Год исторической памяти

Свята вёскі Навасады сабрала разам людзей цікавых і працавітых

Зусім невялікі гэты населены пункт. У 12 дамах жывуць пастаянна толькі сем чалавек, а сабралася ў мінулы суботні надвячорак на вясковай вуліцы некалькі дзясяткаў – выйшлі дачнікі з сем’ямі, папрыязджалі з гарадоў дзеці, унукі, з суседніх вёсак завіталі паслухаць музыку, даведацца пра жыццё месцічаў цікаўныя. “Даўно ў нас так людна, так цікава не было!” – зазначалі пасля навасадаўцы.

Няма ў вёсачцы ні клуба, ні магазіна, іншай грамадскай установы, таму месцам для свята абралі лагчынку пасярод вуліцы. Загадзя ўпрыгожылі сцены бліжэйшага дома, надворных пабудоў плакатам-афішай (пастараўся Мікалай Старавераў), гардзінамі-дыванамі, пасярод якіх ганаровае месца занялі мятровай даўжыні вянкі з цыбуляй, пучкі з часнаком (з кулак галоўка!). А побач на лаўках, століках, траве разгарнулася выстаўка-продаж вырабаў мясцовых культработнікаў, майстроў-умельцаў: тут і плеценыя кошыкі, і вязаныя кручком шкарпэткі, і лялькі, і вышыванкі.

Пачалося мерапрыемства з прывітальных слоў арганізатараў свята – загадчыцы Камянкоўскага сельскага клуба-бібліятэкі Кацярыны Шышко і культарганізатара Святланы Чарнушэвіч. Прыемным сюрпрызам для ўсіх стала выступленне сямігадовага Косці Мазыркі – з такой дзіцячай непасрэднасцю і някепскімі вакальнымі данымі выканаў ён гімн Беларусі! Не дарэмна колькі часу трэніраваўся!

Краявіды родныя, мілыя

Любай радзімы маёй.

Сады гамоняць лістотаю

У Навасадах вясной.

Хаты да поля туляцца,

Там, дзе пшаніца шуміць.

Дзеці бягуць па вуліцы,

Бусел над вёскаай ляціць…

Такія пранікнёныя радкі прысвяціў вёсцы, у якой жыве з вясны да восені, Мікалай Старавераў. Падобных прыгожых вершаваных і празаічных слоў, кранаючых душу мелодый нямала прагучала ў той дзень і з вуснаў вядучых, і ад запрошаных з вёскі Румок самадзейных артыстаў, Алы Кунцэвіч і Уладзіміра Фарапонтава.

Хвілінай маўчання землякі ўшанавалі памяць жыхароў Навасадаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прозвішчы Іосіфа Дубовіка, Івана Клімовіча і Сігізмунда Клімовіча высечаны на помніку, што ўстаноўлены непадалёк ад вёскі.

З асаблівай увагай слухалі прысутныя выступленне старшыні Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў Таццяны Пракацень.

—У кожнай вёсцы жывуць цікавыя, працавітыя, шчырыя людзі, — зазначыла Таццяна Паўлаўна. – Штогод нашы сельскія населеныя пункты прыгажэюць, тут набываюць дамы для пастаяннага пражывання людзі з гарадоў, іншых вёсак, і яны ажываюць дзіцячымі галасамі, новымі і раней існуючымі традыцыямі.

Ад імя кіраўніцтва саўгаса “Гарадок” Т. Пракацень уручыла падарункі былым працаўнікам гаспадаркі – даярцы, цялятніцы, паляводцы, маці пецярых дзяцей Алене Іосіфаўне Барталевіч і жывёлаводу з саракадовым стажам Валянціне Вікенцьеўне Коршук. А. Барталевіч удастоена падарунка і ад сельвыканкама, як самы пажылы жыхар вёскі. Васьмідзесяціаднагадовая жанчына не змагла прыняць падарункі і пачуць цёплыя словы ў свой адрас, хворыя ногі, ушанаванні прыняў яе сын. Падарункі ўручаны і тым, хто падрыхтаваў свята, прыняў удзел у яго правядзенні. Атрымаў сувенір і вадзіцель саўгаса Сяргей Малашэвіч, які зусім нядаўна пасяліўся ў Навасадах, дзе гаспадарка набыла для работніка пустуючы раней дом.

Прыгадалі вядучыя гісторыю вёскі. Не тыя сёння Навасады, што былі сто і больш гадоў назад, калі вёска і назву іншую мела – Бабалі. Не бедныя і адзінокія людзі цяпер тут жывуць! Сведчаць пра гэта і багатыя на ўраджай падворкі, сады, і прыгожыя ўборы месцічаў, і той настрой, з якім прыйшлі на свята. У танцавальным карагодзе асобнымі групамі танцавалі дзеці, унукі А. Барталевіч і В. Коршук, пайшлі ў скокі і госці з суседніх вёсак.

Запамінальнай падзеяй у жыцці Навасадаў застанецца праведзенае тут свята.

Тэкст і фота: Віктар Сабалеўскі