Сельское хозяйство

Раўненне на 10-тысячны рубеж. Як вопыт перадавых вытворцаў малочнай і мясной прадукцыі зрабіць здабыткам кожнай гаспадаркі

Пра вынікі работы жывёлаводаў Уздзеншчыны за мінулы год і задачы на бліжэйшую будучыню карэспандэнт «Чырвонай зоркі» гутарыць з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Зояй Клепча

– Нават неспецыялістам у сельскай гаспадарцы вядома, што мяса-малочны напрамак у жывёлагадоўлі займае адно з вядучых месцаў. Яно і зразумела: дзякуючы прадукцыі з ферм і комплексаў забяспечваецца штодзённы грашовы даход сельгасарганізацый у любым кутку краіны. Як гэты фактар улічваецца ў эканамічнай дзейнасці гаспадарак Уздзеншчыны?

– Вельмі сур’ёзным чынам. На аснове Дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнес» на 2021–2025 гады ў нашым раёне распрацавана адпаведная праграма эканамічнага развіцця сельскагаспадарчай галінына гэты перыяд. Яе мэты – інтэнсіфікацыя малочнай жывёлагадоўлі, будаўніцтва сучасных малочна-таварных ферм з даільнымі заламі, укараненне сучасных тэхналогій у малочную галіну. Імкнёмся да вырашэння галоўнай задачы – забяспечыць атрыманне канкурэнтаздольнай прадукцыі.

– У нашым раёне вытворчасцю малака і вырошчваннем буйной рагатай жывёлы займаюцца адзінаццаць сельскагаспадарчых і іншых арганізацый. Наколькі поўна задзейнічаны патэнцыял нарошчвання вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі?

– Па стане на 1 студзеня гэтага года пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 32 554 галавы, што на 125 больш у параўнанні з леташнім перыядам (на такую ж дату). А малочны статак павялічыўся на 132 галавы і склаў 10 800. Дзякуючы сумесным намаганням спецыялістаў нашага ўпраўлення, кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, непасрэдных працаўнікоў на фермах і комплексах летась удалося забяспечыць валавую вытворчасць малака ў суме 66 220 тон, а гэта на 991 тону больш к папярэдняму году. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 6124 кілаграмы сырадою. Гэты паказчык таксама крыху большы, чым у 2021 годзе. Рэалізавана 103,3 працэнта атрыманай прадукцыі пры таварнасці малака 91,9% (плюс 1,6%). Найлепшыя паказчыкі дасягнуты ў акцыянерным таварыстве «Белінтэрген», дзе ад кожнай каровы атрымана па 10 662 кілаграмы малака. У філіяле СГК ЗАТ «Вітэкс» – 10 144, у «Асілку» – 6915, саўгасе «Гарадок» – 6388. Асабліва хочацца адзначыць работу валаўтвараючых гаспадарак раёна, якія за год забяспечылі вытворчасць малака і мяса ў колькасных паказчыках больш, чым іх суседзі, калегі. Так, жывёлаводы ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс» атрымалі 12 089 тон малака і 1038 тон прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы, а ў эксперыментальнай базе імя Катоўскага адпаведна 10 326 і 803 тоны.

Некаторыя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны не дазволілі асобным сельгасарганізацыям атрымаць у запланаваных аб’ёмах прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы. За мінулы год раён у цэлым недаатрымаў такой прадукцыі – 1,9% да ўзроўню пазамінулага года.

– Зоя Міхайлаўна, а на што будуць скіраваны асноўныя намаганні жывёлаводаў раёна у гэтым годзе?

– Каб паспяхова выканаць узятыя абавязацельствы, неабходна добрасумленна папрацаваць і спецыялістам, і аператарам машыннага даення, па догляду, вырошчванні маладняку, на адкорме. Прадпрыемствы райсельгасхарчу сярод прыярытэтных бачаць такія кірункі работы ў далейшым развіцці жывёлагадоўчай галіны. Неабходна ствараць мнагакампанентныя ўчасткі пашы з улікам інтэнсіўных тэрмінаў адрастання травы, каб на кожную галаву жывёлы было не менш як 25 сотак кармавых угоддзяў. У раёне ёсць 17 ферм з прывязным утрыманнем дойнага пагалоўя, якое ў летні перыяд знаходзіцца на пашы. Для атрымання трывалай кармавой базы плануецца забяспечыць нарыхтоўку травяных кармоў на ўзроўні 35–40 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, што складзе гадавы ці паўтарагадавы запас фуражу. А забяспечанасць расліннага бялку ў кармах уласнай вытворчасці павінна быць на ўзроўні не менш як 100–120 грамаў на адну кармавую адзінку. Важна таксама забяспечыць грамадскае пагалоўе неабходнай колькасцю зернефуражу.

А якія планы наконт будаўніцтва, рэканструкцыі, тэхнічнага перааснашчэння ўжо існуючых ферм?

– У 2022 годзе ў сельгасарганізацыях раёна пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю чатыры прафілакторыі для размяшчэння 750 цялят. За тры апошнія гады такія аснашчаныя па сучасных тэхналогіях памяшканні маюцца ва ўсіх гаспадарках, акрамя «Хатлянаў-Агра», дзе будаўніцтва прафілакторыя запланавана на гэты год. Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва даільных залаў у ААТ «Наднёман», «Уздзенскі райаграсэрвіс», саўгасе «Гарадок» і эксперыментальнай базе імя Катоўскага. У «Асілку» працягваецца будаўніцтва цялятніка. Гэтыя аб’екты плануецца ўвесці ў эксплуатацыю сёлета.

Рэзервы для павелічэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ёсць, ёсць і упэўненасць у тым, што сельгасарганізацыі раёна будуць забяспечваць больш высокія паказчыкі атрымання малака і мяса. Уздзеншчына ўжо не першы год перастала быць у ліку адстаючых у развіцці жывёлагадоўчай галіны, паступова і сярод раёнаў-«сераднячкоў» заваёўвае ўсё больш трывалыя пазіцыі. А чаму б не наблізіцца да ўзроўню нясвіжскіх, гродзенскіх, дзяржынскіх, смалявіцкіх ды іншых перадавых у жывёлагадоўлі раёнаў?

Тэкст: Віктар Сабалеўскі