Год исторической памяти

Вялікі дар нашчадкам: 100 гадоў з дня нараджэння Алеся Махнача

27 жніўня споўнілася сто гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, абаронцы Брэсцкай крэпасці, ураджэнца вёскі Забалацце Уздзенскага раёна Алеся (Аляксандра) Іванавіча Махнача.

З гэтай нагоды на могілкі, дзе знайшоў вечны спачын годны сын нашай краіны, завіталі члены раённага літаб’яднання “Нёманец”, работнікі культуры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Аб багатай творчай спадчыне земляка нагадала прысутным дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан. У бібліятэках раёна кнігі Алеся Махнача па-ранейшаму карыстаюцца попытам. У іх – багаты матэрыял для настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, работнікаў культуры, і не толькі ў гэты юбілейны год. Ладзяцца выстаўкі яго кніг, краязнаўцы вывучаюць шматлікія рукапісы, выклікаюць цікавасць у прысутных сустрэчы са школьнікамі, мерапрыемствы для бібліятэкараў. Алесь Іванавіч пакінуў пасля сябе цікавыя кнігі, успаміны, творчыя напрацоўкі, якія цяпер паспяхова выкарыстоўваюцца на карысць беларускай літаратуры, культуры. Не выпадкова ж яго імя ў свой час было прысвоена Забалацкай сельскай бібліятэцы, вуліцы ў Прысынку, і пахаваны ён не на сталічных могілках (у Мінску пражыў большую частку свайго жыцця), а тут, на сваёй малой Радзіме. Пакланіцца светлай памяці пісьменніка-земляка можа любы жыхар і госць Уздзеншчыны.

Некалькі гадоў таму не стала сястры Махнача Лідзіі Іванаўны, якая амаль ніколі не пакідала роднае Забалацце. На могілкі па просьбе уздзенцаў у дзень юбілею завітала яе пляменніца Галіна Пятроўна. Яна расказвала пра трыццаць гадоў сямейнага жыцця Алеся Іванавіча, прыгадала цікавыя падрабязнасці з біяграфіі дзядзькі. Любоў да блізкіх і родных, павага да вясковых жыхароў, шчырасць ва ўзаемаадносінах з кожным, хто меў з ім стасункі, працавітасць і скрупулёзнасць пры напісанні твораў заўсёды вызначалі гэтага чалавека.

Кожны, хто завітаў у той дзень на могілкі, гаварылі толькі цёплыя словы пра чалавека, які ўсё жыццё цікавіўся, словам і справамі падтрымліваў землякоў. Пра ўласную перапіску з Алесем Махначом, яго клопаты пра пачынаючых літаратараў паведаміў член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі. Настаўнік, вядомы ў раёне краязнаўца Андрэй Ярмольчык падзяліўся ўспамінамі аб сумесных мерапрыемствах, аб тым, што разам з Уладзімірам Кісялёвым наш зямляк стварыў багацейшыя напрацоўкі, якімі і праз дзесяцігоддзі з поспехам карыстаюцца ўсе, хто цікавіцца мінулым роднага краю (прыгадаем хаця б яго кнігі-нарысы “Забалацце” і “Нізок”). Супрацоўніца бібліятэкі Вольга Віяленцій паведаміла, што ў серыі “Бальзам жывых крыніц” рыхтуецца да выдання рукапіс напісаных творцам шмат гадоў таму нататак пра бібліятэчныя справы. Вершаванымі і цёплымі празаічнымі радкамі згадалі земляка члены літаб’яднання Клаўдзія Рогава і Тамара Каляда.

Вянок і жывыя кветкі ляглі да надмагільнага помніка Алеся Махнача.

Тэкст і фота Віктара Сабалеўскага