
З мастацкай акадэміі – у садовы цэнтр. Творчыя ўзлёты і мары Генадзія Парафенюка
Генадзій Пятровіч, маючы вышэйшую адукацыю і папрацаваўшы ў прэстыжных установах сталіцы, іншых гарадоў, робіць грузчыкам ў садовым цэнтры, што па-за аграгарадком Возера, на слуцкай трасе. І падчас фізічнай працы з’яўляюцца цікавыя творчыя задумы.
Бачыць прыгожае і ствараць прыгажосць
Яшчэ ў школьныя гады Генадзій любіў маляваць. Напэўна, гэта перадалося ад дзядзькі Тадэвуша Панько, які працаваў мастаком-афарміцелем у родным Ваўкавыску. Акрамя выканання заказаў ад прадпрыемстваў і ўстаноў райцэнтра ў вольную хвіліну, напрыклад, рабіў копіі з карцін вядомых мастакоў. Ды так па-майстэрску, што, напэўна, толькі спецыяліст-мастацтвазнаўца мог адрозніць яе ад арыгінала. Дзядзька працаваў з пэндзлем, а хлопчык з цікавасцю назіраў за яго работай.
Для бацькоў стала нечаканасцю, калі сын пасля школы заявіў аб сваім жаданні паступаць у Бабруйскае мастацкае вучылішча. Каб падрыхтавацца, няшмат часу было, ды і спецыялістаў-рэпетытараў па такім профілі ў райцэнтры няшмат. Педагог па маляванні з мясцовага педвучылішча даў некалькі тэарэтычных і практычных урокаў – і паехаў хлопец у Бабруйск. А там першы ўжо творчы экзамен выклікаў разгубленасць: трэба было маляваць не фарбамі, а алоўкам. Абітурыент, не маючы патрэбных навыкаў, не вытрымаў выпрабавання.
Вярнуўся ў Ваўкавыск, пайшоў працаваць токарам на мясцовы ліцейны завод. Пасля работы, у выхадныя, мэтанакіравана займаўся ў адпаведнасці з атрыманымі ў вучылішчы парадамі-рэкамендацыямі, каб праз год зноў паспытаць сваё шчасце. І паўторная спроба аказалася ўдалай.
На шляху да творчага ўдасканальвання
Пасля вучобы Г. Парафенюк атрымлівае размеркаванне на сваю малую радзіму, пачынае працаваць мастаком-афарміцелем на адным з ваўкавыскіх заводаў. Абавязкі, здаецца, былі няхітрыя: афармляць заводскую наглядную агітацыю, музейныя стэнды прадпрыемства, транспаранты; займацца ўпрыгожваннем машыны, за якой калона рабочых і спецыялістаў звычайна рухаецца ў час першамайскай, кастрычніцкай дэманстрацыі. Гэтыя заданні даручали тром мастакам. Маладому спецыялісту хацелася нават у такой шэра-будзённай справе неяк вызначыцца, прапанаваць арыгінальную ідэю, якая ажывіла б звыклую рэчаіснасць, унесла іскрынку ў паўтараемыя з году ў год напрацоўкі. Але падобныя задумкі не выклікалі адабрэння ў кіраўніцтва завода, не надта падабаліся калегам. Не знаходзіла водгуку і штосьці іншае, калі можна было прымяніць атрыманыя ў вучылішчы навыкі ў жывапісе, суцэльнай кампазіцыі твора.
У 1985 годзе, не жадаючы заставацца на ўзроўні малярскага афармлення заводскіх сцен, Генадзій паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Хацелася ўдасканальваць свае здольнасці ў жывапісе, але на гэтае аддзяленне быў такі вялікі конкурс, пераважна з ліку сталічных вопытных ужо мастакоў ці выпускнікоў адпаведных школ, ліцэяў, што маладому чалавеку з перыферыі цяжка было б з імі спаборнічаць. Рэальна ацаніўшы свае магчымасці, Парафенюк выбірае кафедру дызайну.
Праз пяць гадоў мастак вяртаецца ў Ваўкавыск з жонкай Юліяй, з якой пазнаёміўся на трэцім курсе інстытута. Новае размеркаванне – гарадскія мастацкія майстэрні. Тут ужо куды больш было магчымасцей для рэалізацыі не толькі пажаданняў гарадскіх улад, але і ўласных творчых задумак. І сёння, праз трыццаць гадоў, радуюць наведвальнікаў музеяў, адміністрацыйных будынкаў розных прадпрыемстваў і ўстаноў створаныя сямейным дуэтам дызайнерскія праекты па ўпрыгожванні інтэр’ераў. А яшчэ душу можна было адвесці, калі прапаноўвалі прыватныя заказы. Марка «Парафенюк» гарантавала не толькі высокую якасць пэўнага партрэта, сюжэта, але і наватарскае асэнсаванне кожнай заяўкі.
