Рукі працы не баяцца. У Вялікай Усе Андрэя Канашэвіча ведаюць як класнага сталяра

Вырабленыя ім для ўласных патрэб і па просьбах суседзяў рэчы, на першы погляд, саступаюць фабрычным у аздабленні сучаснымі аддзелачнымі матэрыяламі, не вызначаюцца высокім эстэтычным густам, але прыгожыя, надзейныя, зробленыя, што называецца, з душой. І яшчэ зазначым: ніколі майстар не вырабляў іх на продаж.
Нарадзіўся ён у Мінску, але сем гадоў, да школы, правёў у доме бабулі Марыі Фёдараўны Глебка ў Вялікай Усе. І пазней пастаянна наведваў радзіму сваіх продкаў, добра ведаў многіх вяскоўцаў. Своеасаблівым старэйшым сябрам і настаўнікам стаў для яго вядомы ў акрузе майстар-цясляр Пятро Глебка, які ў той час працаваў у Ліцвянскім сельскім Доме культуры. Гадзінамі хлопчык назіраў у яго майстэрні за тым, як звычайны драўляны цурбанчык ператвараецца ў пацешную фігурку (дзед, вясковая працаўніца, цікаўнае хлапчаня), звярка ці проста слупок з пэўным узорам. За тым, як з’яўляюцца на паперы эскізы будучых работ… Засталіся ў памяці смалісты пах пілавіння з-пад гэбліка, расстаўленыя ў беспарадку на паліцах паўфабрыкаты…
Пасля заканчэння школы ў сталіцы Андрэй вяртаецца ў вёску і на працягу амаль года, да арміі, працуе конюхам у калгасе. Атрыманыя ў дзяцінстве навыкі работы з сякерай, нажоўкай, долатам прыводзяць яго пасля дэмбеля ў адну са сталічных майстэрань. Адточваў сваё майстэрства, працуючы цесляром, сталяром на мінскіх прадпрыемствах, а калі ў дзевяностыя гады ў цэлым па краіне былі цяжкасці з працаўладкаваннем, згадзіўся на работу ў службе па азеляненні горада.
На выхадныя, у водпуск прыязджаў у Вялікую Усу ў дом бабулі, які пазней з сям’ёй выкарыстоўваў у якасці дачы. Па-ранейшаму заходзіў да Пятра Глебкі, цяпер ужо ў якасці памочніка. Разам зрабілі цікавую драўляную скульптурную кампазіцыю (дзядуля абдымае ўнука), якую ўстанавілі пры ўездзе ў вёску. Шмат гадоў прастаяла яна, ствараючы ўсім добры настрой, пакуль не страціла свой выгляд ад дажджоў, непагадзі.
У 2018 годзе Канашэвіч назаўсёды перабіраецца ў вёску. Цераз дарогу ад дома бабулі ўласнымі рукамі збірае асобную хаціну — па арыгінальным, прадуманым да драбніц праекце, невялікую, але ў два паверхі. Разлік такі: каб не цесна было, калі прыедуць на выхадныя з Мінска дачка Крысціна з сям’ёй. У маладой жанчыны, яшчэ і трыццаці гадоў няма, ажно шасцёра дзяцей-пагодкаў, чатыры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Хацелася дзядулю, каб усім хапіла месца.
Выбіла з каляіны нечаканая смерць жонкі. З цяжкасцю перанёс страту, і цяпер яшчэ слёзы з’яўляюцца на вачах, калі хтосьці са знаёмых нагадае пра яго былое сямейнае жыццё. Супакаенне знаходзіць у працы. Паціху даводзіць да ладу новабудоўлю. Аднаму суседу дапамог зрабіць лаўкі, іншую мэблю, дэкаратыўныя вешалкі для лазні, камусьці — надворныя пабудовы, звычайны туалет. На ўласным падворку з’явіліся арыгінальныя арэлі для ўнукаў, а для сабакі сапраўдную фазэнду змайстраваў, са спальным месцам і тэрасай. Ды той, нягоднік, не ацаніў як след творчасці гаспадара, не вельмі ахвотна карыстаецца гэтым домікам.
Сваімі рукамі вырабіў дрэваапрацоўчы і такарны станкі, электрычны кормаздрабняльнік, бетонамяшалку, прычэп да мотаблока. Ого якія грошы давялося б аддаць, калі б набываў усё гэта ў крамах. А ў хлеўчуках чакаюць чарговай порцыі падкормкі свінні, парасяты, куры. Праз месяц-другі пачнуцца звычайныя клопаты на агародзе — садзіць Андрэй Леанідавіч бульбу, вырошчвае буракі, моркву, цыбулю, іншую агародніну, летась не ведаў, куды падзець надзвычай багаты ўраджай кавуноў.
…Ад клопатаў у сталярнай майстэрні на падворку адарвала дачка — паклікала ў дом, каб дапамог пакарміць унукаў. Малодшаму ўсяго годзік. Дзеля іх, нашчадкаў, і працуе Канашэвіч.
Віктар Сабалеўскі
Фота Сяргея Шарая
Рекомендуем





