Год исторической памяти

Гучна, весела і душэўна прайшло свята вёскі Падсадскія

Сваёй вёсцы нізка пакланюся… Гэтыя песенныя радкі добра вядомы кожнаму, чыё жыццё хоць неяк звязана з вёскай. Месцам, дзе нарадзіліся, выраслі… Дзе не па адным месяцы гасцявалі ў бабулі з дзядулем… Дзе знаёмая кожная лясная і лугавая сцежка… Месцам, куды хочацца вяртацца зноў і зноў.

Вось і ў мінулую нядзелю ў невялікай вёсачцы Падсадскія Уздзенскага сельсавета згадвалі мінулае не толькі месцічы, але і дачнікі – тут ладзілася свята вёскі.

Са словамі віншавання да вяскоўцаў звярнуўся старшыня сельвыканкама Аляксандр Унуковіч, адзначыўшы, што вёска ўтульная, прыгожая, самабытная, і ўсё гэта дзякуючы людзям, якія сэрцам хварэюць за яе лёс.

Далей было дзейства, якім вядучыя Тамара Жук і Марына Кароль захапілі гледачоў. Яно і не дзіўна, бо прыгадалі жанчыны гады вайны, якая не шкадавала нікога, і пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі, працу на зямлі. Не абмінулі і сацыяльную сферу – школу, магазін, ФАП. Увесь аповед пра жыццё-быццё вёскі суправаджаўся музычнымі паузамі. Прычым гэта было зроблена так гарманічна, што гледачы толькі дзівіліся: як так можна было ўсё да дробязяў прадумаць.

Зразумела, што галоўнымі дзеючымі асобамі паводле сцэнарыю былі людзі, у адрас якіх гучалі самыя цёплыя словы. Сярод такіх мнагадзетная сям’я Васілія і Таццяны Чыгіроў, самы сталы жыхар Мікалай Баран, які сёлета адзначыў 87-ы дзень нараджэння, жывёлаводы са стажам Марыя Раеўская і Ліма Раеўская, Наталля Чыгір, механізатары Васілій Піскун, Генадзій Глінскі, Ігар Раеўскі, Аляксандр Чыгір, фельчары Зоя Пруднікевіч і Вікторыя Нісцюк, настаўніцы Тамара Федчанка і Алена Чыгір і многія іншыя.

Слоў удзячнасці ветэранам працы і сённяшнім працаўнікам гаспадаркі не шкадаваў кіраўнік ААТ «Новае жыццё» Віталій Курачаў.

– Людзі зямлі заўсёды былі ў пашане, бо іх рукамі ствараўся і ствараецца дабрабыт, – казаў Віталій Іванавіч. – А ён, як вядома, з зямлі пачынаецца.

Нечаканасцю для ўсіх стала ўручэнне падарунка дырэктару гаспадаркі, у якога, як аказалася, дзень нараджэння. «Гэта па-нашаму, не застаўся дома, а з людзьмі радасць свята вёскі падзяліў, – прамовіў хтосьці з мужчын. – Паважаю!»

Увогуле цёплых слоў на свяце прагучала вельмі многа. Людзі былі задаволены, бо не так часта ладзяцца ў вёсцы падобныя фэсты, якія грэх прапусціць. Эмоцый усім дабавіў і калектыў «Лісаўцы», падарыўшы слухачам не адзін дзясятак песень, пад якія вяскоўцы ішлі ў танцы.

Пашанцавала ў гэты дзень і з надвор’ем, да позняга вечара над вёскай разлівалася мелодыя:

Дом родной,

Знакомый с детства,

Все пути ведут к тебе

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Фота Дар’і УРБАНОВІЧ