Меню

Вясковыя музыкі

(з кніжкі вершаў Мікалая Караля “Дарогамі жыцця”, выдадзенай у 1997 годзе)
Мае браты. Другое слова
Пра вас мне цяжка і знайсці.
Я сябраваць заўжды гатовы
З такімі хлопцамі ў жыцці.
У горы, цяжкай адзіноце
Дапамагалі вы не раз.
У адпачынку і рабоце
Знайду падмогу я ад вас.
Як сядзем дружненька у крузе,
Падгонім струнаў галасы,
Здаецца, шэпчуць травы ў лузе
Слязінкай ранняе расы.
А як зайграем полькі, вальсы —
Душа, здаецца, рвецца ў рай.
Па струнах самі ходзяць пальцы —
Жыві, Мікола, не ўмірай.
А колькі радасці, настрою,
Калі паклічуць выступаць!
Няма тады у нас спакою,
Паўдня гатовы мы іграць!
Ці рэпеціруем да поту,
Пакуль не сядзе сонца ў лес.
Каб кожны правільна браў ноту,
Раней патрэбнага не лез.
А жонкі побач папраўляюць:
Вось тут не гэтак, там — не так,
Хоць пець і таленту не маюць,
Ды кожны ў музыцы мастак.
“Ты, Шура, ціснеш свой гармонік,
Што нават скрыпкі не чуваць…
Хай памаўчыць, Міхась, твой конік,
Тут балалайцы лепш іграць…”
Як толькі ў хату завітаеш,
То скрыпку ў рукі сам бярэш.
“Садзіся з намі, Мікалаю,
Пакуль іграць, крыху паеш..”
Кажу: “Варыў булён, катлеты,
Мачанку з пеўня на паду,
Я не захоўваю дыеты,
Кладу ў рот шмат што на хаду…”
Ды зноўку я за стол сядаю,
Братам удзячны ад душы,
Кажу сабе сам: Мікалаю,
Пра іх ты кніжку напішы…

Засталося для нашчадкаў
Культурная прастора
Не народныя, але з народа
На працягу дзесяцігоддзяў радавалі сваёй творчасцю жыхароў і гасцей вёскі Нізок самадзейныя музыкі
Як той калекцыянер з Мінска Уладзімір Ліхадзедаў, які гадоў дваццаць адкрывае для жыхароў Беларусі асобныя моманты гісторыі краіны праз фотаздымкі з асабістых архіваў, так і уздзенскі фотамайстар Вячаслаў Якубоўскі паказвае са сваіх запаснікаў кадры, якія дапамагаюць нам зазірнуць на дзясяткі гадоў назад, успомніць падзеі і асоб, што калісьці былі ў цэнтры ўвагі.
На гэты раз ён прадаставіў фотаздымак, зроблены падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай байкі, што праходзіў летам 1996 года ў вёсцы Нізок і быў прымеркаваны да стагоддзя Кандрата Крапівы. Па вясковай вуліцы, на ўсю яе шырыню, крочыць натоўп людзей у нацыянальных строях і ў звычайнай вясковай вопратцы, а наперадзе — музыкі. І сярод іх тры пажылыя мужчыны, з гармонікам, скрыпкай і балалайкай. Браты Міхаіл Аляксандравіч і Аляксандр Аляксандравіч Барталевічы і Мікалай Канстанцінавіч Кароль, якіх у акрузе ведалі як самадзейны ансамбль “Нізаўскія музыкі”.
Менавіта так, а не “нізоцкія”, як спрабавалі называць іх некаторыя спецыялісты-мовазнаўцы з вобласці, тлумачачы гэта правіламі арфаграфіі. “Ніхто так у Нізку не гаворыць, — спрабаваў даказаць адзін з завадатараў гурта Мікалай Кароль, — і мы не будзем”. Або ўзяць шыльду “Цяплень”, якую сталічныя дарожнікі павесілі пры паваротцы на населены пункт, хаця ніколі ў гэтай вёсцы так націск не ставілі і ў маўленні такую назву не ўжывалі.
Але сёння не пра гэта размова. Старое фота нагадала пра самадзейных музыкаў. Такіх сёння на Уздзеншчыне не засталося і наўрад ці ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі здольныя будуць такіх падрыхтаваць. На жаль, нікога з той тройкі ў жывых ужо няма.
З чаго пачыналася
Прыгадвае Ларыса Міхайлаўна Барталевіч, дачка аднаго з музыкаў, пенсіянерка ўжо, якая летам прыязджае ў Нізок даглядаць удаву Міхаіла Аляксандравіча Антаніну Тарасаўну, былую настаўніцу, а на зіму пераязджаюць у Самахвалавічы.

