Мова – душа народа. Дзень роднай мовы прайшоў у Нёманскай школе

21 лютага па рашэнні ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, для кожнага народа, бо няма народа без мовы… Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці яшчэ ў маленстве, а пасля, як чароўны ключ, адкрывае нам разнастайныя цуды і таямніцы жыцця.
Мы, настаўнікі і вучні Нёманскай сярэдняй школы імя І. Д. Гурскага, з павагай ставімся да роднай мовы, да мілагучнага, напеўнага беларускага слова, бо ведаем, што па адносінах кожнага чалавека да сваёй мовы можна дакладна меркаваць не толькі аб яго культурным узроўні, але і аб яго грамадзянскай пазіцыі. Сапраўдная, праўдзівая і шчырая любоў да сваёй зямлі немагчыма без любові да роднай мовы.
На святочнай імпрэзе “Мова – душа народа”, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, у школа вучні і настаўнікі вялі шчырую размову пра родную мову, выказвалі свае паважлівыя адносіны да мілагучнага беларускага слова, а галоўнае, адчувалі сэрцам і душой вялікую асалоду ад узаемін, ад таго, што нам, і настаўнікам, і вучням, і нашым гасцям, добра разам.
У рамках свята адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў “Роднай мовы гук чароўны” ( пераможцы: Бець Вікторыя – дыплом 1 ступені , Старамавус Юлія – дыплом 2 ступені, Страмавус Таццяна – дыплом 3 ступені), конкурс віншавальных паштовак “ Са святам ,родная мова!” ( пераможцы: 8 клас – дыплом 1 ступені, 4 клас – дыплом 2 ступені, 10 клас – дыплом 3 ступені), у інтэлектуальнай гульні “Разумнікі і разумніцы” ўсе ўдзельнікі паказалі выдатныя веды па роднай мове і літаратуры.

Адбылася цікавая сустрэча з беларускай паэткай, нашай зямлячкай членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Нічыпаровіч Г.М, якая пазнаёміла прысутных з новымі зборнікамі сваіх вершаў, падзялілася творчымі планамі, а таксама прачытала свае вершы, прысвечаныя роднай мове, Бацькаўшчыне.
Мы ўпэўнены ў тым, што слова – голас душы чалавека. І трэба навучыцца адчуваць слова, валодаць ім, бо слова дапамагае данесці высокія думкі і пачуцці да людскіх сэрцаў.
Тэкст: Любоў Собаль
Фота аўтара