
Дні беларускай кухні ў санаторыі — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі стравамі і па заслугах ацаніць іх
Шлях да культуры краіны ляжыць праз страўнік
Наколькі гэта праўдзіва выглядае? Працягваем разважаць разам з інструктарам-метадыстам па турызме фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Уздзенскага раёна Ліліяй Плахавай, працягваючы вандроўку па нашым раёне.
На гэты раз накіраваліся ў санаторый “Пад’ельнікі”. Мясціны тут казачныя. Побач працякае рака Нёман, а вакол — векавыя хвоі.
Экскурс у мінулае
Беларускай нацыянальнай кухні ўжо шмат стагоддзяў. На яе ўплываюць гістарычныя падзеі, геаграфічнае становішча і нават умовы надвор’я. Актыўнае развіццё сельскай гаспадаркі спрыяла і спрыяе выкарыстанню разнастайнай гародніны ў нацыянальных стравах.
— У беларускай кухні заўсёды ўжываліся мясцовыя прадукты, пэўны ўплыў рабілі і традыцыі перасяленцаў з памежных тэрыторый, — адзначае Лілія Іванаўна. — У беларускай кухні, у адрозненне ад іншых, практычна не выкарыстоўваліся малочныя і салодкія прадукты. Замест прысмакаў на дэсерт рабілі салодкія напоі, накшталт кісялю, або здобныя пірагі. Сярод папулярных супоў беларускай кухні — юшка, боршч, грыбны і гарохавы суп.
У многія нацыянальныя стравы ўваходзіць бульба. Знайшла інфармацыю: было падлічана, быццам сярэднестатыстычны беларус з’ядае каля паўкілаграма бульбы штодня. Лічба цікавая, аднак… Можа, цяпер і сталі нашы суайчыннікі абмяжоўваць яе ўжыванне, бо пачалі больш сачыць за фігурай, аднак цалкам адмовіцца ад бульбы немагчыма.
Што ў меню?
Мачанка, бабка, верашчака, смажанка, “гнёзды”, драчона з яблыкамі… Гэтыя стравы складаюць аснову беларускай нацыянальнай кухні. І пакаштаваць іх можна нават у санаторыі, дзе разам з меню, адаптаваным пад патрэбы дыетхарчавання, ёсць і такая аўтэнтыка.
Як адзначыла загадчыца аб’екта грамадскага харчавання санаторыя Таццяна Аксенчык, пытанні збалансаванасці меню тут пад пільным кантролем.
— У санаторыі я працую даўно, пачынала поварам. Таму сакрэты кухні ведаю, як ніхто, — расказвае Таццяна Станіславаўна. — За гады працы заўважыла, што беларускія стравы людзі заказваюць ахвотна. Хаця, як, напэўна, і ў любым санаторыі, знойдуцца тыя, хто сядзіць толькі на салатах, і тыя, каму мяса кілаграмамі давай (Усміхаецца.) Галоўнае ж правіла меню — збалансаванасць, каларыйнасць і адпаведнасць той ці іншай дыеце.

На пытанне, якія стравы беларускай кухні прысутнічаюць у санаторным меню, жанчына адказала:
— Драчона з яблыкамі, шніцаль “Палескі”, катлета “Папараць-кветка”, дранікі, мачанка, запечаны карп…
Каб было смачна
Усе стравы (а іх колькасць вар’іруецца ад 65 да 100, у залежнасці ад запаўняльнасці) гатуюць повары. Іх тут тры — Юлія Чумакова, Дар’я Яскевіч і Валянціна Зубовіч. Як і ў любой сферы, без водпускаў і бальнічных тут таксама не абыходзіцца.
— Бывала, калі я сама апранала халат і дапамагала дзяўчатам на кухні, бо не спраўляліся, — адзначае Таццяна Аксенчык. — А мне і не цяжка, люблю гатаваць. У нашай сям’і ёсць свая традыцыя — ляпіць пельмені. Я ніколі не купляла іх у краме, заўсёды былі толькі свае. Гэта ж цэлая гісторыя, калі сям’я разам лепіць “пельмешкі”, спаборнічаючы, у каго больш атрымаецца. Здаецца, дробязь, але як згуртоўвае сям’ю…
Думку, што гатаваць трэба з душой, а сваю работу — любіць, цалкам падзяляе і Юлія Чумакова.
— На кухні мы шмат часу праводзім, там атмасфера заўсёды адпаведная, — гаворыць повар. — Таму любы негатыў — выключаецца. Стравы павінны быць смачнымі, каб хацелася і дабаўкі папрасіць (Усміхаецца.) Праўда, на апошняе разлічваць не выпадае, бо ў нас усё строга парцыённа і ў адпаведнасці з меню.

Адметныя дні
У многіх здраўніцах практыкуюць дні беларускай кухні, якія асабліва падабаюцца кліентам, скажам, з Расіі ці іншых краін. Першыя ў топе страў — дранікі. Асабіста мне даводзілася не раз чуць: “Беларускія дранікі не зблытаеш ні з якімі іншымі. Ёсць падобныя стравы, так званыя дзеруны, у іншых кухнях, але яны не ідуць ні ў якое параўнанне з вашымі”.

— “Чыстых” дзён мы пакуль сваім кліентам не прапаноўваем, але каларыт беларускай кухні яны адчуваюць, — адзначае Таццяна Аксенчык. — Ёсць у нас і свае традыцыі. Напрыклад, як лепш падаваць бабку — на талерцы парцыённа ці ў гаршчочку? Без сумнення, у гаршчочку: адкрываеш яго, а адтуль такі водар…
Замест эпілога
Пра беларускую кухню можна смела сказаць: яна самабытная і смачная. У гэтым плане здолелі ўразіць і повары санаторыя, прадставіўшы ў меню фаршыраваныя посныя кальмары, дзе мінімум спецый (толькі чорны перац, як па сакрэце сказала Таццяна Аксенчык), і фірменныя “гнёзды” (бульба, мяса і сыр).
Як заўважыла пасля Лілія Плахава, нацыянальная беларуская кухня — гэта непаўторны свет, які гарманічна знітоўваецца з іншымі кулінарнымі традыцыямі.
А вы гатовы паспрабаваць навінкі беларускай кухні? Асабіста я — згодна!
Вера Лукашэвіч
Фота аўтара