У Гарадку прайшло свята беларускага пісьменства
Літаратары і асветнікі, дзеячы культуры і кнігавыдаўцы, турысты і гандлёвыя работнікі, майстры народных промыслаў і юныя чытальнікі – цяжка пералічыць усе сферы грамадскага жыцця, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на гэтым свяце.
На працягу двух дзён у кожным куточку гэтага райцэнтра, ад галоўнай сцэны велічнай урачыстасці да невялічкай гандлёвай палаткі на ўскраіне, гучала беларускае слова, вялася зацікаўленая гаворка пра стан нашай літаратуры, творчыя здабыткі і планы аматараў прыгожага пісьменства.
У складзе дэлегацыі ад Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прысутнічаў на свяце і аўтар гэтых радкоў. Прыемна было ў чарговы раз акунуцца ў атмасферу творчай узнёсласці, радасці ад сустрэчы з калегамі, пабачыць і пачуць жывое слова класікаў літаратуры і пачынаючых паэтаў, празаікаў, даведацца пра навінкі выдавецтваў, адчуць подых жыцця творцаў са сталіцы і глыбінкі.
Літаратары Міншчыны выступалі ў рамках фестывалю кнігі і прэсы ў асобнай палатцы-шатры. Кіраўнік нашага аддзялення Леанід Крыванос прэзентаваў зборнік “Званоў перазвон”, што неўзабаве з’явіцца на прылаўках кнігарань і прысвечаны 80-годдзю хатынскай трагедыі. Тут змешчаны і творы пісьменнікаў з Уздзеншчыны, Галіны Нічыпаровіч і Віктара Сабалеўскага. А потым гучалі вершаваныя радкі паэтаў з Вілейкі і Барысава, Узды і Мядзела, Калядзічаў і Мінска. Паэты выносілі на суд гледачоў свае новыя кнігі і творы, цытавалі тыя, што прайшлі выпрабаванне часам. Адбываліся сустрэчы з аднадумцамі, завязваліся новыя знаёмствы, многія папоўнілі свае дамашнія бібліятэкі кнігамі з аўтографамі вядомых аўтараў. А назаўтра некаторыя атрымалі магчымасць выступіць і з галоўнай сцэны свята.
Урачыстым было адкрыццё свята, дзе выступілі вядомыя дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, знакамітыя літаратары, артысты. Вядома ж, усе чакалі агучвання вынікаў штогадовага творчага спаборніцтва. Уладальнікамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў шасці намінацыях на гэты раз сталі Уладзімір Гаўрыловіч, Алена Стэльмах, Софія Шах, Аліна Сабуць, Алеся Прыходзька і Уладзімір Макараў.
Свята разбеглася па плошчах, вуліцах, завулках райцэнтра. Асноўныя мерапрыемствы праходзілі ў Вераніцынскім скверы і вакол яго (нагадаем: Кастусь Вераніцын, ураджэнец Гарадка, — аўтар лепшага твора беларускай ліатаратуры ХІХ стагоддзя, паэмы “Тарас на Парнасе”, якая доўгі час лічылася ананімнай). Тут да помніка Тарасу, што ўстаноўлены некалькі гадоў таму, да сёлетняга свята адкрыліся скульптурная кампазіцыя “Буквар”, “Дрэва беларускага пісьменства” (кампазіцыя з нержавеючай сталі з выявай аўтараў 19 кніг, якія праславілі гарадоцкі край) і валуны з сімваламі беларускай пісьменнасці – “Спадчына”, “Надзея”, “Зубр” і іншыя. На сценах дамоў – муралы з гербамі гарадоў, што ў розныя гады прымалі свята пісьменства, цытаты з літаратурных твораў.
Два дні госці наведвалі выязныя кнігарні, гандлёвыя рады, выстаўкі і майстар-класы рамеснікаў, слухалі вершы і песні, знаёміліся з іншымі адметнасцямі віцебскага краю. Жадаючыя спыняліся каля інтэрактыўных пляцовак ад Саюза журналістаў і БРСМ, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і піянерскай арганізацыі, наведалі рэканструкцыю гістарычных падзей і Горад майстроў, выстаўку “Кветкавы карагод”, спартыўную, дзіцячую пляцоўкі. Адбылося ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод журналістаў на тэму ўборачнай кампаніі.
У наступным годзе свята пройдзе ў горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці. А Віцебшчыну мы пакідалі пад гукі песні на словы сябра нашага абласнога аддзялення, першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Алены Стэльмах: “Гарадок наш, Гарадок, тут пісьменнасці выток”.
Віктар Сабалеўскі