
Лоша – яўрэйскае мястэчка. З запісаў краязнаўцы Міхаіла Лазара
У Лашанскай сельскай бібліятэцы і ў дамашнім архіве сям’і Салаўёў знаходзіцца каля ста папак цікавых матэрыялаў, сабраных за шмат гадоў працы ў гэтай установе яе загадчыцай Людмілай Васільеўнай. У адной з іх захоўваюцца ўспаміны былога настаўніка Хатлянскай СШ, кіраўніка народнага музея гэтай школы Міхаіла Канстанцінавіча Лазара.
У свой час ён напісаў грунтоўную краязнаўчую кніжку пра вёску Хатляны, якая вытрымала два выданні, у 2003 і 2008 гадах. Такую ж працу ён рыхтаваў і пра Лошу. Тут ён да вайны вучыўся ў няпоўнай сярэдняй школе, пазней часта наведваўся да стрыечнай сястры, многіх знаёмых. Ды не паспеў ажыццявіць сваю задуму. Прапаноўваем вашай увазе частку яго ўспамінаў пад аўтарскай назвай.
Крыху гісторыі. У дзявятым – дванаццатым стагоддзях тут пралягаў адзін з самых кароткіх шляхоў, Нёманска-Дняпроўскі, «з варагаў у грэкі». Калісьці Лоша належала памешчыку Завішу, потым – Заранку (адсюль пайшла і назва вёскі Заранкова), а апошнімі ўладальнікамі вёскі сталі памешчыкі Грабоўскія. З 1924 года гэта цэнтр Лашанскага сельсавета Уздзенскага раёна.
Раней грунтавая дарога з Шацка праходзіла праз Хатляны, Лошу ва Узду. Пасля завяршэння ў сярэдзіне трыццатых гадоў будаўніцтва шашэйнай дарогі з Пухавічаў да Магільна шлях пралёг праз Валяр’яны, але яшчэ і праз дзесяць гадоў жыхары Гая, Бора дабіраліся ў Лошу праз Пярэвалаку.
Да вайны Лоша налічвала каля паўсотні двароў. Па сваім месцазнаходжанні мястэчка было на другім месцы пасля райцэнтра. Жыло тут у асноўным яўрэйскае насельніцтва.
Старыя дамы стаялі ўшчыльную адзін да аднаго, часам нават канцы стрэх сутыкаліся. Тады не думалі аб пажарнай бяспецы. У кожным доме было па двое дзвярэй, адны выходзілі на вуліцу, другія – да гаспадарчых пабудоў. Уздоўж дамоў былі пракладзены ходнікі з дошак. У цэнтры мястэчка стаяла царква, якую знеслі прыкладна ў 1936—1937 гадах. Побач у скверы прыватныя гандляры прадавалі агародніну і садавіну. Тут жа адпачывалі мінчане, што прыязджалі да родзічаў у вёску, — развешвалі гамакі паміж дрэвамі, спявалі. У 1939 годзе з дрэва ад разбуранай царквы пабудавалі хату-чытальню, а ў будынку былой сінагогі з’явіўся клуб.
Старшынёй сельпо быў Абрам Навадворац, яго намеснікам – Рыгор Трухан, раз’язнымі нарыхтоўшчыкамі – Пейса і Мотка Палойкі. На падводы яны грузілі соль, дробныя тавары, раз’язджалі па навакольных вёсках і абменьвалі гэтыя рэчы на сушаныя грыбы і ягады, яйкі, масла, сушаныя лекавыя расліны, кару лазы, дубу, крушыны. Побач — хлебапякарня, лазня.
У доме Шэўрына размяшчалася аптэка, якой загадваў Глеб Чумарыкаў. А амбулаторыю, што стаяла за дарогай, да лесу, у перадваенныя гады ўзначальвала малады ўрач Раіса Бусловіч. Местачковы жартаўнік Маісей Рыжавецкі быў выдатным цырульнікам, частку свайго дома ён здаваў у арэнду пад сталярную майстэрню уздзенскай арцелі «Прагрэс».
Рамеснікамі і прадаўцамі былі пераважна яўрэі. Яны абслугоўвалі мясцовае і навакольнае насельніцтва, былі людзьмі памяркоўнымі і дружалюбнымі. На сепаратарным пункце з малака атрымлівалі масла і казеін. На вадзяным млыне паблізу Крывялёў працаваў Эдуард Урублеўскі. Рэчку Лоша перагароджвала плаціна з сасновых брусоў у тры рады. Вада падымалася вышэй, падала праз плаціну і круціла каменныя жорны, на якіх зерне малолася ў муку.
Былі шавецкая і кравецкая майстэрні. Выдатным кавалём у акрузе з’яўляўся яўрэй Міхаль — так зварваў метал, што не было відаць шва. А якія выдатныя сякеры, стругі, нажы, стамескі, цёслы для апрацоўкі драўніны і іншыя прылады працы вырабляў!
Калі заканчваліся восеньскія работы ў полі, яўрэі-краўцы пачыналі шыць для сялян адзенне. Прыязджаў такі майстар, нярэдка са сваім сынам, да вяскоўца, пасяляліся ў яго доме, гаспадар іх карміў, даваў начлег. Бацька кроіў аўчыны, шыў кажухі, а сын выконваў дапаможныя работы. Шылі яны і кашулі, штаны, курткі з самаробнага сукна.
