Меню

З камсамольскім запалам. Былая даярка Тамара Паніч пасля выхаду на пенсію стала сацыяльным работнікам

А яшчэ Тамара Міхайлаўна з’яўляецца старастам вёскі Ракашычы, першым дарадчыкам у старшыні Нёманскага сельвыканкама па многіх пытаннях грамадскага жыцця. Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, багатай на цікавыя падзеі ўласнай біяграфіяй, яна і ў немаладым узросце не жадае заставацца прывязанай толькі да тэлевізара і свайго падворка, імкнецца быць карыснай для іншых.

Са сталіцы – на ферму

Зайздросцілі Томе Філімончык аднакласнікі, аднавяскоўцы – пасля школы ёй з невялічкай вёсачкі Здаровец пашчасціла без спецыяльнай адукацыі ўладкавацца на работу ў сталіцы. І не абы-куды, не на будоўлю ці завод са шкоднымі ўмовамі працы (хаця і на такі занятак многія не маглі натрапіць – быў час, калі з калгасных вёсак увогуле немагчыма было пераехаць у горад), а ў сталовую пры Мінскім  вышэйшым зенітна-ракетным вучылішчы.

Выпадкова знаёмыя парэкамендавалі дзяўчыну тамашняму кіраўніцтву. Нічога страшнага, што «пасада» самая маленькая, кухоннай рабочай. За дзень сотні талерак, місак трэба перамыць, дзясяткі сталоў перацерці. Але затое з якой зайздрасцю пазіралі на яе знаёмыя дзяўчаты, калі расказвала, якія маладыя ды прыгожыя будучыя афіцэры заходзяць у сталовую, пра што гавораць. Пакуль не звяртаюць на яе, «зялёную», увагі, праз год-другі пасталее, заробіць на мадняцкія абноўкі, вось тады…

Ды не суджана было збыцца такім дзявочым марам. Не стала яна жонкай ці хаця б сяброўкай чалавека ў пагонах, у крайнім выпадку – сталічнага жыхара. Лёс распарадзіўся так, што вярнулася ў свой Здаровец, а мужам стаў вясковы хлопец Уладзімір Паніч, які працаваў у паляводчай брыгадзе, а пазней – слесарам на ферме.

На ферму ўладкавалася і Тамара. Хоць да яе некалькі кіламетраў, але што значыць такая адлегласць для маладых ног? Так думалася летам, а надышла зіма, мяцеліца замяла дарогу да Ракашычаў, і настрой у маладой даяркі пагоршыўся. А пасля сустрэчы з ваўкамі і ўвогуле страшна стала пасярод ночы дабірацца на ранішнюю дойку. Каб яшчэ былі спадарожнікі, а то адной. Параілі старэйшыя браць з сабой факел – баяцца шэрыя разбойнікі агню. Так і хадзіла восем гадоў, пераадольваючы страх.

А работа была нялёгкай. 18 кароў даіла ўручную, цягала посцілкі і тачкі з кормам, тоны гною шуфлем пераварочвала. Гэта была такая фізічная загартоўка, што пасля на працягу астатняга працоўнага жыцця ніякія фізічныя цяжкасці больш не палохалі.

Пазней побач з існуючым будынкам фермы пабудавалі новы кароўнік з малакаправодам. Доўга давялося прывучваць кароў да новага месца, бо пасля пашы ці прагулкі ў выгульным двары яны па звычцы беглі да ранейшых стойлаў. Цяпер Тамара абслугоўвала 70 жывёлін.

Каманда яе маладосці

Стала лягчэй, калі тагачасны старшыня калгаса «Усход» Анзор Тападзе выдзеліў сям’і (нарадзіліся два сыны) дом у Ракашычах. А пасля яшчэ адна падзея на некалькі гадоў наперад стала адметнай у жыцці даяркі і яе сябровак. Па ініцыятыве райкама камсамола і пры поўнай падтрымцы калгаснага кіраўніцтва пры Ракашыцкай ферме арганізавалі камсамольскае звяно. У яго акрамя Тамары Філімончык увайшлі маладыя даяркі Ніна Зыблюк, Ніна Лазарэвіч і Тамара Балабанчык.

Загадчык фермы Іван Суднік (пазней гэтую пасаду заняла Ніна Зыблюк) ніякіх спецыяльных умоў для маладзёжнага звяна не ствараў, але ведаў, што калі пры наведванні фермы прадстаўнікамі райкама камсамола ці райсельгасупраўлення хтосьці з дзяўчат паскардзіцца, што нясвоечасова падвезлі салому ці транспарцёр гноевыдалення доўгі час не працуе, — нездабраваць.

