Год мира и созидания

Ад думак — да праекта. Краязнаўцы Уздзеншчыны аб’ядноўваюць свае сілы дзеля папулярызацыі роднага краю

А знакавай “фішкай” раёна, якую з гонарам называюць многія ўраджэнцы гэтых мясцін і якая аб’ядноўвае людзей розных узростаў, поглядаў, захапленняў, з’яўляецца наш Нёман, дакладней — яго вытокі. Усе больш-менш вялікія рэкі Беларусі (Прыпяць, Сож, Днепр, Дзвіна, Вілія) — транзітныя, і толькі Нёман бярэ пачатак за дзясятак з лішкам кіламетраў ад Узды, адсюль нясе свае воды ў Балтыку. Чаму б не выкарыстаць гэту акалічнасць для прыцягнення ў раён турыстаў з розных куткоў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа?

Прыгожае — побач

У рэдакцыю “Чырвонай зоркі” завіталі краязнаўца, распрацоўшчык інтэрнэт-праекта “Выток Нёмана. Уздзеншчына” Васілій Лычкоўскі і інструктар-метадыст па турызме фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Лілія Плахава. У вачах абаіх — агеньчыкі, і на працягу некалькіх дзясяткаў хвілін столькі цікавых ідэй яны агучылі, з такім энтузіязмам расказвалі пра свае планы, якія хацелася б ажыццявіць у бліжэйшы час, што, здавалася, нават самых зацятых песімістаў змаглі б пераканаць: калі моцна захацець і ўзяцца гуртам, многага можна дасягнуць.

— Мы даўно гаворым пра тое, што не толькі Мірскі замак ці Нарачанскія азёры, Белавежская пушча ці вабнасці Палесся могуць прыцягваць турыстаў, — з захапленнем тлумачыць Лілія Іванаўна. — Пасля ўскладнення эпідэміялагічнай сітуацыі, звязанай з каранавіруснай інфекцыяй, і вядомых палітычных падзей мінулых гадоў  усё менш беларусаў маюць магчымасць наведваць шыкоўныя турыстычныя аб’екты замежжа. Ці не настаў час сказаць, што для адкрыцця новага, цікавага неабавязкова адпраўляцца за тысячы кіламетраў. Яшчэ шмат чаго мы не ведаем у сябе пад бокам. І на карце Уздзеншчыны столькі цікавых мясцін. Прайшлі Год малой радзімы, Год гістарычнай памяці, у школах, установах культуры, асобных працоўных калектывах праводзілася пэўная работа па прыцягненні ўвагі жыхароў і гасцей да адметных гістарычных, архітэктурных, экалагічных помнікаў раёна. Ды ўсё ж асаблівай актыўнасці ў развіцці мясцовага турызму не назіраецца.

Да размовы далучаецца Васілій Генадзьевіч:

— Ужо звыш дваццаці гадоў я збіраю і распаўсюджваю матэрыялы пра людзей, гісторыю, культуру, прыроду нашага краю, іншыя сферы грамадскага жыцця, якія становяцца здабыткам не толькі краязнаўцаў, настаўнікаў, музейных работнікаў, але і ўсіх жыхароў раёна, яго ўраджэнцаў. Разам з дырэктарам музея Тамарай Лухверчык распрацавалі творчы праект “Выток Нёмана — выток духоўнасці”, у якім адлюстравалі багацце прыроды, расказалі пра таленавітых людзей. Стварылі краязнаўчы сайт з філіяламі ў АДНАКЛАСНІКАХ, УКантакце, на mail.ru У 2012—2013 гадах выходзіў 60-старонкавы краязнаўчы часопіс “Выток Нёмана. Уздзеншчына”. Карыстаюся матэрыяламі уздзенскіх краязнаўцаў Алеся Махнача, Уладзіміра Кісялёва, Міхаіла Лазара, Анатолія Папко, Ігара Ткачэнкі, Андрэя Ярмольчыка, іншых. Стаўлю сваёй мэтай зрабіць больш даступнымі здабыткі  папярэднікаў, тое, што будзе выклікаць цікавасць і праз дзесяцігоддзі. Хацелася б, каб усё гэта паспрыяла больш масаваму развіццю турызму…

Але нярэдка пэўныя задумкі і канкрэтныя справы не атрымліваюць належнага развіцця з-за недахопу фінансаў. Не раз даводзілася чуць ад прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў дзелавых колаў і ўладных структур: мы гатовы дапамагчы, пакажыце канкрэтны праект, дзе канкрэтна тлумачылася б, калі, куды і колькі сродкаў неабходна ўкласці. У многіх на памяці, як па ініцыятыве кіраўніка УП “Аграмашсэрвіс” Аляксандра Нікіткі прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу Уздзеншчыны за кароткі тэрмін сабралі сродкі і адрэстаўрыравалі ўязную браму касцёла. Але такіх прыкладаў няшмат.

Ёсць ідэя! Патрэбен праект

Мясцовыя  краязнаўцы перакананы: Уздзеншчына — унікальны край, калыска  ракі Нёман. Гэты факт і неабходна ўзяць за аснову для стварэння турыстычнага кластара, своеасаблівай візітоўкі, якая вабіла б сюды людзей з розных куткоў Беларусі і замежжа. А для пачатку трэба распрацаваць праект пад умоўнай назвай “Выток Нёмана”. Якім чынам?

