Меню

На любы густ і смак, або Магчымасці гастратура па-уздзенску

На любы густ і смак, або Магчымасці гастратура па-уздзенску

«Уздзеншчына турыстычная» — новы праект, якім мы, журналісты, сумесна са спецыялістамі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра раёна даём старт цыклу публікацый па папулярызацыі гастранамічнага турызму на  аб’ектах харчавання і аграэкасядзібах Уздзеншчыны.

Ёсць такая праграма

З мэтай развіцця ўнутранага турызму ў нашай краіне рэалізоўваецца дзяржаўная праграма “Беларусь гасцінная” на 2021—2025 гады.

Важным складнікам індустрыі турызму, без сумнення, з’яўляецца харчаванне гасцей. Здаецца, усё проста: галоўнае, каб было смачна.   Але ж можна адначасова даведацца шмат цікавага пра страву ў талерцы. Вось гэта і называецца гастранамічным або кулінарным турызмам. Знаёмячыся са славутасцямі таго ці іншага горада, турысты хочуць ведаць і пра асаблівасці нацыянальнай кухні. Таму гастраномія з’яўляецца значным рэсурсам тэрыторыі, крыніцай фарміравання яе ідэнтычнасці.

— Гастранамічны турызм, як самастойны кірунак турызму, сталі вылучаць адносна нядаўна, але ён ужо набывае вялікую папулярнасць. Для турыстаў падарожжа па краінах і кантынентах становіцца выдатнай магчымасцю пазнаёміцца з асаблівасцямі мясцовай кухні, кулінарнымі традыцыямі, пакаштаваць невядомыя стравы, прадукты, — расказвае інструктар-метадыст па турызме фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Уздзенскага раёна Лілія Плахава. — Да таго ж гастраномія даступная ў любую пару года. На ежу турысты трацяць каля 30% грошай. І, што асабліва важна, гастраномія, кулінарыя, дэгустацыя —  гэта адзіны кампанент турпрадукту, які ўздзейнічае на ўсе пяць пачуццяў чалавека і шмат у чым фарміруе яго стаўленне да месца, якое ён наведвае, вывучае, адкрывае для сябе.

Адметнасці кухні

Беларуская кухня, бясспрэчна, мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад кулінарных традыцый іншых краін, надаюць асаблівы каларыт. Існуюць сотні рэцэптаў традыцыйнай кухні, якія сабраны і апісаны этнографамі і культуролагамі, з’яўляюцца здабыткам нацыянальнай культуры.

— Беларуская кухня падобная да рускай, украінскай, літоўскай і польскай, але па-свойму ўнікальная. І вядома ж, смачная і сытная, з прычыны чаго гастранамічны турызм і гастратуры набываюць усё большую папулярнасць і ў нашай Беларусі. Такія туры даюць магчымасць не толькі прадэгуставаць розныя нацыянальныя стравы, даведацца пра  іх рэцэпты, самастойна спячы беларускі хлеб ці насмажыць дранікаў, але і бліжэй пазнаёміцца з самой краінай, яе культурай, побытам і традыцыямі, — працягвае Лілія Іванаўна. — А стравы беларускай кухні прапаноўваюць і уздзенскія кухары на аб’ектах харчавання і ў аграсядзібах. Таму, развіваючы на тэрыторыі нашага раёна дадзены кірунак, важна падтрымліваць і прапагандаваць розныя варыянты харчавання, у першую чаргу робячы акцэнт на нацыянальных беларускіх стравах, што дасць магчымасць павысіць турыстычную прывабнасць Уздзенскага раёна.

Ці варта пакаштаваць?

У нашым раёне таксама ёсць аб’екты гастранамічнага турызму (аднак далёка не ўсе гэта ведаюць), дзе можна пазнаёміцца і пакаштаваць стравы нашай традыцыйнай кухні не толькі турыстам, але і мясцовым жыхарам.

Сярод страў, якія прапаноўваюць аграсядзібы і аб’екты харчавання, —  “Поліўка беларуская”, “Дранікі па-хатняму”, “Клёцкі”, “Мачанка з хатняй каўбасой” і “Мачанка з блінамі”, бурачнік, халаднік, “Бабка бульбяная” і іншыя. На кожным аб’екце ёсць і свае фірменныя стравы.

