Са святам Божага Нараджэння віншуе пробашч парафіі Узвышэння святога Крыжа
Шаноўныя жыхары Уздзеншчыны!
Сардэчна віншую вас са святам Божага Нараджэння! Няхай Бог, які прыйшоў да нас, дасць вам усе патрэбныя для годнага жыцця дары: здароўе душы і цела, дабрабыт, узаемапаразуменне, сілы для выканання штодзённай працы.
Свята Божага Нараджэння – самае зразумелае для нас. Нават без глыбокіх багаслоўскіх разважанняў кожны з нас усведамляе: Бог перастаў быць недасяжным! Сваёй прысутнасцю сярод людзей Ён асвяціў нашую штодзённасць. Зышоўшы з Нябёсаў, адкрыў і нам шлях у Божае Валадарства. З моманту Яго нараджэння чалавек ужо ніколі не застанецца без Божай дапамогі і апекі! Тое, што Ён абяцаў праз прарокаў – споўнілася. Цяпер мы можам спакойна і з надзеяй будаваць свой чалавечы свет.
Падчас вігілійнай вячэры будзем віншаваць сваіх родных і сяброў, дзяліцца белай аплаткай. Хай споўняцца ўсе нашы пажаданні, а словы дабрыні і зычлівасці няхай споўняцца ва ўчынках міласэрнасці, у прабачэнні і самаахвярнасці дзеля іншых.
Божага вам благаслаўлення!
З малітвай, кс. Сяргей Дабрагост, пробашч парафіі Узвышэння святога Крыжа ва Уздзе
Ва Уздзе святочная Імша 25 снежня 13:00
Рекомендуем