Меню
редакция

А Палтаўшчына па-ранейшаму сніцца. Чым жыве сям’я, што сем гадоў таму пераехала на Уздзеншчыну з Украіны

А Палтаўшчына па-ранейшаму сніцца. Чым жыве сям’я, што сем гадоў таму пераехала на Уздзеншчыну з Украіны

Нашу першую сустрэчу з Наталляй Уладзіміраўнай давялося адкласці — якраз у гэты дзень атрымала вестку аб смерці блізкага, яшчэ маладога чалавека. І такія сумныя навіны ўраджэнцам Украіны даводзіцца атрымліваць нярэдка.

Мільёны яе суайчыннікаў за апошнія гады апынуліся за межамі радзімы, многіх ужо няма ў жывых, сотні тысяч засталіся без даху над галавой. Штодзень тэленавіны прыносяць звесткі аб чарговых бамбёжках, разбурэннях, чалавечых ахвярах. Нават пра мясціны, дзе ніколі раней не была, але  недалёкія ад роднай вёскі (некалькі дзясяткаў ці сотня кіламетраў), такое чуць, бачыць —  жахліва. На жаль, падобнае адчуваюць многія жыхары раней брацкай суседняй рэспублікі…

У мірных працоўных буднях

Вёска Вербкі, дзе нарадзілася і доўгі час жыла Наталля, знаходзіцца ў Палтаўскай вобласці, у цэнтры Украіны. Прыгожыя мясціны, ураджайныя землі, добразычлівыя людзі. Тут дзяўчынка бегала ў школу, дапамагала бацькам. Пасля заканчэння адзінаццаці класаў не падалася ў горад, засталася ў школе педагогам-арганізатарам. І без спецыяльнай адукацыі спраўлялася з няхітрымі абавязкамі — арганізаваць урачыстую лінейку, святочнае ці звычайнае школьнае мерапрыемства. Дапамагалі і прыроджаная кемлівасць, і тое, што большасць настаўнікаў і вучняў — добрыя знаёмыя.

Рана выйшла замуж, нарадзілася дачка Анжэла. Думкі наконт працягу вучобы давялося адкласці на няпэўны час. У дэкрэтным водпуску пабыла ўсяго паўтара года і зноў вярнулася ў школу, дадаткова стала выконваць абавязкі паштальёна. А потым усё ж пераманілі сяброўкі ў райцэнтр, горад Глобіна. Тут кемлівай жанчыне прапанавалі пасаду брыгадзіра тэрмаўпаковачнага цэха на мясакамбінаце. Хутка асвоілася і з гэтай справай. А тут новая прапанова — узначаліць збожжавую гаспадарку раёна. З розных сельгаспрадпрыемстваў гэтай цэнтральнай часткі Украіны прывозілі ўлетку зерне (здаралася, што і да трыццаці тысяч тон за суткі). Яго трэба было ў сціслыя тэрміны прыняць, дапрацаваць, штосьці перанакіраваць у засекі на доўгае захоўванне, а штосьці — для перапрацоўкі на мясцовым соевым заводзе. Трыццаць чалавек пад кіраўніцтвам Наталлі Уладзіміраўны паспяхова спраўляліся з пастаўленымі задачамі.

2014 год стаў пераломным у лёсах большасці жыхароў краіны. На працягу некалькіх месяцаў, а потым  і гадоў адбывалася супрацьстаянне айчынных палітычных груповак, якія спачатку ў ходзе парламенцкіх дыскусій, а пасля і на майдане змагаліся за ўладу. А потым —  вядомыя падзеі ў Крыме. Нібы прадчуваючы, што падобныя міжусобіцы перарастуць у больш сур’ёзныя канфлікты, а затым  і ў сапраўдную вайну, сям’я Міхалецкіх у лістападзе 2015 года прымае рашэнне пераехаць у Беларусь, дзе жылі сваякі мужа. Анжэла ў тым годзе толькі скончыла сярэднюю школу.

Спакой на вуліцы Астравуха

Спачатку перасяленцаў прынялі ў акцыянерным таварыстве “Наднёман”. Уладзімір Міхайлавіч, які на радзіме быў вядомым механізатарам, на экскаватары працаваў, на новым месцы быў вымушаны змяніць прафесію — гаспадарка мела вострую патрэбу ў кадрах жывёлаводаў. Такіх работнікаў і забяспечвалі ў першую чаргу жыллём. Сям’і выдзелілі дом у вёсцы Яршы, дзе гаспадар стаў працаваць на адкорме жывёлы. Ужо праз некалькі месяцаў зоаветспецыялісты сельгаспрадпрыемства называлі яго ў ліку перадавікоў спаборніцтва.

Наталля Уладзіміраўна стала памочнікам загадчыка жывёлагадоўчага калектыву, а праз сем месяцаў узначаліла МТФ. І ёй удалося наладзіць вытворчы працэс так, што мясцовыя жывёлаводы не толькі ў гаспадарцы занялі перадавыя пазіцыі, але і ў раённым спаборніцтве жывёлаводаў былі далёка не на апошнім месцы.

А потым (гэта было чатыры гады таму) Дзмітрый Чыгір з намесніка дырэктара  ААТ “Наднёман” перайшоў на кіруючую пасаду ў “Ліцвяны-Агра”. Запрасіў да сябе і Міхалецкіх. Тут сям’і таксама выдзелілі жыллё, у асабняку па вуліцы Астравуха. Наталля на пару з Мар’яй Гуйдо стала кіраваць ліцвянскім малочнатаварным комплексам, а Уладзімір займаецца звыклай механізатарскай справай. За гэтыя некалькі гадоў дачка Анжэла атрымала юрыдычную адукацыю, спачатку была сакратаром у кіраўніка сельгаспрадпрыемства, а пасля ёй прапанавалі пасаду дыспетчара пры машынным двары.

Сям’я пасябравала з калегамі, суседзямі, наладзіла звычайны сельскі быт. У хлеўчуку з’явіліся падсвінак, куры, летам падворак упрыгожваюць кветкі, уласная агародніна эканоміць сямейны бюджэт. Наталля Уладзіміраўна пад настрой радуе родзічаў, суседзяў смачнымі піражкамі, наварыстым украінскім баршчом.

Усё б цудоўна, але сум па малой радзіме, трывожныя весткі з Украіны не даюць спакою. Пад Палтавай у Наталлі  Міхалецкай засталіся сястра, тры браты з сем’ямі. Раней, яшчэ пазалетась, калі было адносна спакойна, ездзілі туды ў адведкі, і маці Уладзіміра прыязджала ў Ліцвяны. З пачаткам ваенных дзеянняў узаемаадносіны абмяжоўваюцца тэлефоннымі размовамі і паведамленнямі па вайберы. Домаўладанні сваякоў ад бамбёжак не пацярпелі, толькі некалькі разоў ракеты непадалёку падалі. Усе жывуць спадзяваннямі, што вайна неўзабаве скончыцца, ва ўкраінскія гарады і сёлы зноў вернецца мірнае жыццё, і тады, залячыўшы нанесеныя ліхалеццем раны, Украіна зноў стане прыцягальнай і для бежанцаў-перасяленцаў, і для шматлікіх турыстаў.

Тэкст: Віктар Сабалеўскі

Фота Сяргея Шарая

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59