— У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя памерла жонка Мікалая Канстанцінавіча. Застаўшыся адзін, сумаваў. Пісаў вершы, вазіў іх у рэдакцыю, але, зноў жа, значную частку вольнага часу (а яго ў пенсіянера хапала) праводзіў у адзіноце. Неяк сустрэліся на вуліцы, разгаварыліся. Спытаў, як здароўе Антаніны Тарасаўны, з якой калісьці ў школе працаваў, ды і ў мяне быў класным кіраўніком. Добры, шчыры чалавек, паважалі яго і вучні, і калегі, і вяскоўцы. Папрасіла завітаць калі-небудзь — весялей будзе пагаварыць у знаёмай кампаніі. І праз дзён колькі заходзіць Канстанцінавіч. А мой бацька, Міхаіл Аляксандравіч, які ветурачом у калгасе “Чырвоны Кастрычнік” працаваў, таксама на пенсію ўжо выйшаў, балалайку ў руках трымае.
— Крыху іграеш яшчэ ці толькі пыл праціраеш? — спытаў госць.
— Калі-нікалі пад настрой пабрынькаю. Во паслухай…
І зайграў народную мелодыю.
— А я ж раней на скрыпцы файна іграў, — ажывіўся Кароль. — Нават у школе часам прасілі што выканаць. Цяпер неяк не да грання.
— А ты зайдзі як-небудзь з інструментам, паслухаю. Мо і разам што згарбузуем.
Сямейная традыцыя
Міхаіл Барталевіч быў самавукам. Ніхто ніколі не выкладаў яму нотную грамату, але з малых гадоў музыка прысутнічала ў іх доме.
Маці, якую ў Нізку звалі бабай Гэляй, маючы толькі трохкласную адукацыю, хораша спявала, сябравала з гумарам, ведала на памяць многія вершы. На вясковых пасядзелках так па-майстэрску дэкламавала ўрыўкі з паэмы “Дзясяты падмурак” Паўлюка Труса, што заслухоўваліся жанчыны. І на Беларускае тэлебачанне запрасілі. Да 95 гадоў дажыла. А ў Нізок яна трапіла з вёскі Сямёнавічы, выйшла сюды замуж з сям’і, у якой было адзінаццаць дзяцей. І сястра Гэлі на скрыпцы, гітары іграла, вучыла гэтаму іншых.
Перадаліся гены дзецям. Дачка Аляксандра і Гэлі Валянціна з малых гадоў прыгожа спявае, цяпер у Мінску жыве. А Міхаіла і брата Аляксандра да музыкі пацягнула. З’явіцца лішні рубель у сціплым сямейным бюджэце — патрацяць яго на музычныя інструменты. Так з’явіліся ў доме Барталевічаў гармонік, скрыпка, балалайка, гітара. Пачуюць па радыё, тэлебачанні цікавую мелодыю — спрабуюць падхапіць матыў. Да сучасных эстрадных песень цікавасці не было, больш даспадобы старыя танцавальныя мелодыі, яшчэ часоў іх маладосці.
Калі далучыўся да братоў Кароль, вырашылі разам сыграць. Гармонік, скрыпка, балалайка — калісьці менавіта гэтыя інструменты, а не электрагітары ды сінтэзатары гучалі на вясковых вяселлях, хрэсьбінах, праводзінах у войска, іншых сямейных урачыстасцях.
“Спеліся” хутка. Мікалай Канстанцінавіч, як настаўнік, уважліва прыслухоўваўся да кожнага гуку, інтуітыўна падказваў, дзе можна вышэй узяць, а дзе сцішыцца, каму з музыкаў прапусціць некалькі нот, а затым усім разам падтрымаць партыю. Выйшлі першы раз на людзі, зайгралі на падворку полечку — праз хвілін колькі і суседзі, і з іншых куткоў вёскі народ падцягнуўся. Хочаш не хочаш, сталі прыслухоўвацца да пажаданняў шаноўнай публікі. Неўзабаве ў рэпертуары з’явіліся танга, вальсы, падэспань, кракавяк, іншыя мелодыі, якія сёння паступова сталі забывацца, хіба што ў тэлеперадачах зрэдку іх можна пачуць.
На шырокі прастор
Не, зоркамі хаця б абласнога маштабу нізаўскія музыкі не сталі. Найперш іх творчасцю зацікавіліся ў Прысынкаўскім сельскім клубе. Выступілі раз на сцэне — пайшла па навакольных вёсках пагалоска. Не валасатыя маладзёны-крыкуны ў кляшах спяваюць пад гітару не разабраць што, а мясцовыя пенсіянеры — шчыра і ад душы. Ды так файна выцылінгваюць — заслухаешся. А самі музыкі нібы маладзеюць, святлеюць твары, у вачах — жывыя агеньчыкі. Гукне хто са старэйшых слухачоў знаёмае “Музыканцікі, рэжце!” — і дадатковы імпэт з’яўляецца.


Сталі запрашаць музыкаў выступіць у суседніх вёсках. Нярэдка ўлетку і сцэна клуба ці Дома культуры не патрэбна была, некалькі табурэтак ці крэсла дастаткова было, і без узмацняльнай апаратуры мелодыі расплываліся па наваколлі. Многія выбарчыя кампаніі ажыўляў ансамбль сваім майстэрствам. Годна выступілі на 60-гадовым юбілеі “Чырвонай зоркі”. Прымаў калектыў удзел у мерапрыемствах з нагоды юбілейных урачыстасцей у гонар Кандрата Крапівы.
— Сорак гадоў жыву ў Нізку, — расказвае фельчар мясцовага ФАПа Надзея Герасімовіч, — а такой цікавасці да самадзейнасці ніколі не бачыла. Ні тут, ні ў суседзяў. Яны ж любое вяселле, зажынкі-дажынкі рабілі сапраўдным святам. Шкада, што не засталося ў калектыву паслядоўнікаў. Калі б мела на тое паўнамоцтвы, яшчэ ў тыя гады прысвоіла б ім званне народнага ці хаця б узорнага. Але і без ганаровых тытулаў музыкі карысталіся сапраўднай народнай любоўю.
Наведваў вясковыя мерапрыемствы гарманіст, бацька пяцярых дзяцей Павел Трус з Прысынка. Прыязджаў са сталіцы навуковец Леанід Махнач з дачкой, калегамі, цымбаламі. Іншыя яшчэ ў мінулым стагоддзі дэманстравалі ў Нізку сваё майстэрства. А слава пра “Нізаўскіх музыкаў” — і пры іх жыцці, і праз дзесяць з лішкам гадоў — застаецца.
Тэкст: Віктар Сабалеўскі
Фота Вячаслава Якубоўскага і з сямейных альбомаў дачкі М. Барталевіча Ларысы Міхайлаўны і ўнучкі М. Караля Аліны Сабалеўскай

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59