Меню

Успаміны напярэдадні Дня Перамогі

Дзень Перамогі – свята радасці і смутку, да якога ў кожнага з нас асаблівыя адносіны. Для прадстаўнікоў майго пакалення, як у вядомай песні, – са слязамі на вачах.

Хачу расказаць адну гісторыю, якую чула ад маіх бацькоў, пра Героя Савецкага Саюза генерала Дзмітрыя Карбышава.

На пачатку Другой сусветнай вайны служыў ён на заходніх рубяжах Савецкага Саюза – у БССР, адказваў за інжынерныя збудаванні ваенных абарончых аб’ектаў дзяржавы.

Мы ведаем, што фашысцкая Германія вераломна, без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Першыя ўдары прыняла на сябе Беларусь.

Дзмітрыю Карбышаву разам з радавымі салдатамі прыйшлося браць у рукі зброю і страляць па няпрошаных гасцях. Сілы былі няроўныя, і ў хуткім часе генерал і яшчэ некалькі ваеннаслужачых апынуліся ў кальцы. Вырашылі не здаваццаў палон, а паспрабаваць выбрацца з акружэння любой цаной. Так здарылася, што лёс прывёў Карбышава ў Нізок. Яму даў прытулак настаўнік па прозвішчы Лычкоўскі, які тады быў дырэктарам Нізаўской сямігодкі.

Пра партызан яшчэ і гаворкі не было, а фронт аддаляўся на ўсход. Мясцовасць понасцю акупіраваў вораг. З’явіліся і першыя паліцаі, якія пранюхвалі пра акружэнцаў, бо вельмі ж хацелася выслужыцца перад новай уладай. І яны гатовы былі пайсці на самае страшнае злачынства. Настаўнік Лычкоўскі гэта добра разумеў. Параіўся з надзейнымі людзьмі, як зберагчы жыццё рускаму генералу і сваю сям’ю. Людзі, сярод якіх быў і мой бацька, параілі настаўніку прадставіць генерала Карбышава як свайго самага блізкага сваяка. Мама з бабуляй акружэнцу нават падарылі вышытую палатняную кашулю з самабытным поясам, каб быў падобны на мясцовых мужыкоў. Дзмітрый Карбышаў хадзіў на луг з касой на плячы, касіў траву, сушыў сена, а калі вяскоўцы садзіліся адпачываць, абедаць, некаторыя нават запальвалі самаробныя цыгарэты (тытунь, закручаны ў газетную паперу), генерала выдавала яго інтэлегентнасць, рукі з далікатнымі пальцамі.

Пажыўшы нядоўгі час у надзейных людзей, Карбышаў ветліва папрасіў гаспадара, каб той дапамог яму паказаць менш небяспечны шлях да сваіх на ўсход, адкуль усё слабей і слабей чуліся гукі артылерыйскай кананады. Лычкоўскі выканаў просьбу генерала. Сям’я сабрала яму торбачку з няхітрай ежай, і цёмнай ноччу настаўнік правёў генерала да лініі фронту. На гэтым успаміны маіх родных абрываюцца…

… Толькі ў 60-я гады мінулага стагоддзя я выпадкова прачытала ў гістарычных матэрыялах пра жыццё і трагічны лёс Дзмітрыя Карбышава. Загінуў ён у 1942 годзе ў канцлагеры Майданек: абліты ледзяной вадой у дваццаціградусны мароз, ён застаўся жыць назаўсёды. Перад сваёй смерцю генерад Карбышаў размаўляў з самім Адольфам Гітлерам, які за вялікую ўзнагароду прапаноўваў яму супрацоўнічаць з Германіяй: «Вы рускі граф, царскі генерал, навошта працуеце, служыце бальшавікам, камуністам? Яны ў вас забралі ўсё: багацце, тытул, славу…» На што Карбыўшаў адказаў: «Я служу сваёй Радзіме, назва якой – Расія. Я хачу застацца Чалавекам!»

Вось такі эпізод прыгадаўся мне гэтымі днямі. Хочацца нізка-нізка пакланіцца ветэранам Вялікай Айчынай вайны, схіліць галаву перад загінулымі, якія змагаліся за мір, светлую будучыню, верылі ў справядлівасць і дабро.

Валянціна САЧЫК, ураджэнка вёскі Нізок

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59