Меню

Гарадскія славутасці праз прызму часу

Месяц таму ў сацыяльных сетках стартавала анлайн-эстафета «Міншчына: да і пасля», ініцыяваная абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Яе правядзенне прымеркавана да 85-годдзя цэнтральнага рэгіёна Беларусі, а сутнасць заключаецца ў распаўсюджванні параўнальных фатаграфій ваеннага і сучаснага перыяду жыцця, якія адлюстроўваюць дасягненні ў сацыякультурным і эканамічным аспектах жыцця вобласці.

Актыўны ўдзел у эстафеце прыняла і моладзь Уздзеншчыны. Як адзначыў першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Берлінскі, задумка сама па сабе цікавая: дазваляе паглядзець на гісторыю роднага краю праз прызму гадоў і параўнаць тое, што было, з тым, што стала. Толькі ў нашым горадзе можна знайсці дзясяткі такіх прыкладаў, не кажучы ўжо пра сельскую мясцовасць.

– Асабіста я вельмі люблю гісторыю, заўсёды з ахвотай уключаюся ў падобныя рухі, – расказаў маладзёжны лідар раёна. – Каб прыняць удзел у эстафеце, давялося не адзін раз наведацца ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей, бо толькі там можна знайсці старыя здымкі і атрымаць патрэбныя звесткі пра той ці іншы аб’ект. Садзейнічанне ў плане здымкаў-падказак аказаў таксама фотакарэспандэнт раённай газеты Сяргей Шарай. На яго старонцы ў «ВКонтакте» ёсць невялікі альбом, дзе ён параўноўвае не толькі будынкі Узды, але і вуліцы, імкнучыся паўтарыць кадр, зрабіўшы яго з таго ракурсу, што быў абраны аўтарам-папярэднікам.

На якія аб’екты і помнікі Уздзеншчыны зроблены акцэнт?

Касцёл

Драўляны Крыжаўзвіжанскі Касцёл ва Уздзе быў пабудаваны ў 1798 годзе, але ў 1930-х яго перарабілі пад клуб, пазбавіўшы ўсёй рэлігійнай атрыбутыкі. Узводзіўся храм у стылі класіцызму. Цяпер на тое, што будынак першапачаткова служыў вернікам, паказвае толькі цагляная брама.

Будаваўся храм Казімірам Завішам, які на той час быў уладальнікам мястэчка Узда. У школе пры касцёле вучыўся беларускі паэт Тамаш Зан, блізкі сябар Адама Міцкевіча. Тут хрысцілі Ануфрыя Луцэвіча, дзеда Янкі Купалы. А затым – яго бацьку Дамініка Луцэвіча.

У касцёле, дарэчы, быў адзін з самых вялікіха рганаў у Беларусі. Лёс яго аказаўся незайздросны – мясцовыя багаборцы-актывісты разламалі інструмент, трубы выкінулі на вуліцу. Дзеці гэтыя трубы падбіралі і дудзелі ў іх як у свістулькі. Аб гэтай вясёлай гульні успамінаў нават пісьменнік Алесь Махнач.

Петрапаўлаская царква

Петрапаўлаўская царква была пабудавана ў 1840 годзе на тым месцы, дзе раней знаходзіўся драўляны храм. З часам ён струхлеў і па ініцыятыве Тадэвуша Завішы быў заменены на пабудову з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі.

Царква заставалася дзеючай нават у савецкія часы, хоць у 1930-х гадах яе ператварылі ў зернясклад, тады ж была разбурана званіца. Аднак пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны набажэнствы аднавіліся і больш не спыняліся.

Помнік воінам-вызваліцелям у парку Перамогі

Месцамі вечнага смутку і пакланення загінулым у горадзе Узда з’яўляюцца яўрэйскія могілкі, дзе пахаваны прах больш трох тысяч мірных жыхароў, ваеннапалонных, партызан, і парк Перамогі.

У парку Перамогі на месцы масавага знішчэння людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўстаноўлены памятны знак. У памяці народнай назаўсёды засталіся імёны землякоў Герояў Савецкага Саюза: камандзіра эскадрыллі штурмавікоў Уладзіміра Рыгоравіча Карачуна, лётчыка-знішчальніка Івана Сямёнавіча Козіча, камандзіра аддзялення стралковага палка, які закрыў амбразуру варожага дзота сваім целам, Мікалая Міхайлавіча Навіцкага.

Была паліклініка, стала школа мастацтваў

Да 1987 года, пакуль не былі пабудаваны новы тыповы будынак Уздзенсакай райбальніцы і паліклініка, тут размяшчалася паліклініка, аб чым сведчыць надпіс над дзвярамі.

Пасля тут размясцілася музычная школа. Менавіта пераезд у новы будынак і тыя добрыя традыцыі, якія і па гэты час пануюць у храме музыкі, педагагічны калектыў гэтай установы называе адным з галоўных дасягненняў пад час кіраўніцтва Васілія Віктаравіча Шышко.

Замест універмага – «У Міколы»

У 1970-я – гэта будынак Дома быту і ўнівермага. У канцы 90-х універмаг перамясціўся на новы адрас. Тут жа заставаліся швейнае атэлье і фоталабараторыя.

Пасля будынак доўгі час знаходзіўся ў чаканні свайго далейшага лёсу. Сёння тут размяшчаецца магазін будаўнічых матэрыялаў.

Помнік Леніну

Знешні выгляд помніка У. І. Леніна, які знаходзіцца ў скверы на плошчы Свабоды, падтрымліваецца ў належным стане. Гэта так званы гістарычны цэнтр горада.

Некалькі разоў у год – у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў дзень нараджэння сусветнага пралетарыята – сюды прыходзяць актывісты Камуністычнай партыі краіны, ладзіцца невялікі мітынг і да падножжа абеліска ўскладаюцца вянкі і кветкі.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59