.

Котаў запрашае Пяршлевіч у свой тэатр фальклору “Матуліна хата”. І зноў шматлікія выступленні, гастролі — у сталічных парках і сельскіх дамах культуры, на сцэнах многіх гарадоў Мінскай вобласці, Палесся, на старым млыне ў вёсцы Жодзішкі Гродзенскай вобласці. Голас Кацярыны Іванаўны — аўтэнтычны, непаўторны — з гадамі толькі набіраў сілу.

Слухаючы сучасных выканаўцаў народных, абрадавых песень, заўважае спявачка, што большасць з іх выкарыстоўвае мадэрнісцкія аранжыроўкі, якія не зусім адпавядаюць ранейшай манеры, стылю.

— Мне больш даспадобы песні маёй маладосці, у якіх больш захавалася народнага духу, спрадвечных матываў, якія цяжка чымсьці замяніць, падрабіць, — разважае спявачка. — Можа, гэта і не зусім добра, але я стараюся выконваць і браць усё найлепшае ад такіх мелодый, як, скажам “Куды не йду, лясы шумяць” Ганны Аўдзеенка, “Зорька золотая” Людмілы Зыкінай, “Я на горку шла” Мардасавай. А для моладзі няхай спяваюць маладыя…

“Хочацца жыць на зямлі, а не птушкай у клетцы…”

Зыходзячы з такіх меркаванняў, 16 гадоў таму сям’я па прапанове Кацярыны Пяршлевіч вырашае абзавесціся жылым кутком у сельскай мясцовасці, недалёка ад сталіцы. Нагледзелі прывабны ўчастак у вёсцы Валодзькі.  За некалькі гадоў разам з дачкой узвялі невялікую дачу, і сёння яшчэ паціху абуладкоўваюць будынак. Летам часцей жывуць тут, зімой — у гарадской кватэры, але ў любую пару года пенсіянерка паспявае па некалькі разоў на тыдзень, а то і штодзень пабываць і там, і там.

Падчас адной з такіх вандровак пазнаёмілася ў маршрутцы з азерскай настаўніцай, разгаварыліся. Пахвалілася Анжэле Бортнік ранейшымі вакальнымі поспехамі, дала ёй паслухаць флешку са сваімі песнямі. Тая і прапанавала:

— З такім голасам вам грэх ад людзей хавацца. Завітайце ў наш Дом культуры, там вам будуць рады.

— То я і цяпер не сумую, — паведаміла Кацярына Іванаўна. — У Мінск усё роўна езджу, бо не сядзіцца дома, падпрацоўваю прыбіральшчыцай. А яшчэ з’яўляюся валанцёрам. Раз-два на месяц мы з песнямі наведваем інтэрнат для састарэлых, ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах. Там нас чакаюць, для некаторых гэта ледзь не адзіная аддушына ў сумных буднях. І мне цікава. Толькі гукнуць з Мінска — кідаю туташнія справы і лячу.

А ў Азерскі СДК усё ж зайшла. Вядома, загадчыца Таццяна Лычкоўская адразу ж пайшла насустрач. Ахвотна прынялі жанчыну ў дружную сямейку “Азяранкі”. Разам з актывістамі гурта Вячаславам Верамейчыкам, Ірынай Сіротка, Ядвігай Бушмакінай, Тамарай Барэйша і іншымі не прапускае ніводнага выступлення на мясцовай, раённай сцэне, на палявым стане. І цяпер маршрутка “Узда — Мінск” і ў зваротным напрамку ўсё часцей заязджае з ёй у Возера.

Па бабулінай сцежцы пайшла ўнучка Таня. Яшчэ дашкольніцай ездзіла  з ёю на гастролі, скончыла ў Мінску музычнае вучылішча, цяпер вучыцца ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, а ў Возера прыязджае, каб у якасці харэографа вучыць мясцовых дзетак танцам. У творчасці ёй ёсць з каго браць прыклад.

Тэкст: Віктар Сабалеўскі

Фота аўтара і Сяргея Шарая