Общество

Вучыла не мама, вучыў інтэрнэт. Жыхарка вёскі Чурылава Зінаіда Захарава пачала вышываць у сталым узросце

З творчасцю жанчыны ўпершыню пазнаёміўся на свяце вёскі. На выстаўцы мясцовых майстрых дэманстраваліся вышываныя ручнікі і сурвэткі, дыванкі і карціны. Вяскоўцы і тыя, хто цяпер жыве ў гарадах, але не парывае сувязей з малой радзімай, з цікавасцю любаваліся адмысловымі ўзорамі, адзначалі непаўторны каларыт многіх работ.

Бачыць і ствараць прыгожае

–Дзе вы навучыліся вышываць – ад маці, бабулі? Як даўно займаецеся такой справай? – спытаў у жанчыны.

–Ды, можна сказаць, зусім нядаўна, – сціпла адказала Зінаіда Віктараўна. – Як адна засталася, сумна стала доўгімі восеньскімі ды зімовымі вечарамі сядзець дома без работы. Неяк па тэлевізары паглядзела перадачу пра такіх майстрых з Палесся, зацікавілася. Пачала вышываць гладдзю. А пазней і тэхніку вышыўкі крыжыкам асвоіла, і бісерам. Мне больш падабаюцца ўзоры пра прыроду – кветкі, дрэвы, птушкі. Вышываю і ўяўляю, што знаходжуся побач з такой прыгажосцю…

Радасць ад працы, сямейнага жыцця

Семнаццацігадовым дзеўчанём пасля заканчэння школы прыехала Зіна з Докшыцкага раёна ў Мінск. Першапачатковая яе прафесія была звязана з хлебам – тры гады адпрацавала на сталічным хлебазаводзе. Выпадкова пазнаёмілася з Анатоліем, які служыў у воінскай часці ва Уруччы. А скончыўся тэрмін службы, паклікаў юнак дзяўчыну на сваю радзіму, у Чачэрскі раён Гомельскай вобласці. Тут, у вёсцы Сідаравічы, і пачалася ў 1979 годзе яе вясковая біяграфія. Муж стаў працаваць электрыкам у калгасе і ёй прапанаваў паспрабаваць. Нічога, што гэтая прафесія чамусьці лічыцца мужчынскай. Значных фізічных намаганняў не патрабуе, а заўсёды цікава бачыць плён сваёй працы ў ажываючых аб’ектах. Трохмесячныя курсы ў абласным цэнтры і практычная дапамога галоўных спецыялістаў, падтрымка мужа дазволілі без асаблівых цяжкасцей асвоіць новыя абавязкі, працаваць з радасцю ад усведамлення сваёй карысці.

На працягу шасці гадоў, з 1980 па 1985, у сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей. Цешыліся Зінаіда і Анатолій, гледзячы, як падрастаюць Люся і Вася, Саша і Таня. Але іх бесклапотнае жыццё парушыў красавік 1986 года. Чатыры гады пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС Захаравы не паддаваліся паніцы, не хацелі пакідаць абжытыя мясціны, але калі медыкі заявілі, што здароўе дзяцей можа апынуцца пад пагрозай, вырашылі перасяліцца ў чыстую зону.

На Уздзеншчыну з Сідаравіч пераехалі тры сям’і. Дзве затрымаліся ў Зенькавічах, а Захаравы згадзіліся пасяліцца ў Чурылаве. Калгас выдзеліў ім невялікі домік (пазней працавітымі рукамі гаспадара ён ператварыўся ў больш прасторны і ўтульны прытулак для мнагадзетнай сям’і). Анатолій Васільевіч стаў працаваць электрыкам, а Зінаіда Віктараўна – на свінаферме. Пазней кіраўніцтва гаспадаркі, бачачы яе працавітасць і арганізатарскія здольнасці, прапанавала жанчыне ўзначаліць калектыў малочнатаварнай фермы. Ды зноў нечаканая бяда перапыніла спакойнае сямейнае жыццё. На сорак пятым годзе памёр муж, з якім пражылі без малога 25 гадоў.

Няпроста было адной падымаць на ногі чацвярых дзяцей.

Зараз дзеці, васьмёра ўнукаў, якія абсталяваліся ў Мінску, часта наведваюць Чурылава, робяць усё магчымае, каб суцешыць адзіноту роднага чалавека.

–Раней трымалі дзвюх кароў, па пяць-сем свіней, авечак, птушку, вялікі агарод, не было калі сумаваць, – разважае Зінаіда Захарава. – А цяпер мне адной няшмат трэба: куры, кот, сабака – вось і ўся гаспадарка. Вось і захацела неяк заняцца вышыўкай. Паспрабавала – спадабалася.

Тэкст і фота: Віктар САБАЛЕЎСКІ