І дзяўчаты працавалі з запалам, бо паабяцалі ім: за паспяховае выкананне ўмоў сацыялістычнага спаборніцтва, за павелічэнне паказчыкаў будуць добрыя прэміі. Сталі расці надоі. Ракашыцкія даяркі займаюць першае месца ў раённым конкурсе маладых майстроў машыннага даення, займаюць перадавыя пазіцыі сярод калектываў ферм увогуле. Камсамольскае звяно прымае ўдзел у абласным конкурсе жывёлаводаў, а Тамара Філімончык узнагароджваецца граматай, ёй прысвойваецца званне «Лепшы малады жывёлавод». Былі і іншыя заахвочванні за поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве, высокае прафесійнае майстэрства.

— У тыя гады людзі з паляводчай брыгады атрымлівалі па 70-80 рублёў у месяц, трактарысты ў міжсезонне – 100-130, а члены нашага звяна – па чатырыста рублёў і больш, — з гонарам успамінае Тамара Міхайлаўна. – Нам нават галоўныя спецыялісты калгаса зайздросцілі.

Дзякуючы такім працоўным дасягненням членаў камсамольскага звяна часта запрашалі на экскурсіі, у падарожжы. Па прафсаюзных пуцёўках можна было наведаць славутыя мясціны Беларусі, нават за мяжу адправіцца. Але работнікі фермы не маглі падарожнічаць усім калектывам – адна падменная даярка не справіцца з усім пагалоўем. Таму ездзілі па чарзе. У альбомах Тамары Паніч і сёння нагадваюць пра тыя незабыўныя часы фотаздымкі, успаміны ад наведвання Брэста і Нарачы, Масквы і Ленінграда, Адэсы і Кішынёва, Югаславіі і Германіі…

Адпачынак без адпачынку

Пенсію Тамара Міхайлаўна атрымала ў пяцьдзясят гадоў. Зайздросцяць такому ранняму перыяду яе афармлення толькі тыя, хто не мае ўяўлення пра тагачасныя ўмовы працы ў жывёлагадоўлі. Але і пасля гэтага працягвала працаваць, пакуль у 2011 годзе ферма не спыніла свайго існавання. Было ў той час жанчыне 62 гады. Хоць і здароўе ўжо было не тое, што 20 ці 30 гадоў таму, але не хацелася заставацца сам-насам са сваімі думкамі, абмяжоўваць далейшае жыццё рэдкімі сустрэчамі з унукамі-праўнукамі, былымі сяброўкамі, суседзямі.

Адпачынак быў нядоўгім. Прапанавалі Тамары Паніч заняць пасаду сацыяльнага работніка – доўгі час не маглі адшукаць чалавека, які б прыязджаў у Ракашычы і дапамагаў адзінокім пажылым людзям. Гэта раней вёска была шматлюднай, і моладзь тут заставалася.

— Калісьці ў нас працаваў клуб (я нават некалькі гадоў па сумяшчальніцтве з работай на ферме была яго загадчыцай, бо мой дом стаіць цераз дарогу ад культустановы), фельчарска-акушэрскі пункт, магазін (пасля яго закрыцця гадоў дзесяць прыязджала ў вёску аўтакрама, толькі нядаўна прыватнік выкупіў былы будынак, адкрыў сваю гандлёвую кропку), — расказвае Тамара Міхайлаўна. – А цяпер з амаль 200 дамоў на чатырох вуліцах на зіму застаюцца жылымі толькі 20. Хто дапаможа адзінокім пажылым? Аўтобус да Узды толькі па пятніцах два рэйсы робіць, тры разы на тыдзень можна ў Дзяржынск трапіць, да Логавішчаў пяць кіламетраў. Дачнікі на лета прыязджаюць, тры чалавекі з Мінска летась узялі ў нас участкі для будаўніцтва жылля. Можа, з часам і вернецца сюды актыўнае жыццё, а пакуль мне трэба дапамагаць адзінокім.

Раней Паніч абслугоўвала 9 пажылых людзей Ракашыч. Сёння яе падапечнымі з’яўляюцца былыя даяркі Леакадзія Палагіна і Святлана Астравух, палявод Віктар Траццяк і абпальшчык лазні Леанід Фядорын. Чакаюць яны, каб прынеслі ў хату ваду, дровы, сцежку ад снегу прыбралі, бульбу пачысцілі, фіранкі з вокнаў памылі, дапамаглі павесіць, іншыя дробныя хатнія клопаты аблегчылі.

Каторы ўжо год Тамара Міхайлаўна з’яўляецца старастай вёскі, летась за гэтую грамадскую работу атрымала грамату і прэмію. Заўважыць яна, што настаў час навесці парадак каля помніка загінулым у гады вайны землякам, што хтосьці выкінуў да кантэйнераў са смеццем старое драўлянае крэсла (яго ж можна было на падворку спаліць), іншыя дробязі, ад якіх залежыць настрой месцічаў. Такі вось заслужаны адпачынак у гэтай жанчыны.

Тэкст: Віктар САБАЛЕЎСКІ  

 Фота Сяргея ШАРАЯ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59