На новы ўзровень
Натхнёна працаваў Парафенюк з калегамі над ажыццяўленнем нечаканай прапановы – роспісам царквы ў Магілёве. Рэлігійныя, міфалагічныя сюжэты даўно прываблівалі мастака. Безумоўна, трэба было прытрымлівацца пэўных рэлігійных канонаў, установак святароў. Але гэтая работа ў творчым плане на некалькі ўзроўняў перавышала ўсё тое, чым даводзілася займацца раней. Пасля завяршэння роспісу мастакі адчувалі вялікую радасць, бо вернікі царквы не хавалі свайго захаплення ад убачанага. Такой ацэнкі працы іншым даводзіцца ледзь не ўсё жыццё чакаць, а некаторым і ўвогуле не суджана падобнае зведаць.
Акрыленыя творчай удачай, мастакі рэалізавалі яшчэ адзін, напэўна, найважнейшы ў сваёй біяграфіі праект – роспіс храма ў горадзе Шуя Уладзімірскай вобласці Расіі.
У 1998 годзе Генадзій Пятровіч прымае цікавую прапанову – перайсці на выкладчыцкую працу ў Беларускую акадэмію мастацтваў. Кіраўніцтва навучальнай установы палічыла, што ўрокі малюнка, кампазіцыі ад былога выпускніка будуць карыснымі для пачаткоўцаў, якія займаюцца на кафедры дызайну. Пасля такія ж заняткі Парафенюк праводзіў і для студэнтаў архітэктурнага аддзялення Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўніверсітэта.
Але складаней было прывыкаць да сталічнага рытму жыцця. Гарадскі тлум, чэргі, транспартныя заторы, бытавая мітусня ніяк не спрыялі творчаму ўдасканаленню, спакойнай працы мастака. Іншы раз крыху і шкадаваў, што змяніў ваўкавыскія будні на работу ў мегаполісе.
Азерскія далягляды
У 2003 годзе сям’я Парафенюкоў набывае жыллё ў Возеры. У некалькіх дзясятках кіламетраў ад сталіцы, затое – чатыры прасторныя пакоі, гараж, іншыя надворныя пабудовы, прысядзібны ўчастак. Можна і фізічнай працай займацца, і для творчасці ўсе ўмовы, і дыхаецца лёгка… Знаёмыя, калегі сцвярджалі, што такім чынам (праца – у сталіцы, дом – за горадам) жывуць многія.
Але праз некалькі гадоў Генадзій Пятровіч вырашае ўсё ж пашукаць працу дзесьці бліжэй. Час, які траціўся на паездкі, хацелася выкарыстоўваць для творчасці. Умовы работы ў садовым цэнтры (суткі праз двое) якраз падыходзілі.
Паступова пачаў узаемадзейнічаць з мясцовай грамадскасцю. Арганізаваў пры Азерскім СДК студыю для дзяцей, якія жадаюць маляваць. На свята 8 Сакавіка наладзіў міні-выставу сваіх работ у Доме культуры, а для РДК змайстраваў з металу, дрэва паўтараметровага павука. Выконвае разавыя заказы па дызайнерскім афармленні інтэр’еру ўстановы культуры.
– Цяпер хачу спаўдзіць даўнюю мару – наладзіць грунтоўную ўласную выставу, – кажа мастак. – Напэўна, завяршу яе ўжо пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Раней мае карціны выстаўляліся на калектыўных выставах – у Палацы мастацтваў у Мінску, Варшаве. Для паўнацэннай асабістай хаця б карцін 30 трэба. У апошні час працую ў стылі эпохі Адраджэння – прыгажосць цела, міфалагічныя сюжэты, нестандартныя погляды на звыклыя з’явы рэчаіснасці. Разумею, што і ў часы Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы было шмат людзей творчых, але ў гісторыі, мастацтве засталіся толькі самыя настойлівыя, таленавітыя. Трэба часцей, больш працаваць над сабой, удасканальвацца, сутракацца з цікавымі людзьмі, рухацца наперад…
Тэкст: Віктар Сабалеўскі
Фота Сяргея Шарая і з калекцыі героя публікацыі