«Белая Русь» падвяла вынікі на справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённай арганізацыі гэтага грамадскага аб’яднання
Па выніках пяцігодкі станоўчая ацэнка дадзена рабоце раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Пра гэта ішла размова падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі, што адбылася на мінулым тыдні.
Як адзначылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Пятровіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Салавей, іншыя прадстаўнікі грамадскасці, гэта арганізацыя заняла годнае месца ў грамадскім жыцці горада і раёна.
У сваім дакладзе старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Алена Герасімовіч звярнула ўвагу, што асноўнымі задачамі раённай арганізацыі, як і па краіне ў цэлым, з’яўляюцца кансалідацыя беларускага грамадства, аб’яднанне ўсіх канструктыўных сіл і падтрымка ўлады на ўсіх узроўнях. У сваёй рабоце раённая арганізацыя заўсёды адчувае дапамогу і падтрымку з боку адміністрацыі раёна.
– Не магу не адзначыць, што наша арганізацыя з’яўляецца важным складнікам існуючай грамадзянскай супольнасці краіны. Хацелася б выказаць вам, калегі, падзяку за тое, што мы сумеснымі намаганнямі выстаялі ў гэтай барацьбе. Цяпер паспяховае развіццё Рэспублікі Беларусь шмат у чым залежыць ад ўзаемадзеяння дзяржаўных структур з грамадскімі аб’яднаннямі. Думаю, мы і надалей працягнем сумеснымі намаганнямі выконваць тыя задачы, якія перад намі ставіць кіраўніцтва нашай дзяржавы, – падкрэсліла Алена Леанідаўна.
А наколькі плённай была работа «Белай Русі», можна меркаваць па колькасці праведзеных мерапрыемстваў, у тым ліку і сумесна з прафсаюзнай арганізацыяй, бібліятэчнымі работнікамі. Актывісты «Белай Русі» – пастаянныя ўдзельнікі шматлікіх акцый, што ладзяцца кожны год як на рэспубліканскім, так і раённым узроўнях: аўтапрабегі, дэсанты падтрымкі да навучальнага года, форумы, акцыі па ўшанаванні хлебаробаў і г.д.
Па выніках канферэнцыі праца раённай арганізацыі за справаздачны перыяд прызнана здавальняючай. Рады арганізацыі папоўніла малады педагог Суткаўскай школы Марыя Зябора, якой быў уручаны членскі білет і значок.
Калі паўстала пытанне, каму ж надалей узначальваць суполку, прысутныя аднагалосна прагаласавалі за кандыдатуцру дзеячай старшыні.
– Раённая арганізацыя і надалей будзе працягваць працаваць над новымі формамі дзейнасці, напаўняць іх новым зместам, каб згода, разуменне і павага паміж людзьмі заставаліся прыярытэтнымі каштоўнасцямі ў грамадстве, – адзначыла Алена Герасімовіч.
Тэкст: Вера ЛУКАШЭВІЧ
Фота Сяргея ШАРАЯ