Меню

Гонар Узды, гонар Беларусі. Уздзеншчына адзначыла 120-гадовы юбілей Паўлюка Труса

Трус

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса адбылося літаратурна-музычнае свята “На сцежках светлай вясны”, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння паэта з Нізка.

-Гэта свята не толькі Узды, раёна, але і ўсёй Беларусі, — адзначыў пазней паэт, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп. – Паўлюк Трус пісаў свае вершы сто гадоў таму, а і сёння яны чытаюцца так, нібы напісаныя ўчора. У айчыннай літаратуры мала творцаў, якія па свайму таленту, майстэрству маглі б з ім параўняцца.

Гучыць песня пра родную зямлю на роднай мове, і ўсе без выключэння выступоўцы ёй карысталіся – а як інакш, калі адзначаюцца ўгодкі класіка беларускай літаратуры, чыё кароткае жыццё, творчасць з’яўляюцца гонарам нашай краіны.

Трус
Трус

Вершаваную пастаноўку пра жыццё Паўлюка Труса на словы Віктара Сабалеўскага паказалі прысутным удзельнікі тэатральнай студыі “Вітамін” Уздзенскай СШ №2 імя К. Крапівы пад кіраўніцтвам Марыны Шыцікавай. Нараджэнне паэта, яго дзяцінства, вучоба ва Уздзе, студэнцкія гады, літаратурная дзейнасць у сталіцы і пахаванне – усе этапы жыцця адлюстраваны ў пастаноўцы.

Трус

Цёплыя словы пра нашага земляка сказаў старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Пражыў паэт мала, адзначыў ён, усяго 25 гадоў, пры жыцці выдаў дзве кніжкі, але на яго творах выхоўвалася не адно пакаленне, яго творчасць – прыклад сучасным літаратарам як трэба пісаць.

Пра тое, што робіцца пра захаванне спадчыны паэта, вяртанне да шырокай грамадскасці яго рукапісаў, пісьмаў, пра сяброў, калег па літаратурнай групоўцы “Маладняк” у 20-я гады мінулага стагоддзя падрабязна расказалі пісьменніца, даследчыца творчасці П. Труса, ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь Ганна Запартыка, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны Юлія Амосава, абласной бібліятэкі імя А. Пушкіна Таццяна Лаўрык, літаратуразнаўца Аксана Данільчык.  Прысутныя даведаліся падрабязнасці з жыцця ўраджэнца Нізка, пра яго асяроддзе. Паўлюк Трус быў не толькі выдатны паэт, але і добра маляваў, прыгожа спяваў, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, апрацоўваў музычныя творы. Сапраўды, неабсяжныя таленты! Можна ўявіць, што ён яшчэ мог бы зрабіць для Айчыны, калі б не заўчасная смерць.

І на Уздзеншчыне шмат робіцца па захаванні памяці пра славутага земляка. Як прызналіся госці, у нашым раённым краязнаўчым музеі ёсць нямала рэчаў, якім і сталічныя ўстановы пазайздросцяць. У 1960 годзе раённай бібліятэцы прысвоена імя П. Труса, і ўвесь гэты час супрацоўнікі ўстановы, спачатку пад кіраўніцтвам Клаўдзіі Рогавай, а цяпер разам з Аксанай Драчан збіраюць, захоўваюць і выкарыстоўваюць у выхаваўчых мэтах усё, што звязана з яго імем. У абласным конкурсе на стварэнне віртуальных рэсурсаў пра пісьменнікаў-землякоў сайт Уздзенскай бібліятэкі  заняў прызавое месца, і ён пастаянна абнаўляецца новымі фактамі, экспанатамі. І на свяце ў дар бібліятэцы перададзены некалькі адметных рэчаў. Выклікалі цікавасць у гасцей краязнаўчыя календары, якія штогод выдае Аляксандр Нікітка, а сёлетні быў прысвечны юбілею П. Труса.

Трус

Гучалі вершы нашага земляка і прысвечаныя яму. Прысутныя паглядзелі відэаролік пра сённяшні Нізок, створаны ўнучатай пляменніцай паэта. Песня “Падаюць сняжынкі” на верш П. Труса, музыка І. Лучанка прагучала ў выкананні “Песняроў”, а пра наш беларускі край хораша пелі артысты РДК.  Сённяшнія пісьменнікі Уздзеншчыны Галіна Нічыпаровіч, Віктар Сабалеўскі, Зоя Калкоўская, Валянціна Шытыка былі рады сустрэчы з мінскімі калегамі, падзяліліся сваімі здабыткамі і планамі.

Сяргей Васільчук       

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59