
Бульбяныя вячоркі. Народныя традыцыі захоўваюць у Хатлянскім сельскім Доме культуры
Адна справа атрымліваць запрашэнні на канцэртныя праграмы і фестывалі, і зусім іншая – на беларускія вячоркі. Менавіта такое запрашэнне і даслала дырэктар Хатлянскага сельскага Дома культуры Галіна Баранюк.

Што такое вячоркі ведаю з кніг і шмалікіх тэлепраграм пра культуру і самабытнасць нашай краіны. Не палохала і тое, што падчас такіх народных пасядзелак не атрымаецца заставацца ў баку, бо ў любым выпадку станеш часткай мерапрыемства. Здзіўляла толькі адно: вячоркі прысвечаны бульбе. Аб гэтым сведчыла іх назва-заклікалка: «Бульбу смажым, бульбу варым, а больш дранікі ядзім». Аднак я з ліку непалахлівых і да ўсяго новага стаўлюся пазітыўна: значыць, будзе на што паглядзець, чаму павучыцца і што ўзяць на заметку.
Атмасфера душэўнасці
У вызначаны вечар, пераступішы парог установы культуры, усе прысутныя адразу ж акунуліся ў атмасферу камфорту, душэўнасці і хатняй утульнасці. У афармленні фае і стылізаванай сялянскай хаты выкарыстаны рэчы колішняга побыту: лавы, куфар, посцілкі, ручнікі, сурвэткі, абрусы… Кіраўнік Дома культуры Галіна Баранюк, як і дзяўчаты з фальклорнага калектыву «Крынічанька», – у нацыянальных касцюмах. Прывітальнай песняй пад балалайку сустракалі ўсіх, хто завітаў на вячоркі. А якое гэта задавальненне – чуць родную беларускую мову!
Ад кутка да кутка
У фае ўстановы культуры былі аформлены розныя выстаўкі – яркае сведчанне таго, што людзі тут працуюць творчыя, інакш кажучы, майстры на ўсе рукі. Было ў вырабах з саломкі, папяровых трубачак, тканых і нешта агульнае, што іх аб’ядноўвала і яднала, – шанаванне беларускіх традыцый.

– Спрадвеку вырабы з саломы лічыліся вялікімі сямейнымі абярэгамі, – адзначыла Галіна Іванаўна. – Аднолькава, як і тканыя паясы, якімі карысталіся і мужчыны, і жанчыны. Цяпло рук іх ствараўшых адчуваў кожны член сям’і, таму і шанаваў. Гэту народную традыцыю працягваем і мы, далучаюцца да яе і мясцовыя дзеці, што асабліва радуе.
Крыху па-іншаму выглядаюць плеценыя вырабы з папяровай лазы: кошыкі, сподачкі, падстаўкі пад кубкі і г. д. Але і яны, як элемент дэкору, толькі дапаўняюць агульнае ўражанне.
У тым, што бульба — культура ўнікальная, пераканала бібліятэкар Алена Зубава, паведаўшы шмат цікавых фактаў пра яе. Прычым рабіла жанчына гэта не ў форме аповеду, а ў выглядзе прэзентацыі кніг, якія можна знайсці на паліцах мясцовай бібліятэкі. Аказваецца, бульба разнастайная не толькі ў стравах, але і ў спосабах яе прымянення.
Нельга не пакаштаваць
Ажыўлена вялася размова і пра колькасць страў, якія можна прыгатаваць з бульбы. Як тут не прыгадаць любімы савецкі фільм «Дзяўчаты»?! Галоўная гераіня фільма Тося Кісліцына запэўнівала, што такіх мноства і пералічвала: бульба смажаная, адварная, пюрэ, бульба пай, піражкі з мясам, з грыбамі і гэтак далей… Гаспадыні, якія жывуць у нашым раёне, з ёй салідарныя: «Бульба сапраўды — наша ўсё, пастаянна прысутнічае на стале». Дарэчы, гэты факт пацвердзіў і фотаконкурс з хештэгам #БульбаПершага, калі здымкамі страў з бульбы ў сацыяльных сетках дзялілся журналісты беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, топавай стравай дзе былі дранікі па фірменным рэцэпце самога Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка.

Вось і падчас вячорак грэх было не пакаштаваць дранікі і бабку, бліны і мачанку, бульбяны пірог і фаршыраваныя бліны, піражкі з розным начыннем і бульбу ў гаршчочках, пюрэ з квашанай капустай і многае іншае… Вочы ў прамым сэнсе разбягаліся ад прадстаўленага на стале смакоцця. На спажыўныя якасці бульбы прыпеўкамі звярнулі ўвагу і артысты «Крынічанькі». Наўрад ці хто з прысутных у гэтыя хвіліны задумваўся пра дыеты і калорыі. Нашы продкі здаўна ўжывалі ўсё гэта ў ежу і былі здаровыя, з хваробамі не ведаліся.
Песня – лепшы спадарожнік
І якія вячоркі без песень, жартаў і гульняў! Музычны блок па задумцы арганізатараў быў падзелены на два блокі. Першы складалі беларускія песні і песні пра бульбу, другі – эстрадныя. Як заўважыла Галіна Баранюк, у рэпертуары «Крынічанькі» дзясяткі песень, як і ў творчым запасніку кожнага яе ўдзельніка. Свае музычныя падарункі гасцям падарылі акрамя дырэктара СДК Надзея Рамановіч, Валерый Стасенка, Алена Бераг.
Не сумавалі і госці. Спачатку падчас гульні «Перадай верацяно» прыгадвалі і спявалі беларускія народныя песні, адгадвалі загадкі, дзяліліся ўспамінамі і асацыяцыямі пра бульбу. Потым вучыліся беларускім танцам, майстар-клас па якіх далі мясцовыя артысты. Многія прызналіся, што было цяжкавата, але ўсе справіліся, атрымаўшы шмат станоўчых эмоцый, бо двоек за няправільныя крокі ніхто не ставіў.
Самым запамінальным момантам вячорак стала прыгатаванне дранікаў… на хуткасць. Гэта свайго роду эстафета, дзе неабходна было пачысціць бульбу, нацерці яе на тарку, замяшаць і на патэльні пажарыць. Паспрабаваць свае сілы вырашылі дзве каманды. У выніку атрымліся два віды дранікаў – адны з яйкам у рацэнце(?????), другія – з нацертай цыбуляй. Дэгустацыя прайшла на ўра! І тыя і другія прыйшліся даспадобы ўсім, хто іх пакаштаваў.
– А інакш і быць не магло, – заўважыла Галіна Баранюк. – Бо ў кожнай гаспадыні свой рэцэпт іх прыгатавання. І гэта можна прасачыць не толькі ў драніках, але і ў пірагах, катлетах, салатах. Ці не так?
Актыўнасць усіх удзельнікаў вячорак адзначалася і ў іншых заданнях-конкурсах: пляценні пояса, танцах у капелюшы і г. д.
Вопыт варты пераймання
Вячоркі скончыліся: узнагарода артыстам – шчодрыя апладысменты, а гасцям – добры настрой і надзея, што падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца часцей. А яшчэ лепш – будуць узяты на заметку гаспадарамі ўздзенскіх аграсядзіб па папулярызацыі народных традыцый і для цеснага супрацоўніцтва, бо, як паказвае практыка, нам ёсць чым здзівіць нават самага патрабавальнага турыста.
Вера ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара