
Экспедыцыі, якія не забываюцца. У кожным са 117 раёнаў Беларусі пабывала тэхнік-дэшыфроўшчык Ала Канцадайла
Яна магла быць кваліфікаваным педагогам, юрыстам, але выпадкова абрала прафесію, якіх няшмат, пра якую ў той час (шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя) некаторыя маглі толькі марыць.
Атрад усесаюзнага значэння
Вясной 1964 года ва Узду прыехалі некалькі дзясяткаў людзей, якіх мясцовыя жыхары прынялі за замежных гасцей: у скураных куртках і паліто, размаўлялі не на мясцовай мове, манеры не тутэйшыя. Яшчэ больш розных здагадак з’явілася, калі па пасёлку развесілі аб’явы аб наборы на курсы для работы на нейкім прадпрыемстве, што ствараецца ва Уздзе.
І толькі тыя, хто рызыкнуў запісацца на гэтыя курсы, даведаліся, што сюды прыбылі геадэзісты з Каўнаса, каб у складзе пашыранага палявога разведвальнага атрада пад кіраўніцтвам Леаніда Салаўёва займацца ў далейшым аэрафотагеадэзічнымі тапаграфічнымі пошукамі, здымкамі для патрэб землеўпарадкавання, распрацоўкай і праектаваннем мерапрыемстваў, накіраваных на больш поўнае і рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў. У свой час для гэтага і была створана па распараджэнні І. Сталіна Усесаюзная кантора “Сельгасаэраздымка” пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі СССР. Заходні філіял гэтай установы пасля Каўнаса вырашылі размясціць ва Уздзе.

Пасля расфарміравання Уздзенскага раёна будучае прадпрыемства спачатку размясцілася ў будынку былога ваенкамата. Прыезджыя жылі на прыватных кватэрах, спецыялісты наязджалі з Каўнаса. Аднымі з першых запісаліся на гэтыя курсы Кім Якуценка, Зінаіда Шышко, Віктар Івашкевіч, І. Дземідовіч, А. Гембіцкая і іншыя.
У 1966 годзе быў адноўлены раён, будынак ваенкамата давялося пакінуць. Пабудавалі асобную базу для вытворчых патрэб па вуліцы К. Маркса — фінскі домік, дзе размясціліся кабінеты дырэктара, галоўнага інжынера, рэгістратура, кладоўка і вялікі агульны пакой. Пазней з Масквы прыслалі тры бамаўскія домікі. У адным такім доме быў мужчынскі інтэрнат, у другім — жаночы, а ў цэнтральным — ленінскі пакой. Жылі агульнай “камунай”, разам працавалі, святкавалі і праводзілі будні. Паралельна ўзводзіўся інтэрнат па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Аб’ёмы работ павялічваліся, і ў 1966—1967 гадах давялося арганізоўваць дадатковыя наборы на курсы. Сярод такіх навабранцаў была і Ала Якуценка.
Знайшла сябе там, дзе не чакала
Сям’я Якуценкаў прыехала ва Узду ў 1950 годзе з Лагойска. Канстанцін Дзмітрыевіч атрымаў тут пасаду начальніка пашпартнага стала, а да гэтага скончыў школу міліцыі, служыў у Барысаўскім крымінальным вышуку. Яшчэ раней яму давялося працаваць і на Пятроўцы, 38 у Маскве, калі крымінальныя, і не толькі, справы хутка вырашаліся сумна вядомымі сёння “тройкамі”.
І Ала марыла стаць юрыстам. Але бацька катэгарычна заявіў, што не дазволіць нікому з трох сваіх сыноў і дачцэ звязаць свой лёс з гэтай прафесіяй. Давялося дзяўчыне пасля школы ўладкавацца піянерважатай у Прысынкаўскую васьмігодку, а пасля перайшла ў гарадскую школу №1. Падала дакументы для паступлення ў педінстытут. Але якраз напярэдадні ўступных экзаменаў прыйшоў выклік на абласныя спаборніцтвы — ужо некалькі гадоў дзяўчына мела першы спартыўны разрад па валейболе, выступала за зборную Мінскай вобласці. Ала робіць выбар на карысць спорту.
І вось ва Узду прыязджаюць геадэзісты. Старэйшы брат Кім, які адвучыўся на першых курсах і ўжо працаваў па набытай спецыяльнасці, з такім захапленнем расказваў пра экспедыцыі, знаёмствы з новымі мясцінамі, цікавыя сустрэчы, дэманструючы фотаздымкі! Ала таксама запісваецца на курсы і паспяхова іх заканчвае.
Работа была сезонная. У красавіку на агульным сходзе экспедыцыю дзялілі на партыі, куды звычайна ўключалі двух-трох вопытных спецыялістаў, астатнія — навічкі. Прывозяць у бліжэйшы населены пункт, ставяць задачу і — дзейнічайце! Заказчык (Белгіпразем, Галоўнае ўпраўленне картаграфіі ці яшчэ хтосьці) выдае раздрукоўку аэрафотаздымкаў трох-пяці тысяч квадратных кіламетраў мясцовасці, і тэхнікі-дэшыфроўшчыкі павінны на месцы вызначыць карысныя плошчы, зафіксаваць кожны будынак, ручай, пагорак, каб затым дома ў маштабе вычэрчваць карту гэтага ўчастка.
Рамантыка поплеч з адказнасцю
Нярэдка да аб’ектаў даводзілася дабірацца на матацыкле, павозцы, у кабіне грузавіка, іншы раз і пешшу. Колькі прыемных успамінаў засталося! “Вызначаем маршрут, прыязджаем у поле, — прыгадвае Ала Канстанцінаўна. — Добрае надвор’е — пачынаем дэшыфраваць. Дождж — садзімся ў палатку, настольная лямпа, флаконы з тушшу, і занатоўваем ўбачанае раней… Некаторыя кажуць: ну што тут цікавага? Але вось ідзеш па полі, бачыш непаўторную прыгажосць нашай прыроды (а давялося пабываць у розных кутках Беларусі, у кожным яе раёне) — хоць на хвілінку хочацца спыніцца, палюбавацца, адкласці ў памяці. Часам і дамоў, у лагер ісці не хацелася, думалася: ну чаму я не мастак, не магу ўсё гэта адлюстраваць…”
Захапіла Ала Канстанцінаўна гэтай рамантыкай і будучага мужа Сяргея Канцадайлу. Ён жыў у Мінску, працаваў трэнерам у Дзяржынскай дзіцячай спартыўнай школе, трэнерам абласной каманды па валейболе. Пабываўшы колькі разоў ва Уздзе, паслухаўшы захапляльныя жончыны аповеды, ён пакідае сталіцу, пераязджае ў наш райцэнтр, далучаецца да геадэзістаў. Сямейнай брыгадай, разам з пяцігадовай дачкой Інай то пешшу, то на сельскай фурманцы пераадолелі не адну тысячу кіламетраў, начуючы ў гасцініцы ці на сенавале. Дзясяткі фотаздымкаў у сямейным альбоме зафіксавалі іх цікавыя будні.
Былі і неардынарныя сітуацыі. Працавалі ў пагранічнай зоне Бераставіцкага раёна. Зацікавіліся іх работай мясцовыя кіраўнікі калгаса. Развіталіся, а з імі знік і фотаздымак з грыфам “Сакрэтна”. Ала Канстанцінаўна, дачка работніка органаў унутраных спраў, якая ў дзесяць гадоў прачытала “Следчую практыку”, ведала, якімі могуць быць наступствы такой халатнасці. Аператыўна арганізавала пошук па ўсіх правілах дэтэктыўнага жанру (да гэтай справы падключыліся пагранічнікі, спецыялісты райаддзела міліцыі, органаў дзяржбяспекі). Прапажу знайшлі назаўтра каля надворнай пабудовы ў вёсцы. Ала Канцадайла на машыне з цукеркамі паехала выкупляць здымак у жанчыны, якая яго знайшла. Задняя частка фота была выпацкана, а правая добра захавалася для далейшай работы… Пазней і кіраўніцтва экспедыцыі, і спецыялісты першага аддзела не раз прыводзілі гэты выпадак як узор аператыўнага рэагавання, граматных дзеянняў у экстрэмальнай сітуацыі.
У 1983 годзе для патрэб палявой разведвальнай экспедыцыі №1 быў пабудаваны сучасны комплекс у пасёлку Прылукі Мінскага раёна (вытворчы корпус, гаражы, складскія памяшканні, шматкватэрны жылы дом для супрацоўнікаў). У 1990-м на базе экспедыцыі ствараецца Беларускі філіял Усесаюзнага інстытута, а праз год — самастойнае Беларускае прадпрыемства сельскагаспадарчых аэрафотагеадэзічных пошукаў (БелПСХАГІ).
За гады працы (1966—1991) у якасці тэхніка, старшага тэхніка, начальніка пошукавай экспедыцыі Ала Канстанцінаўна ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Заходняга філіяла Усесаюзнага інстытута, была занесена на Дошку гонару ўстановы ў Маскве, атрымала медаль “Ветэран працы”.
У дамашніх клопатах
Нечакана па стане здароўя ў 45 гадоў мусіла развітацца з любімай справай. Але перамагла хваробу. Даглядала маці да апошніх дзён яе жыцця, мужа. Цяпер жыве ў бацькоўскай хаце па вуліцы Горкага ў райцэнтры адна. Радуецца поспехам унука Паўла, які спраўдзіў яе дзявочую мару — скончыў Акадэмію МУС, у званні капітана служыць у Следчым камітэце краіны. Падтрымлівае жанчына сувязі з былымі курсантамі, удзельнікамі экспедыцый, часта перагортвае маляўнічы фотаальбом пра гісторыю станаўлення “БелПСХАГІ”.
Летам — звычайныя клопаты ў садзе, агародзе. Яшчэ і цяпер сушыць яблыкі. Сокі ўжывае выключна ўласнага вырабу — толькі таматнага паставіла на зіму сто літраў, а для гэтага ў разборных рамках-градках вырошчвала на працягу года каля паўтысячы кустоў памідораў. І іншай вітаміннай прадукцыі хапае. Было б толькі здароўе…
Тэкст: Віктар Сабалеўскі
Фотаздымкі аўтара і прадастаўлены гераіняй публікацыі