Меню

І колькасцю, і якасцю. Літаратары Уздзеншчыны падвялі вынікі адыходзячага года

Заключнае ў гэтым годзе пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Нёманец” пачалося з прагляду відэароліка, прысвечанага 85-годдзю з дня ўтварэння Мінскай вобласці. Вершаваныя радкі Віктара Сабалеўскага арганічна спалучаліся з музыкай і маляўнічымі краявідамі Міншчыны.

Юбілейная дата ў календары стала адным са шматлікіх мерапрыемстваў, у якіх прымалі ўдзел вопытныя ўжо і пачынаючыя паэты і празаікі раёна. На традыцыйнай снежаньскай сустрэчы, якая адбылася на днях у літаратурнай гасцёўні «У Паўлюка» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, удзельнікі літаб’яднання (а сярод іх былі і сябры Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Вінаградаў, Галіна Нічыпаровіч, Віктар Сабалеўскі, Валянціна Шытыка і госць Уздзеншчыны, галоўны спецыяліст абласной пісьменніцкай арганізацыі Рагнед Малахоўскі) падсумоўвалі зробленае за год.

Удзел у рабоце ХХV з’езда Саюза пісьменнікаў і свята беларускага пісьменства ў Добрушы, міжнародная кніжная выстаўка ў Мінску і фестываль кнігі ў Нясвіжы, урачыстасці з нагоды юбілеяў класікаў беларускай літаратуры і абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца», шматлікія творчыя сустрэчы ў працоўных калектывах і дзіцячых аўдыторыях, прэзентацыі кніг, публікацыі ў рэспубліканскіх газетах і часопісах – вось далёка не поўны пералік здабыткаў уздзенскіх творцаў.

Акрамя агульных дасягненняў, што можна запісаць у сумесную скарбонку літаб’яднання, былі і асабістыя прыемныя навіны. Напрыклад, творчы рахунак старэйшага пісьменніка Міншчыны Дзмітрыя Вінаградава папоўніўся саракавой (!) па ліку кнігай, якая прысвечана бітве пры Магільна ў 1235 годзе (менавіта гэтую дату, а не 1284 год, Дзмітрый Леанідавіч лічыць правільнай, пацвярджаючы сваю версію гістарычнымі даследваннямі некаторых навукоўцаў і ўласнымі вывадамі). Галіна Нічыпаровіч правяла звыш дваццаці сустрэч з дзецьмі, яе творы друкаваліся ў «ЛіМе» і «Звяздзе», «Гаспадыні» і «Вясёлцы», іншых выданнях. А Тамара Каляда пачала адлік 14-й тысячы напісаных вершаў.

Цікавымі былі і творчыя справаздачы Вольгі Бокуць-Чабатаровай, Алены Дрэка, Ніны Лятун, Валянціны Шытыка.

Галоўны спецыяліст Мінскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Рагнед Малахоўскі пазнаёміў уздзенскіх літаратараў са сваім творчым шляхам. Першую кніжку ўласных вершаў ён трымаў у руках у 20-гадовым узросце, у Саюзе пісьменнікаў з 2007 года. Друкаваўся і працаваў у прэстыжных беларускіх часопісах, пад яго апекай за пяць гадоў у рэспубліканскіх выдавецтвах выйшла 20 кніг маладых аўтараў. Пошук новых здольных творцаў прывёў яго і ў наша літаб’яднанне. Зайшла размова і пра папаўненне Саюза пісьменнікаў.

– Цудоўна, што на Уздзеншчыне сёння жыве шэсць пісьменнікаў, працуе літаб’яднанне, чым не могуць пахваліцца некаторыя куды большыя па колькасці насельніцтва гарады і раёны, – адзначыў Рагнед Юр’евіч. – Але важна не ганяцца за колькасцю выдадзеных кніг мясцовага выдання. Нават пяць і дзесяць кніг тыражом у 20-30-50 экзэмпляраў не могуць быць падставай для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, а тры-пяць таленавітых публікацый у шматтыражных рэспубліканскіх часопісах адкрыюць туды дарогу. Варта больш актыўна далучаць да літаратурнай творчасці нашу моладзь.

Тэкст і фота: Сяргей ВАСІЛЬЧУК

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59