Дзевяцікласнікі Уздзенскай гімназіі сустрэліся з пісьменнікам і бібліятэкарамі

Сустрэчу прымеркавалі да Дня роднай мовы.

Цікавую размову пра важнасць і неабходнасць ведання роднай мовы ў жыцці кожнага беларуса распачала бібліятэкар Алена Кучук. А яе калега Вольга Віяленцій захапіла гімназістаў гульнёй “Знайдзі адпаведнік”. На асобных лісточках яна выпісала такія цікавыя, але рэдка ўжывальныя беларускія словы, як, скажам, “імбрычак”, “дубэльты”, “квач”, “на кукішках”, “аблавуха”, і старшакласнікам неабходна было не толькі знайсці адпаведнае слова на рускай мове (некаторыя хутка справіліся з такой задачай з дапамогай тэлефоннага перакладчыка), але і растлумачыць яго сэнс, прывесці прыклады яго ўжывання. А яшчэ вучні называлі беларускія прыказкі і прымаўкі, чыталі любімыя вершы на роднай мове. Некаторыя пакідалі бібліятэку з новымі кнігамі беларускамоўных літаратараў.

Спадабалася ўдзельнікам мерапрыемства і сустрэча з паэтам, журналістам, членам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктарам Сабалеўскім, які ўсе свае дзевяць кніжак паэзіі і прозы напісаў выключна на беларускай мове. Ён расказаў пра пачатак сваёй літаратурнай дзейнасці, асноўныя тэмы творчасці, паведаміў, як да яго прыходзіць натхненне, выказаў меркаванне, як захапіць мастацкім словам сучасную моладзь. З цікавасцю праслухалі падлеткі яго лірычныя і гумарыстычныя вершы, творы грамадзянскага гучання.

Сяргей Васільчук

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59