Меню

Памянялі Маскву на Карму. Тры гады таму сям’я пасялілася на Уздзеншчыне

Памянялі Маскву на Карму. Тры гады таму сям’я пасялілася на Уздзеншчыне

У іх лёсах многае пераплецена так, што цяжка вызначыць, якая з дзвюх краін-суседак бліжэй, даражэй. Ёсць шмат родзічаў, сяброў, знаёмых у Маскве і Мінску. Ёсць месцы, якія наведваюцца з аднолькавай цікавасцю. Ёсць жаданне і на заслужаным адпачынку жыць яркім, насычаным жыццём, у сваё задавальненне. І такая магчымасць з’явіліся пасля таго, як пенсіянеры пабудавалі жыллё на ўскраіне Уздзенскага раёна.

Бліжэй да зямлі

Яўгеній Уладзіміравіч нарадзіўся ў падмаскоўнай Каломне. Служыў ва Узброеных Сілах Расіі, у адстаўку пайшоў у званні палкоўніка. Яшчэ некалькі гадоў займаўся гандлёвым бізнесам. Дваццаць гадоў пражыў на 17-м паверсе дома ў Маскве. Святлана Фёдараўна – беларуска, але з расійскімі каранямі.

– Мая мама, Раіса Рыгораўна, родам з Бранскай вобласці, – расказвае жанчына. – У гады Вялікай Айчыннай вайны маме было восем гадоў. Яе і іншых дзяцей з партызанскіх сем’яў фашысты пасадзілі ў эшалон, павезлі ў Германію. Каля Баранавічаў эшалон адбілі мясцовыя партызаны. Пасля вызвалення Беларусі мама трапіла ў дзіцячы дом і засталася ў рэспубліцы назаўсёды. Дзяўчом прыйшла працаваць на тонкасуконны камбінат, аддала прадпрыемству 48 гадоў. Цяпер ёй 91, жыве ў Мінску…

Стварылі Паповы сям’ю ў 2005 годзе. І ў яго, і ў яе гэта ўжо другі шлюб. Першыя жонка і муж памерлі, засталіся дзеці, якія для абаіх цяпер родныя. У 2015 годзе Яўгеній Уладзіміравіч захварэў астмай, і медыкі настойліва рэкамендавалі змяніць клімат: у мегаполісе дыхаецца цяжка. Спачатку хацелі пабудавацца ў Падмаскоўі, нават участак набылі, але своечасова зразумелі, што і тут не найлепшы варыянт для здароўя.

Святлана Фёдараўна, былы медыцынскі работнік, параіла перабрацца ў Беларусь, азёрна-лясны край, які здаўна прывабліваў людзей з розных куткоў Савецкага Саюза. Да таго ж узнікла неабходнасць быць бліжэй да старэнькай маці. Таму і прынялі рашэнне пашукаць мясціну недалёка ад Мінска. Прадавалася некалькі прыдатных участкаў – спынілі свой выбар на Карме.

– Прыехаў, прайшоўся па вёсцы, пагаварыў з адміністрацыяй сельскага Савета, будучымі суседзямі і адчуў, што найлепшага месца і не трэба, – прыгадвае свае першыя ўражанні ад знаёмства з Кармай Я. Папоў. – Ажыўленая траса, Мінск недалёка, усе зручнасці цывілізацыі ёсць, а галоўнае – такія прыветлівыя вяскоўцы! Іду па вуліцы, нікога не ведаю, а мне – хто яблыкам ці агурком хоча пачаставаць, хто кветкі ці варэнне прапануе. І гэта ж не толькі ў Карме: па ўсёй Беларусі такія добрыя адносіны да людзей захаваліся. Прыехаў на машыне ў Мінск, на ўскраіне горада аўтамабіль у снезе забуксаваў. Пакуль думаў, як выклікаць службу аўтадапамогі, незнаёмыя людзі падышлі, дасталі свае шуфлі, расчысцілі снег, машыну выцягнулі і ад грашовага ўзнагароджання адмовіліся. У Расіі даўно такога няма…

Сумаваць няма калі

За пяць гадоў побач са старэнькім драўляным домам (яго Паповы пакінулі ў якасці складскога памяшкання) вырас ладны асабнячок. Будавалі з розумам, устанавілі аўтаномную сістэму жыццезабеспячэння. Пакуль іншых надворных пабудоў няма, але ўжо закуплены будматэрыялы для гаража. Усю тэрыторыю (пазней да 25 сотак далучылі такую ж плошчу, якую набылі для вядзення падсобнай гаспадаркі) часова засеялі газоннай травой. Зрабілі цудоўную альпійскую горку.

