І быў кастрычнік, і была рэвалюцыя. З чым звязваюць дату 7 лістапада сучаснікі
7 лістапада для Марыі Кульбіцкай не толькі гістарычная дата. На яе прыпадае ўласны дзень нараджэння. Сёлета адзначыць яго ў сямідзясяты раз. Даўно на пенсіі, але сіл і энергіі хапае выкладаць біялогію і хімію ў Ліцвянскай базавай школе. Гэта нібы родны дом. Як кажуць, прыкіпела.
— У школе буду чакаць, — папярэдзіла Марыя Аляксандраўна па тэлефоне.
Прыехаць, каб застацца
Даўно заўважана, што настаўнікі павольна старэюць. Работа з дзецьмі прымушае пастаянна трымаць сябе ў тонусе. Як і меркавалася, насустрач выйшла не па гадах энергічная, прывабная жанчына. Светлы, нібы высвечаны знутры сонейкам, позірк. Голас ветлівы і па-настаўніцку пранікнёны. Хочацца слухаць і слухаць.
-У маёй працоўнай кніжцы два запісы, — распавяла Марыя Аляксандраўна. – Пасля заканчэння педінстытута атрымала накіраванне на Лагойшчыну. Год адпрацавала ў сельскай школе і паклікаў замуж хлопец з роднага Капыльскага раёна. Тады пераразмеркавалася бліжэй да дому – на суседнюю Уздзеншчыну.
Было гэта ў 1977 годзе. Агульны працоўны стаж настаўніцы складае 47 гадоў. Калі выключыць два гады водпуску па доглядзе дзіцяці, — 45, з іх 44 – у Ліцвянскай школе.
На новае месца працы Марыя прыехала разам з мужам. І тагачаснага дырэктара навучальнай установы Івана Паўлавіча Месніка, і кіраўніка мясцовай гаспадаркі цікавілі перспектыўныя кадры. Каб утрымаць у вёсцы маладую сям’ю, адразу выдзелілі жыллё ў чатырохкватэрным доме. Тады нават не зважалі на адсутнасць бытавых выгод, на першым часе цанілі, што ёсць. Пасля ўсё самі з энтузіязмам даводзілі да ладу.
Любімая праца, дружны калектыў, дах над галавой – шчасце не ведала межаў. Ніколі не намагаліся Кубліцкія з’язджаць з Ліцвян. Тут пусцілі карані.
Настальжы
Той час, як распавядае суразмоўніца, адзначаўся высокім працэнтам замацаванасці маладых кадраў на сяле ва ўсіх сферах дзейнасці. Вёска жыла, развівалася, прырастала сем’ямі.
— Гэта зараз у Ліцвянскай школе 21 вучань плюс дзесяць выхаванцаў дзіцячага садка. Прыйшло ў першы клас два, выпусцім траіх дзевяцікласнікаў, — са шкадаваннем адзначае педагог. — А на той час школа, нібы вулей, гула дзіцячымі галасамі. Нават паралелі стваралі. Моцны канкурэнтны асяродак заахвочваў вучняў да ведаў і лідарства. Панавала ўзаемапавага. Вобраз настаўніка натхняў. Гэта была прэстыжная і паважаная прафесія.
— Я працавала класным кіраўніком, на маім рахунку дзесьці пяць выпускаў, — узгадвае Марыя Аляксандраўна. – Пастаянна ў руху, на адрэналіне, бо вакол вучні, якія зараджалі сваёй энергіяй, новымі ідэямі, з энтузіязмам адгукаліся на прапановы. Клічу ў паход – хуценька сабраліся і пайшлі. З палаткамі, з начлегам. Дзяўчаты, а давайце… Ідэі зрываліся з языка: Марыя Аляксандраўна, мы самі. І ўжо размяркоўвалі між сабой абавязкі.
На ўроках растлумачу матэрыял. Пытаюся: дзеці, зразумела? Зразумела! Тады выконваем заданні. Да слабейшага вучня асобна падыду і патлумачу. Мы ўжо зрабілі, што далей, — актыўнічалі ў класах.
Адчуваўся рытм школьнага жыцця. Зацікаўленасць вучняў, іх нечаканыя пытанні пастаянна трымалі настаўніцу ў тонусе. На работу не ішла, а ляцела. Настальгія па тым часе.
Настаўнік – гэта дыягназ
Дзеці, што вы робіце? Куды пайшлі? Навошта ступаеш на тонкі лёд, правалішся! Да ўсяго ёсць справа Марыі Аляксандраўне не толькі ў межах школьнага двара. Кантралюе выхаванцаў у любой кропцы аграгарадка. Гэта ўжо дыягназ, адзначае педагог. Сын з дачкой іншы раз крытыкуюць за камандны тон.
— Я не камандую, а падказваю і накіроўваю, — папраўляе іх матуля.
Марыя Аляксандраўна – педагог па прызванні. У яе настаўніцкія карані. Тата пасля Нясвіжскага педвучылішча ўсё жыццё адпрацаваў у пачатковых класах. Дачка жадала звязаць лёс з вытворчай хіміяй. Разумела гэты прадмет, паважала біялогію. Зрабіць правільны выбар дамагла б прафарыентацыя, але на той час яна слаба развівалася ў школах.
