Конкурс чытачоў прайшоў у раённай бібліятэцы
Іх дэкламавалі ўдзельнікі конкурсу чытачоў «Знаёмцеся: новыя таленты», што праходзіў у цэнтральнай раённай бібліятэцы, названай у гонар знакамітага земляка. Вёска Нізок на Уздзеншчыне – яго малая радзіма.
Пра жыццёвы і творчы лёс Паўлюка Труса, як аднаго з самых таленавітых паэтаў беларускай літаратуры 1920-х гадоў, члена літаратурнага аб’яднання «Маладняк», нагадала бібліятэкар Алена Кучук.
У скураной тужурцы, вышыванай кашулі, падпярэзанай саматканым поясам з тоўстымі кутасамі – такім запомніўся сябрам і сучаснікам вясковы хлопец. Ён прыцягваў да сябе не толькі як просты, адкрыты, добры чалавек, але і як усебакова адораная асоба. Кола інтарэсаў Паўлюка было шырокае: спяваў, выступаў акцёрам, валодаў майстэрствам артыста-дэкламатара, ставіў п’есы, маляваў дэкарацыі. Яго вылучалі высокі палёт думкі, майстэрства валодаць трапным словам.
Творчасць Паўлюка Труса змоўкла на самай высокай ноце, калі яму было ўсяго 25 гадоў. Таленавітага беларускага паэта забрала хвароба – тыф. Засталася паэтычная спадчына, якая дагэтуль чаруе цеплынёй, багаццем мастацкай палітры, музычнасцю і хараством, што прадэманстраваў конкурс чытання вершаў.
«Веюць ветры», «Я пакахаў цябе да слёз» – гэтыя і іншыя творы прагучалі з вуснаў Клаўдзіі Парэчын, Дар’і Урбановіч, Марыны Зяборы, Аліны Юрэвіч, Кацярыны Нісцюк, Ангеліны Піліпавец. Ад некаторых радкоў лёгка і ўзнёсла, іншыя схіляюць да роздуму і разваг. Максім Шчамянок, удзельнік абласнога літаратурна-мастацкага свята, што прысвячалася памяці Паўлюка Труса ў сёлетнім маі, па-за конкурсу прадэкламаваў твор паэта «Вясна, вясна, у цвеце нівы, цвітуць асмуглыя сады».
Вылучыць найлепшых сярод прыхільнікаў творчасці знакамітага земляка было няпростай задачай для журы. Усе атрымалі заслужаныя дыпломы і падарункі ад спонсара мерапрыемства – раённага камітэта БРСМ. Але не гэта галоўнае. Важна тое, што творчасць Паўлюка Труса жыве, яднае і па-ранейшаму спрыяе ўсебаковаму развіццю моладзі.
Наталія СТАНКЕВІЧ