Меню

Вакальная група “Азяранка” з Азерскага Дома культуры адзначае сваё дзесяцігоддзе

Такую назву калектыў займеў з прыходам  ва ўстанову культуры Таццяны Лычкоўскай. А спявалі жанчыны ў гэтым краі даўно. Як толькі ў 1989 годзе справіў СДК наваселле, тагачасны яго кіраўнік Уладзімір Ярмак сабраў аматараў мастацкай самадзейнасці, быў створаны вакальны гурт “Прасніца”.

Перадгісторыя

Выступалі на ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах у Возеры, суседніх вёсках, на раённай сцэне, і ў бліжэйшыя раёны з канцэртнымі праграмамі наведваліся. Але пакінуў кіраўнік Дом культуры, і на некалькі гадоў прыціхла песенная творчасць на гэтай сцэне. Затым эстафету ад Ермака прыняла Ірына Сахарава, якая мела багаты вакальны досвед і вопыт арганізатара канцэртнай дзейнасці ў складзе знакамітага ў свой час на ўсю Беларусь ансамбля “Крупіцкія музыкі”  з  суседняга Мінскага раёна.

У пачатку 2013 года на работу ў якасці дырэктара Азерскага СДК запрасілі Таццяну Лычкоўскую.

— Я добра памятаю, як у нашы вёскі Дзяржынскага раёна прыязджалі спявачкі з Возера, якім поспехам карысталіся іх выступленні, — прыгадвае Таццяна Мікалаеўна. — Таму адразу ж загарэлася жаданнем адрадзіць вакальную групу. А жанчын і не трэба было доўга ўгаворваць. Як толькі прачулі пра маю задумку, сабраліся ў Доме культуры, прыгадалі свой ранейшы рэпертуар. Было гэта ў лютым, а ўжо да 8 Сакавіка падрыхтавалі першы канцэрт. Вырашылі назваць вакальную групу “Азяранка”.

Касцяком калектыву сталі сем жанчын. Ядвігу Бушмакіну ў акрузе за яе звонкі голас завуць “наша Кадышава”, здаецца, гатова спяваць з раніцы да вечара. Зінаіда Міхадзюк і пяе добра, і прафесійна чытае на сцэне вершы, байкі, а кожную падзею ў калектыве аздабляе кветкамі з уласнага падворка. Тамара Барэйша — каралева раманса, няшмат хто ў раёне так прыгожа іх выконвае. Адметныя здольнасці і ў Зінаіды Дзянісавай (ведае шмат прыпевак, жартаў), Людмілы Жураўкевіч. А акампаніятарам, здольным музыкам і душой калектыву ўсе гэтыя гады з’яўляецца Юрый Рослік, якога Т. Лычкоўская пераманіла на Уздзеншчыну з Дзяржынскага раёна.

Новыя гарызонты

Пасля ўдалага канцэрта да 8 Сакавіка ніводнае свята, іншая культурная падзея ў Возеры не абыходзілася без удзелу мясцовых спявачак. Набыўшы вопыт, сталі выязджаць з канцэртамі ў бліжэйшыя клубы, жаданымі гасцямі сталі і на раённых мерапрыемствах. Не адмаўляліся ад паездак у іншыя раёны. Аднойчы паспелі за дзень выступіць ажно на трох сцэнах Чэрвеньшчыны!

Паступова калектыў абнаўляецца. Жыццё ёсць жыццё, хтосьці хварэе, старэе, але слаўныя традыцыі “Азяранкі” прымнажаюць маладзейшыя. З першапачатковага складу ў сённяшняй вакальнай групе засталіся Т. Барэйша і Я. Бушмакіна, калі-нікалі далучаюцца іншыя жанчыны. Але колькі новых галасоў загучала! Не раз апладзіравалі землякі Ірыне Сіротка, Марыі Саладуха, Ірыне Самовіч, Таццяне Несцярэнка, Ірыне Дзернакоўскай, Анжэле Бортнік, Ксеніі Кудрыцкай.

Нядаўна далучылася да калектыву Ксенія Мележ, якая раней і на мінскіх сцэнах выступала. Прыходзіць на рэпетыцыі з дзесяцігадовым сынам Макарам, не выключана, што неўзабаве і ён “адкрыецца” ў групе. А сапраўднай знаходкай для “Азяранкі” стала Кацярына Пяршлевіч. Яе самабытны голас, умелае выкарыстанне фальклорных матываў, неўтаймоўная энергія адразу ж перадаюцца гледачам, і ў любой аўдыторыі бабулю выклікаюць на біс.

З верасня мінулага года ўзначальвае калектыў Вячаслаў Верамейчык. Маладым спецыялістам прыехаў юнак на працу ў эксперыментальную базу імя Катоўскага і адразу ж праявіў сябе выдатным спеваком, фалькларыстам, арганізатарам культурнага жыцця. Пад яго кіраўніцтвам “Азяранка” маладзее, набывае сучасныя рысы, пры гэтым захоўваючы слаўныя ранейшыя традыцыі. У рэпертуары народныя, фальклорныя мелодыі суседнічаюць з песнямі сучасных аўтараў, сольныя нумары, акапэла — з дуэтамі, трыа, харавым выкананнем. Да акардэона далучаюцца трашчоткі, бразготкі, бубен, удзельнікі на сцэне, у полі, іншым месцы, дзе даводзіцца выступаць, ствараюць з кожнай песні цэлы спектакль.

“Азяранку” заўважаюць не толькі ў раёне. Нядаўна калектыў прыняў удзел у анлайн-праекце — VІІ міжнародным конкурсе мастацтваў “Хрустальны васілёк” і стаў лаўрэатам другой ступені.

“Песні — наша жыццё”

Меркаванні ўдзельнікаў калектыву

Юрый Рослік, акампаніятар: “Цікава працаваць з такім цудоўным калектывам. Любоў да музыкі, песень мне прывілі бабуля, бацькі. Скончыў Мінскае вучылішча мастацтваў і культуры па спецыяльнасці “народная творчасць”, не ўяўляю свайго жыцця без такіх вось рэпетыцый, выступленняў. У “Азяранцы” ёсць усе магчымасці праявіць сваю індывідуальнасць, творчую ініцыятыву. Нядаўна, напрыклад, па прапанове Верамейчыка зрабілі сучасную апрацоўку песні “Таечка”, і яе цудоўна прынялі вяскоўцы. Расказваю пры выпадку пра справы калектыву калегам з Беларускага саюза музычных дзеячаў, і яны падзяляюць маю радасць”.

Тамара Барэйша, салістка: “35 гадоў жыву ў Возеры і ўдзельнічаю ў мастацкай самадзейнасці. Тут такія цікавыя людзі, усе розныя, але аб’ядновае нас любоў да песні, жаданне падзяліцца сваёй творчасцю з іншымі. Бывае, едзеш у незнаёмую вёску суседняга раёна, не ведаеш, колькі чалавек прыйдзе на канцэрт, як яны ўспрымуць мае рамансы, а ўбачыш жывыя вочы, пачуеш першыя апладысменты — і настрой з’яўляецца. З захапленнем успрымаюць і “Дорогой длинною”, і “Очаровательныя глазки”, іншыя нумары. А наш Верамейчык — сапраўдны артыст, побач з ім, 20-гадовым, і мы ўсе маладзеем!”

Тэкст: Віктар Сабалеўскі  

Фота Сяргея Шарая

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59