— Магчымы некалькі варыянтаў рэалізацыі  нашай задумкі, — знаёміць са сваёй ідэяй В. Лычкоўскі. — Вось гэтай публікацыяй у раённай газеце мы запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых у развіцці турызму на Уздзеншчыне: краязнаўцаў і гісторыкаў, мастакоў і настаўнікаў, работнікаў культуры і аховы здароўя, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў дзелавых колаў… Я гатовы ўзяць на сябе ролю каардынатара і запрашаю далучыцца да агульнай справы (мой кантактны тэлефон 8-(029) 561-69-33, e-mail: http://istoknemana.ucoz.org/). Калі нас набярэцца 10 (20, 50 і больш) чалавек, мы збяромся разам і абмяркуем агульныя рысы нашага праекта. Хтосьці можа прыйсці з ужо гатовымі напрацоўкамі, схемамі, прапановамі. Разам зацвердзім усе слушныя дапаўненні і з гатовым праектам пойдзем у райвыканкам… Другі варыянт — сабраць каля вытокаў Нёмана на пленэр вядомых землякоў (скульптараў, мастакоў, творчых, дзелавых людзей), якія на працягу некалькіх дзён ці тыдняў высякаюць з каменю, вырабляюць з іншага матэрыялу эмблему знака, якая (па рашэнні кваліфікаванага журы) становіцца асновай праекта, устанаўліваецца на гэтым месцы. Трэці — персанальна звяртацца да такіх людзей з просьбай увасобіць  калектыўную задумку ў канкрэтны праект. Найбольш рэалістычны, на мой погляд, першы варыянт.

Верхнёман — не Нью-Васюкі, а турыстычны цэнтр раёна

Цяпер на месцы, адкуль бярэ пачатак вялікая беларуская рака (ускраіна лесу па-за вёскай Верхнёман у Слабадскім сельсавеце), мала што нагадвае пра яго адметнасць. Калісьці там быў устаноўлены камень з шыльдай, пасаджаны дрэўцы. Але без адпаведнага пастаяннага догляду і па прычыне рэдкага наведвання турыстамі, прадстаўнікамі мясцовых арганізацый, устаноў сёння там мала што прываблівае турыстаў. А краязнаўцы адным з магчымых варыянтаў абуладкавання гэтай мясціны (і гэта магло б легчы ў аснову будучага праекта) бачаць наступнае.

Пад праект “Выток Нёмана” адводзіцца паўгектара (гектар- паўтара) зямлі. Выконваецца рэканструкцыя вядомай легенды (памятаеце: з-пад каменя-валуна прабіваюцца на паверхню два ручайкі, Лоша і Нёманец, якія разбягаюцца ў розныя бакі, каб сустрэцца праз дзясяткі кіламетраў…): побач з каменем прабіваецца артэзіянская свідравіна, утвараюцца дзве штучныя ручаіны. Рэчышчы гэтых водных артэрый, своеасаблівых сцежак здароўя, на адлегласці некалькіх дзясяткаў метраў высыпаюцца шчэбнем ці галькай. Чалавек, які імкнецца пабыць сам-насам, прыязджае сюды, басанож ходзіць па гэтай гальцы, чытае малітвы ці проста знаходзіцца адзін на адзін з прыродай, духоўна ачышчаецца…

Побач можна абсталяваць купель. Неабавязкова такую, як пры Жыровіцкім манастыры ў Слонімскім раёне ці каля аднаго з храмаў у Лагойску. Васілій Генадзьевіч прапаноўвае паўней выкарыстоўваць прыродныя адметнасці нашых мясцін у мэтах аздараўлення. Лічыцца, што зліццё дзвюх рэк мае сакральнае значэнне, а ў нас паблізу Наднёмана злучаюцца адразу тры ракі. Вось сюды, каб паляжаць на траве, адчуць водар траў, дрэў, вады, паветра, і варта прыязджаць турыстам — са светлымі думкамі, а не з півам ды грымучай музыкай. Могуць паспрыяць аздараўленню і  валуны накшталт тых, што паблізу вёскі Камяное, і дубы-волаты, што перадаюць станоўчую энергетыку, і прыгатаваныя ў дамашніх умовах настоі са скрыпеню (іван-чаю), іншых дзікарослых раслін.

Адзін з варыянтаў можа выглядаць і так. У цэнтры парку — помнік маладой сям’і, дзе трое дзетак (не забываем пра важнасць паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі), абавязкова ў нацыянальных беларускіх строях. У розныя бакі разбягаюцца цяністыя алеі з лістоўніц, бяроз, клёнаў, кедраў, іншых парод дрэў, а пасярод іх сустракаюцца героі твораў Кандрата Крапівы. Абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для размяшчэння турыстычных палатак, перасоўнай кропкі грамадскага харчавання, гандлю вырабамі  мясцовых рамеснікаў (майстроў разьбы па дрэве, саломапляцення, керамікі, вышыўкі і інш.). Дэкаратыўныя сметніцы, арыгінальныя кантэйнеры для адходаў…

Сумесна з раённым музеем распрацоўваюцца турыстычныя маршруты рознай накіраванасці (гістарычны, літаратурны, аздараўленчы, велатурызм і г. д.). Ад музея яны вядуць у розныя куткі раёна. На аўтобусе, веласіпедах, конях, пешшу… Ствараецца агульнае інфармацыйнае поле, адпаведнае рэкламнае забеспячэнне. Турыстам прапаноўваецца разнастайная сувенірная прадукцыя: маляўнічыя фотаальбомы, буклеты, паштоўкі, пакеты, кубкі, значкі з лагатыпам турыстычнага брэнда “Выток Нёмана. Уздзеншчына” ці адпаведнай падзеі, асобы. Іх можна ўручаць знакавым асобам, гасцям, што наведваюць раён, а частку прадаваць за грошы, адкрыўшы пры ўжо існуючых гандлёвых плошчах асобны аддзел, куток сувеніраў з уздзенскай сімволікай.

Тэкст: Віктар Сабалеўскі  

Фота Сяргея Шарая і Васілія Лычкоўскага