Ліквідатар Валянціна Емяльяненка прыгадвае першыя месяцы знаходжання на тэрыторыі пасля аварыі на АЭС
У 1985 годзе, за год да выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі, прыехалі працаваць у пасёлак Астрагляды Брагінскага раёна выпускнік Гомельскага ўніверсітэта Аляксандр Крупадзёр (яму прапанавалі пасаду эканаміста сельгаспрадпрыемства) і Валянціна Емяльяненка, якая атрымала адукацыю юрыста ў сталічным Белдзяржуніверсітэце. Прыехалі на сваю малую Радзіму з двума маленькімі сынамі, не ведаючы, што неўзабаве тут на іх лёс, як і на лёсы тысяч людзей Гомельшчыны, усяе Беларусі выпадуць неймаверныя выпрабаванні.
Не хацелася верыць
–Тыя дні прыгадваюцца як страшны сон ці кадры фотахронікі першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, – гаворыць Валянціна Рыгораўна. – Няспынным патокам у бок Гомеля рухаецца калона аўтамашын, у якую не ўціснуцца збоку, якую не абагнаць. Вывозілі людзей, вывозілі жывёлу, пэўную маёмасць. Вадзіцелі працавалі суткамі без перапынкаў, было, што і засыналі непасрэдна за рулём. Паўсюдна шмат людзей у ваеннай форме (салдаты, пажарныя, міліцыя), якія абмывалі колы машын на спецыяльных пляцоўках, здымалі верхнія пласты грунту ў грамадскіх месцах, сачылі за парадкам, спынялі выпадкі марадзёрства…
Гэта было крыху пазней. А 26 красавіка і наступныя пяць дзён юрыст сельгаспрадпрыемства, якое спецыялізавалася на вырошчванні агародніны, разам з работнікамі канторы і паляводчай брыгады працавалі на перасадцы расады капусты з цяпліц у адкрыты грунт. У полі стаяла невыносная спёка, пот не паспявалі выціраць, час ад часу апырсквалі сябе вадой. Спяшаліся, каб расада хутчэй прынялася на паліўных землях. Прынялася… Пазней даведаліся, што і ўраджай някепскі вырас, і выкарысталі яго па прызначэнні…
Бачылі, як у бок Чарнобыля, да якога каля сарака кіламетраў, праляцелі верталёты. Першай навіну аб выбуху паведаміла жанчынам суседка, але яе інфармацыя была скупой, без падрабязнасцей. Затым аграном, які меў спецыяльную адукацыю, папярэдзіў: вялікая радыяцыя, не садзіцеся на зямлю. Але і яму не верылі. Тым больш што першага мая ўсім загадалі ехаць на дэманстрацыю ў Брагін. Адправіліся туды з маленькімі сынамі – Сашку было тры з паловай гады, Андрэю – крыху больш за два. Паўдня правялі на спякоце, але ніхто з прадстаўнікоў улады і словам не абмовіўся аб сутнасці і маштабах бяды, што абрынулася на гэтыя ўраджайныя палескія землі. І толькі калі дырэктар саўгаса Валерый Злотнік, які крыху пазней памёр ад наступстваў радыяцыі, стаў насуперак інструкцыям гаварыць маладзейшым членам калектыву: «Калі хочаце жыць, забірайце дзяцей і з’язджайце адсюль», многія ўсур’ёз сталі асэнсоўваць сутнасць таго, што адбываецца.
Але паўсюдна працягвалася звычайная праца. Сям’я В. Емяльяненкі ў пачатку мая паехала ў вёску Нудзічы, дзе жылі яе бацькі, каб пасадзіць бульбу. І тут даведаліся: вёску высяляюць. Распачаўся гвалт, падобны на які старажылы памяталі з пачатку вайны. Пажылых людзей, ведаючы, з якой цяжкасцю яны будуць развітвацца з нажытым за гады працы, без папярэджвання і часу на працяглыя зборы, садзілі ў аўтобусы і вывозілі ў населеныя пункты за некалькі кіламетраў. Хто паспеў узяць з сабой у кошык слоік малака ці бохан хлеба, хто – не. Гвалт, плач. У спешцы, неразбярысе нярэдка атрымлівалася так, што члены адной вялікай сям’і апыналіся ў трох асобных аўтобусах і траплялі ў розную мясцовасць, а потым на працягу тыдняў без сучасных мабільных тэлефонаў адшуквалі родзічаў…
Рэактар прыглушылі, а боль – не
Некалькі тыдняў Валянціна Рыгораўна з іншымі спецыялістамі ездзіла па населеных пунктах сельсавета, каб растлумачваць людзям, што (спачатку) усё спакойна, не трэба панікаваць, а затым – як і каму рыхтавацца да эвакуацыі, хто мае першачарговае права на высяленне. Затым з іншымі жанчынамі ў комплексным прыёмным пункце камбіната бытавога абслугоўвання шылі марлевыя павязкі, хаця ў іх эфектыўнасць тады, як і некалькі гадоў таму пасля прыходу на беларускія землі каронавіруснай інфекцыі, людзі не вельмі хацелі верыць.