Падалася ў педінстытут. Ужо на першых курсах вучобы зразумела, што ступіла на правільны шлях. Хімію і біялогію выкладала з вялікім энтузіязмам, не абмяжоўваючыся школьнай праграмай. Умела наладжвала з вучнямі кантакт. А пад сучасных школьнікаў падстройвацца няпроста. «Кнопкавыя» дзеці пасіўныя, раўнадушныя да вучобы, іх цяжка зацікавіць. Хоць бы базавыя веды засвоілі ды навучыліся дабрыні, павазе да дарослых.
— Нас, і тое пакаленне дзяцей не кантралявалі бацькі, — разважае Марыя Аляксандраўна. – Раслі самастойнымі, адказнымі, з ўсведамленнем, што ў школе трэба вучыцца. Не было вялікіх праблем з дысцыплінай. Крыху вышэй настаўніцкі тон, і ў класе панавала звінячая цішыня. Дзеці ўмелі прасіць прабачэння, лічылі непрыстойным агрызацца на ўроках. Да педагагічных парад прыслухоўваліся бацькі. Школа лічылася цэнтрам мясцовай інтэлігенцыі. Аўтарытэт настаўніка быў узняты на такую вышыню, што пайсці ў педагогі імкнуліся многія таленавітыя выпускнікі.
Куды бяжыш, Кульбіцкая?
Ва ўсе часы Ліцвянская школа вылучалася дагледжанай тэрыторыяй. Як біёлаг, Марыя Аляксандраўна адказвала за прышкольны ўчастак. Там, дзе цяпер зелянее газонная траўка, паўсюль красавалі кветкі, звяртае ўвагу настаўніца. Даглядала іх разам з выхаванцамі. За ўмелае кветкаводства атрымлівалі ўзнагароды. Для сваёй сталовай вырошчвалі агародніну, гадавалі трусоў, праводзілі разнастайныя вопыты. За ўмелае гаспадаранне школьнікаў таксама заахвочвалі.
Вопытам і ведамі па вязанні і вышыўцы дзялілася настаўніца ў гуртках па рукадзеллі. Даўней іх наведвала шмат вучняў. Некаторыя нават бацькам вязалі світары. Цяпер менш уседлівых, і ў прыярытэце больш прасцейшыя вырабы, але іх шмат – цікавых і неардынарных, якія ўпрыгожваюць і школьныя сцены, і хатнія інтэр’еры вучняў.
Не ўяўляе настаўніца жыцця без агарода і жыўнасці на ўласным падворку. Градак ужо няшмат, але вырастае на іх свая, экалагічна чыстая прадукцыя. Гадуе курак і трусоў. Дапамагаюць па гаспадарцы дзеці. Мама, скарачай аб’ёмы, часта чуе Марыя Аляксандраўна ў свой адрас.
Іншы раз і мозг падае сігнал, што трэба збавіць энтузіязм і хуткасць, адпаведна ўзросту. Але больш звыкла жыць у тэмпе.
— Мы выраслі на здаровым харчаванні. Елі бульбу, сала і агуркі. Насушвалі мяхі груш, яблыкаў. Арэшнікі былі багатыя на плады, а лугі запаланялі шампіньёны. Цяпер арэхаў няма і дэлікатэсных грыбоў не назбіраеш, бо наваколле і палеткі затраўлены хіміяй. На ўроках біялогіі вывучаем з дзецьмі, як экалогія ўплывае на наша здароўе, засвойваем азы здаровага ладу жыцця.
У коле блізкіх людзей
Дзень Перамогі – галоўнае сямейнае свята, адзначаюць яго з боллю ў душы. У бацькоў Марыі Аляксандраўна драматычныя лёсы. Тата прайшоў усю вайну, атрымаў цяжкае раненне ў Чэхаславакіі. Маці была сагнана ў Германію. Шмат гісторый чулі ад іх сын і дзве дачкі пра жахлівыя гады ваеннага ліхалецця, і цяпер пры ўспамінах набягаюць слёзы.
Важная дата і 7 лістапада. Памятае Марыя Аляксандраўна, як у вёсцы збіраліся ля сельсавета на мітынг, святкавалі амаль у кожным двары. Давялося нарадзіцца ў значны дзень, які ніколі не сустракае ў адзіноце.
Аптымістычная па натуры, з пазітыўнай устаноўкай на жыццё, гэта жанчына нібы магніт прыцягвае да сябе акружаючых. У дзень нараджэння званкоў заўсёды шмат: ад педагогаў, з якімі працавала, брата і сястры, добрых знаёмых. Завітаюць у госці суседкі, сяброўкі, калегі-артысткі па вакальнай групе «Чараўніцы», што дзейнічала пры Ліцвянскім Доме культуры. Паспяваюць задушэўныя песні, пачастуюцца торцікам з чаем. З Узды наведаюцца дзеці з сем’ямі. Абдымуць любую бабулю чатыры ўнукі.
А назаўтра зноў у школу, без якой не ўяўляе свайго жыцця. На прапанову рыхтаваць абітурыентаў да паступлення ў ВНУ, калі пойдзе на заслужаны адпачынак, Марыя Аляксандраўна заўважыла, што нікому ў тым не адмаўляе. Без усялякіх узнагарод за працу, бо настаўніцтва для яе – не рамяство для здабывання хлеба.
— Прыязджалі да мяне дзеці з райцэнтра, прыходзілі мясцовыя. З задавальненнем дапамагаю. Для таго і вучылася, каб веды перадаваць. Вельмі радуюся, калі бачу прагных да навукі вучняў. Іх поспехі – найлепшая для мяне ўзнагарода.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота Сяргея ШАРАЯ
Рекомендуем