— Сярод арганізацый сферы культуры нашага раёна папулярызацыяй традыцый нацыянальнай кухні займаюцца фальклорны калектыў “Крынічанька” Хатлянскага СДК, рэкламуючы стравы з бульбы. Рэгулярна праводзяцца ва ўстановах культуры і мерапрыемствы да Яблычнага і Мядовага спасаў, — працягвае Лілія Плахава. — Летась у Дзешчанцы прайшоў першы “Бульбафэст”, які таксама, і ў гэтым не даводзіцца сумнявацца, зойме сваё месца ў турыстычных маршрутах, бо, як памятаеце, ужо тады там была прадстаўлена даволі шырокая палітра страў з бульбы.

У меню — посныя стравы

Своеасаблівы “Беларускі куток” ёсць у рэстаране “Нёман” нашага райцэнтра. Выснова адпаведная —  значыць, і стравы нацыянальнай кухні тут павінны быць.

— Такіх, сапраўды, у нашым меню дастаткова, — адзначыла загадчык вытворчасці Ірына Нарэйка. — Нашы повары гатовы прапанаваць шматлікія стравы, якія здзівяць смакам, афармленнем, а галоўнае — беларускасцю і будуць мець сваю адметнасць.

Цікавімся ў старшага повара Наталлі Воўна — якія беларускія стравы найбольш папулярныя?

— Катлета “Папараць-кветка”, драніны з мясам і грыбамі, мачанка з блінамі, квашаная капуста з журавінамі, салата “Галіна”, курынае філе ў сыры… Я ўсе нават і не пералічу, бо тут жа яшчэ і сезоннасць мае месца, — адказала Наталля Васільеўна.

Адметнасць нацыянальнай кухні таксама  ў тым, што некаторыя стравы можна ўжываць і чалавеку, які захоўвае царкоўны пост. Гэты аспект здзівіў і ўразіў адначасова. Як так?

— У нашым меню прадугледжаны два комплексы, у якія ўваходзяць посныя стравы, — тлумачыць Ірына Аляксандраўна. — І гэтыя стравы ахвотна заказваюць наведвальнікі. Напрыклад, у складзе салаты “Поснай” — фасоля, агурок, яйка варанае, гарошак, соус для запраўкі.

Даспадобы многім прыйшлася і рыбная зраза на капуснай падушцы. Не кажучы ўжо пра дэсерт з прыгожай назвай “Жур па-дзеравенску”, у аснове якога звычайная аўсянка. Каб упрыгожыць дэсерт і надаць яму  лёгкі салодкі смак, повар, а гатуе гэты прысмак Наталля Воўна, выкарыстоўвае розныя ягады: суніцы, чарніцы, буякі…

Мясцовы каларыт

Працаваць у сферы грамадскага харчавання без пастаяннага самаўдасканалення проста немагчыма. Такога правіла прытрымліваюцца і ў калектыве “Нёмана”. Таму не дзіўна, што фірменных страў тут хапае. Повары прэзентуюць іх падчас шматлікіх выставак  у магазіне-кулінарыі. У іх нават свая вітрына тут афармляецца.

— Такія выстаўкі арганізоўваюцца да каляндарных дат — 8 Сакавіка, Новага года, спасаў і г. д., — расказвае Ірына Нарэйка. — Аднойчы стала сведкай такой карціны. Зайшла да дзяўчат у магазін па рабочых пытаннях. А ля вітрыны, дзе была прадстаўлена наша навагодняя выстаўка страў, — мама з дзіцем. Малы так захапіўся ўбачаным і так эмацыянальна расказваў сваёй матулі і пра інгрэдыенты, якія пазнаў, і нават цікавіўся, ці можа мама падобнае сама прыгатаваць. Разгляд вітрыны завяршыўся тым, што жанчына папрасіла дазволу ў дзяўчат сфатаграфаваць свайго сына на фоне гастранамічнай  экспазіцыі. Гэта проста не магло не выклікаць усмешку. Напэўна, іншай ацэнкі таму, што робяць повары, а гэта Галіна Дубінская, Наталля Воўна, Татэвік Нерсісян і Святлана Якуценка, і не знайсці …

Напрыканцы…

— Прапаноўваем усім жыхарам раёна азнаёміцца з  гастранамічным турызмам, звяртаемся да тых, каму надакучылі звычайныя стандартныя экскурсіі, хто жадае ўзбагаціць свой рацыён новымі рэцэптамі. Пачніце з аб’ектаў нашага раёна, каб пасля, падарожнічаючы па Беларусі, з веданнем справы запрашаць турыстаў з іншых абласцей у гастранамічнае падарожжа на Уздзеншчыну, — раіць Лілія Плахава.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59