Цяжкім болем адгукалася ў сэрцах смерць кожнага знаёмага. З жалем В. Емельяненка даведалася пра лёс вучня іх школы Васілія Ігнаценкі, які разам з іншымі пажарнымі з першых хвілін трагедыі прымаў непасрэдны ўдзел у тушэнні палаючага рэактара, атрымаў дозу абпраменьвання, не сумяшчальную з далейшым жыццём, і стаў адной з першых ахвяр.
Аляксандр Васільевіч заставаўся ў небяспечнай зоне да лістапада, а Валянціну Рыгораўну з сынамі 11 мая вывезлі ў санаторый «Чонкі», што паблізу Гомеля. Праз месяц атрымалі новае накіраванне. Матуль з дзецьмі, асабліва не афішуючы, садзілі ў чыгуначныя вагоны (дапамагалі рабіць гэта студэнты гомельскіх навучальных устаноў, хоць ніякай асаблівай паклажы браць з сабой не дазвалялі) і развозілі ў розныя куткі Беларусі. Емяльяненкаў прывезлі ў Ждановічы. Па прыездзе першым чынам замералі ўзровень радыяцыі на вопратцы. Ва ўсіх перасяленцаў, у тым ліку і дзяцей, дазіметры зашкальвалі. Усё адзенне, абутак знішчылі, выдалі спачатку толькі халаты і тапкі.
Два месяцы маці з сынамі знаходзілася ў сценах інтэрната тэхналагічнага ўніверсітэта ў Мінску. Даведалася жанчына, што ў чэрвені поўнасцю выселілі яе родную вёску Нудзічы. Бацькі пэўны час жылі ў іншай вёсцы Гомельскай вобласці. Доўгі час ім, як і іншым перасяленцам, не выдавалі эвакуацыйныя пасведчанні, пакуль не адшукаюць месца пастаяннага жыхарства і не прадаставяць сведчанне органа мясцовай улады аб прадастаўленні жылля. Знайшлі такое месца на Уздзеншчыне. Бацька Рыгор Фёдаравіч стаў працаваць брыгадзірам паляводчай брыгады ў калгасе «Інтэрнацыянал», маці Марыя Захараўна – прадаўцом магазіна ў вёсцы Хароміцкія. Сям’і выдзелілі недабудаваны дом, які самастойна даводзілі да ладу.
У гэты дом у пачатку 1987 года прыехала і дачка з унукамі. Перад гэтым іх накіравалі на аздараўленне ў Адлер.
– Прыляцелі ў Мінск на самалёце пасярод зімы, – прыгадвае Валянціна Рыгораўна. – За бортам лайнера мінус трыццаць два градусы, а мы ў летнім адзенні, у якім нас туды накіравалі. Афіцыйныя перасяленні скончаны, далей трэба самастойна ўладкоўвацца і жыць, і працаваць. Добра, што бацька, сустракаючы нас у аэрапорце, здагадаўся прыхапіць з сабой кажухі, цёплае адзенне…
Прыехаў ва Узду і Аляксандр Васільевіч. Ён стаў працаваць нарміроўшчыкам, а затым эканамістам у ПМК-216, а Валянціна Рыгораўна – у аддзеле кадраў аддзела адукацыі, потым – юрыстам у райвыканкаме, а апошнія 25 гадоў – у натарыяльнай канторы. Тут выраслі дзеці, паступова пачынаюць забывацца страшныя дні красавіка 1986-га і наступных гадоў. Але кожны раз напярэдадні чарговай гадавіны чарнобыльскай трагедыі болем у сэрцы яны ўсё ж адгукаюцца.
Раней штогод, і не толькі на Радаўніцу, ездзілі на Гомельшчыну. Але ад роднай вёскі Нудзічы Брагінскага раёна засталіся толькі каробкі жылых дамоў, усё начынне якіх за гады пасля высялення апошніх жыхароў разрабавалі марадзёры, нават падлогі павыдзіралі. Сапраўды мёртвая зона. У Брагіне наведвалі брацкую магілу з часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе пахаваны і расстраляны фашыстамі дзядуля Валянціны Рыгораўны. Шмат родзічаў, пачынаючы з прапрадзедаў, жывых і памерлых, засталося на радзіме мужа ў Хойніках. Але і тут нават непрацяглы час знаходзіцца – сапраўднае выпрабаванне.
Тэкст: Віктар САБАЛЕЎСКІ
Фота Сяргея ШАРАЯ