Меню

Жыхары аграгарадка Хатляны і бліжэйшых вёсак да канца гэтага года атрымаюць прыродны газ

Нагадаем, што паўтара года таму блакітнае паліва па нітцы ад райцэнтра прыйшло ў вытворчыя будынкі і жылы сектар на вуліцах пасёлка агракомплекса «Белая Русь». У той жа час распачыналіся падрыхтоўчыя работы для газіфікацыі хатлянскіх вуліц і вёсак, што прымыкаюць да аграгарадка. Пра сённяшні стан спраў у гэтай рабоце карэспандэнту «Чырвонай зоркі» расказаў старшыня спажывецкага кааператыва газіфікацыі «Хатляны-2015» Сяргей Пазняк.

– Спачатку, Сяргей Канстанцінавіч, патлумачце, чаму ў назве кааператыва прысутнічае такая дата.

– Справа ў тым, што менавіта ў той год нам стала вядома аб рашэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта аб пракладцы ніткі газаправода да нашага населенага пункта. Мы даведаліся, што для падводу паліва да прыватных падворкаў неабходна стварэнне такога кааператыва, і скарысталіся гэтай магчымасцю. Першапачаткова жаданне стаць членамі кааператыва выказалі звыш ста чалавек. Гэта былі жыхары вуліц Маладзёжнай, Лугавой, Набярэжнай, Палявой і Калгаснай вёскі Хатляны, а таксама насельнікі Забалацця, Чырвонай Горкі і Дуброўкі. Правялі неабходныя падрыхтоўчыя работы, зарэгістравалі наша аб’яднанне ў райвыканкаме і сталі чакаць непасрэднага пачатку работ.

За гэты перыяд былі атрыманы тэхнічныя ўмовы ад спецыялістаў дарожнай службы, Дзяржаўтаінспекцыі, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, іншых службаў. Аформілі акт на зямлю ў Белгіпраземе. Распрацавана каштарысная дакументацыя на выкананне неабходнага аб’ёму работ. Праект прайшоў экалагічную экспертызу.

Пэўная затрымка здарылася па той прычыне, што ў ходзе рэалізацыі намечаных планаў высветлілася: адна з вуліц Хатлян, дзе мяркуецца пракласці газавую нітку, афіцыйна размешчана на землях, прызначаных для сельгасвыкарыстання. Некалькі месяцаў спатрэбілася для таго, каб з дапамогай пэўных інстанцый перааформіць гэтыя ўчасткі і аднесці іх да межаў населенага пункта. Давялося паўторна ўзгадняць праект з названымі вышэй службамі, зноў праходзіць экспертызу. А за гэты час і расцэнкі на выкананне некаторых работ змяніліся.

Урэшце рэшт усе адміністрацыйныя працэдуры выкананы. Рашэннем аблвыканкама на выкананне неабходнага аб’ёму работ выдзелена шэсцьсот тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Нагадаем, што ў адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай газіфікацыі населеных пунктаў краіны 70 працэнтаў расходаў на гэтую справу бярэ на сябе дзяржава, астатнія 30 – уласныя сродкі будучых карыстальнікаў блакітнага паліва.

– 28 красавіка заказчык, вытворчае ўпраўленне «Дзяржынскгаз» у складзе аб’яднання  «Мінскаблгаз», аб’явіў тэндар на выкананне работ па пракладцы газаправоднай лініі, – зазначае Сяргей Канстанцінавіч. – Заяўкі прымаюцца да 13 мая, і калі таргі адбудуцца, ужо 15 мая стане вядомы канкрэтны выканаўца, а ў чэрвені ў Хатлянах з’явяцца тэхніка і людзі. Плануемы тэрмін здачы аб’екта ў эксплуатацыю – кастрычнік гэтага года.

Сёння ў Хатлянах працуюць людзі на пракладцы адгалінавання ад існуючай у Хатлянах газавай лініі да пасёлка Габрыелеўка Пухавіцкага раёна. Назіраючы за тым, як хутка, літаральна на вачах, працягласць траншэі з укладзенымі трубамі павялічваецца на сотні метраў, 116 членаў кааператыва, іх сем’і, іншыя жыхары аграгарадка з аптымізмам чакаюць такога ж хуткага завяршэння работ і па хатлянскіх вуліцах, каб Новы год сустрэць з такім доўгачаканым падарункам.

Тэкст: Віктар САБАЛЕЎСКІ 

Фота Сяргея ШАРАЯ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59