
Цікавая сустрэча. Народны майстар Ірына Дзернакоўская наведала Азерскую бібліятэку
Яна раскрыла сакрэты ткацтва беларускага народнага пояса, расказала дзецям аб выкарыстанні паясоў у паўсядзенным жыцці. Трэба адзначыць, што Ірына Зігмундаўна калісьці пачынала свой працоўны шлях бібліятэкарам: амаль 20 гадоў працавала ў вясковай бібліятэцы ў Пяцеўшчыне.
Яе заўсёды прываблівалі тканыя вырабы: ручнікі, паясы, дываны. Ірына Дзернакоўская цікавілася гісторыяй ткацтва, тэхнікай ткацкага рамяства. Ужо ў сталым узросце яна паступіла і скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «культуралогія». На працягу 10 гадоў жанчына займаецца стварэннем тканых паясоў, адраджае культуру беларускага ткацтва, праводзіць семінары, гурткі, урокі майстэрства, майстар-класы.
К 85-годдзю Мінскай вобласці Ірына Зігмундаўна стварыла пояс-віншаванне са святочным надпісам, які ўразіў усіх удзельнікаў мерапрыемства. Дзеці захапіліся ідэяй самастойна паспрабавать тэхніку ткацтва, стварыць такі цуд сваімі рукамі. Сустрэча з Ірынай Дзернакоўскай вельмі спадабалася ўсім ўдзельнікам – за напоўненасць беларускім каларытам і падараваны цудоўны настрой.
А. В. Горбач,
бібліятэкар Азерскай сельскай бібліятэкі