Ідэю падказаў Вадзім Лойка, да якога навасёлы звярталіся з просьбай дапамагчы з транспартам – трэба было выраўняць ўчастак. А той нават і электрыка свайго прыслаў. «Ні капейкі за выкананыя работы не ўзяў!» – не перастае захапляцца шчодрасцю беларускіх людзей Яўгеній Уладзіміравіч. На працягу некалькіх гадоў з дапамогай работнікаў лясніцтва, іншых месцічаў адшуквалі паўсюдна камяні-валуны. З дапамогай крана, экскаватара, пагрузчыка, самазвала везлі прыроднае багацце на падворак. Атрымалася звыш сотні (!) камянёў. Цяпер дзякуючы дызайнерскай задумцы гаспадара пагорак побач з домам нагадвае сапраўдны карэльскі ландшафт.

А побач, у розных кутках участка, прыжыліся звыш сарака туй, дэкаратыўныя сосны, звычайныя і блакітныя елкі, піхты і кедры. Упрыгожваюць дворык роўненькія дарожкі, масткі праз лагчыны, іншыя элементы малой архітэктурнай формы. Своеасаблівы аазіс стварылі. Плануюць пасадзіць і пладовыя дрэвы.

І не замыкаюцца Паповы ў межах свайго дома, участка. У захапленні яны ад шматлікіх мерапрыемстваў, што праводзяцца ў Дзешчанцы, іншых вёсках.  «Дажынкі», «Бульба-фэст», гулянні з атракцыёнамі, канцэртамі, шашлыкамі, іншыя масавыя забавы… Сцвярджаюць: у тых мясцінах у Расіі, дзе даводзілася бываць, нічога падобнага даўно няма. І не перастаюць адрасаваць словы падзякі старшыні сельскага Савета Уладзіміру Балцянкову, кіраўніку спраў Ірыне Жынжылавай, прадстаўнікам раённай улады, культработнікам,  арганізатарам падобных мерапрыемстваў.

Адшукалі з дапамогай месцічаў у наваколлі грыбныя і ягадныя мясціны. Вечарамі бавяць час ва ўласнай трэнажорнай зале ці скандынаўскай хадзьбой займаюцца. На рыбалку едуць разам, захацелі ў падарожжа на веласіпедах – ніякіх праблем! Наведваюць тэатры, выставы, канцэрты ў Мінску. Пашчасціла стаць удзельнікамі шыкоўнага балю ў Вялікім тэатры оперы і балета. Пра актыўнае жыццё кармянскіх навасёлаў расказвала Беларускае тэлебачанне, а ў свой час у Маскве Паповы здымаліся ў такіх папулярных перадачах, як «Модный приговор» і «Жить здорово».

Перабіваючы адно аднаго і не шкадуючы слоў захаплення, Яўгеній Уладзіміравіч і Святлана Фёдараўна расхвальваюць беларускіх медыкаў – Таццяну Дземянчук з Дзешчанскай амбулаторыі, Вольгу Каралёву з райбальніцы, спецыялістаў абласных медустаноў у Бараўлянах (калі муж і жонка перахварэлі на кавід-інфекцыю, давялося папраўляць здароўе ў рэабілітацыйным цэнтры). Паповы дзіўляюцца, што і ў сельскай глыбінцы звычайная медсястра валодае выдатнай кваліфікацыяй, не кажучы ўжо пра вузкіх спецыялістаў у рэспубліканскіх установах – у многіх рэгіёнах Расіі такой дапамогі і за вялікія грошы не атрымаеш. Таму і накіравалі пісьмо-падзяку ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

– Я прыняў беларускае грамадзянства. Шчаслівы, што жыву ў гэтай вёсцы, краіне, карыстаюся ўсімі дабротамі, як і тутэйшыя людзі, і нічога ў сваім жыцці больш не хачу мяняць! – на такой аптымістычнай ноце завяршае размову з журналістамі Яўгеній Папоў.

Тэкст: Віктар Сабалеўскі і з архіваў герояў публікацыі

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59