У любую пару года ездзілі праз мястэчка балаголы (так называлі перавозчыкаў грузаў) у бурках з галавы да пят з тоўстага сукна, на галаву і плечы надзяваўся асобны шлем-бушлат, гэта засцерагала ад непагадзі. Па дарозе яны праз пэўную адлегласць спыняліся ў карчме са стадолай. Гэта такая драўляная будыніна з шырокімі варотамі, праз якія праходзіў воз з грузам. Тут выпрагалі коней, кармілі іх, паілі. Знутры вароты зачыняліся на тоўстую завалу, акрамя таго, быў вартаўнік, адзін з членаў сям’і. У карчме балагол мог падсілкавацца гарачым, выпіць чаю, адпачыць у мяккай пасцелі. А ездзілі яны са Слуцка ў Мінск і наадварот па некалькі падвод разам, каб пры выпадку абараніцца ад грабежнікаў і ваўкоў, дапамагчы адзін аднаму, калі здарыцца паломка колаў ці саней.
Яўрэі таксама рабілі печы, калёсы, сані, падковы для коней, гнулі дугі, былі добрымі спецыялістамі, памяркоўнымі, дружалюбнымі. Швейнай арцеллю кіраваў Юдаль Шацкі, з ім працаваў беларус Цумараў, а ў абутковай майстэрні — аўстрыец Шрымф.
Найбольш яўрэяў у Лошы было з роду Палойкаў. Залман Вульфавіч нарадзіўся ў мястэчку ў 1902 годзе. Шыў з бацькам кажухі, быў актыўным камсамольцам. Потым пераехаў ва Узду, працаваў інструктарам у райкаме партыі. Пазней яго пераводзяць на Гомельшчыну, дзе яго і застала вайна. Лётчык-капітан прайшоў слаўны баявы шлях, які скончыўся на Далёкім Усходзе.
У скверы перад царквой стаяў доўгі шырокі стол, абапал – лаўкі. Сюды лашанцы і сяляне з навакольных вёсак, беларусы і яўрэі, прыносілі для продажу свае вырабы. Лоша стала рамесніцкім і гандлёвым цэнтрам.
А яшчэ гэта быў культурны асяродак. Моладзь выступала ў клубе з мастацкай самадзейнасцю. Пелі, танцавалі, Майсей Рыжавецкі расказваў жарты, а Нішон Розаў – смешныя гісторыі пра п’яніц, гультаёў, яго сябра Міхась Абражэвіч родам з Даўгінава, які працаваў у лашанскай сталярнай майстэрні, вырабляў выдатную мэблю, усё гэта пацешна дэманстраваў. Да гэтага ён вучыўся ў Маскоўскай цыркавой школе, але захварэў на сухоты і вымушаны быў вярнуцца ў вёску. Клуб заходзіўся ад рогату на такіх канцэртах. Таксама тут дэманстраваліся нямыя, пасля і гукавыя фільмы.
Яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя Арон Палойка пабудаваў на беразе мелкаводнай азярыны смалакурню. Мясцовыя жыхары выкопвалі ў лясах старыя сасновыя пні і прывозілі іх у Пярэвалаку. Потым такія пні сталі ўзрываць дынамітам. Раскіданыя выбухамі кавалкі карчоў збіралі і таксама загружалі ў вялікую печ. Многія лашанцы займаліся нарыхтоўкай жывіцы для вытворчасці шкіпінару. Пасля перагонкі атрымліваліся вугаль для кузняў, колавая мазь, шкіпінар для медыцынскіх мэт і алейных фарбаў. Каля смалакурні стаялі два жылыя дамы і склад для гатовай прадукцыі. У адным доме былі невялікая кантора і кватэры для Палойкаў, у другім жылі сем’і людзей, што працавалі на заводзе Лычкоўскіх. Смалакурню немцы спалілі ў 1942 годзе, Лычкоўскія пераехалі ў Хатляны.
Яўрэйскія і беларускія сем’і сябравалі, такія ўзаемаадносіны перадаваліся і дзецям. Напрыклад, у сем’ях Юдаля Шацкага і Сямёна Корзуна. Дзеці іх вучыліся ў няпоўнай сярэдняй школе. Напярэдадні вайны ўзвялі новы будынак вучэльні, школа становіцца сярэдняй. Першым яе дырэктарам з’яўляўся Анатоль Фаміч Дубіцкі, а перад самай вайной – Уладзімір Ануфрыевіч Казелька. Настаўнічалі тут яўрэйкі Гута Палойка і Дзінштэйн.
Дробныя ўласнікі пачалі кааперавацца ў арцелі. У сувязі з гэтым многія яўрэі пакінулі Лошу і пераехалі ва Узду, Мінск, іншыя гарады.
Калі ў трыццатыя гады на Украіне пачаўся Галадамор, з Чарнігаўшчыны ў Лошу пераехалі сем’і Бондараў, Сяменчанкаў, Пархоменкаў і Бурэяў. Яны выраблялі лучыны для тынкоўкі сцен, рэшаты з ліпавай кары для прасейвання мукі, гонт, дружна працавалі разам з месцічамі на іншых работах.
Падрыхтаваў Віктар Сабалеўскі