Меню

Месца, дзе спакойна на душы. 15 жывуць на Уздзеншчыне Мікалай і Лілія Турковы

Месца, дзе спакойна на душы. 15 жывуць на Уздзеншчыне Мікалай  і Лілія Турковы

Трактарыст і повар – заўсёды запатрабаваныя ў вёсцы прафесіі. Турковы займаліся такой справай на Магілёўшчыне, выконвалі любімую работу і ў Ліцвянах.

Пятнаццаць гадоў жывуць на Уздзеншчыне Мікалай Мікалаевіч і Лілія Уладзіміраўна Турковы. Іх агульны сямейны стаж праз два гады складзе паўстагоддзя. Карэспандэнты «Чырвонай зоркі» пацікавіліся, чым запоўнены будні пенсіянераў з вёскі Ліцвяны.

Разам са школьнай парты

Іх малая радзіма далекавата адсюль – каля самай мяжы з Расіяй. Абое нарадзіліся і больш як дзве трэці жыцця пражылі ў вёсцы Падсолтава, што ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Ведаюць адно аднаго з малых гадоў, са школы. Дзесяць гадоў вучыліся разам у класе, ведалі, якія у каго адзнакі, паводзіны, захапленні… Хтосьці сцвярджае, што лепш будучым сужэнцам сустрэцца і пазнаёміцца нечакана, каб пасля на працягу сумеснага жыцця вывучаць і пазнаваць характар, звычкі другой палавінкі. Так, маўляў, цікавей. Такія сем’і быццам больш трывалыя, чым тыя, дзе абаім усё даўно вядома пра свайго спадарожніка жыцця.

Лілія Уладзіміраўна і Мікалай Мікалаевіч абвяргаюць такую тэорыю. Толькі два гады, калі юнак служыў, не бачылі яны адно аднаго.

– Адпраўляючы Колю ў армію, сказала на развітанне: «Вяртайся хутчэй, я буду цябе чакаць!» – расказвае гаспадыня (мы гутарым з сям’ёй Турковых у іх утульным доме па вуліцы Астравуха ў Ліцвянах). – А як толькі адслужыў, неўзабаве і вяселле згулялі. Было гэта ў 1975 годзе.

А потым пачаліся гады сямейнага жыцця і праца ў калгасе. Ніколі яны не шукалі лёгкіх шляхоў. Ні там, на Магілёўшчыне, ні пасля пераезду на Уздзеншчыну. Заўсёды працавалі па адной спецыяльнасці: ён – трактарыстам, а яна – поварам, гатавала абеды для дзяцей у школьнай сталоўцы. У Ліцвянах, праўда, такой вакансіі для Ліліі Уладзіміраўны не знайшлося, таму згадзілася на вельмі блізкую работу – развозіла абеды для хлебаробаў.

Жылі ў выдзеленым калгасам службовым доме. Тут нарадзіліся дачка і два сыны. Усе трое скончылі педагагічны інстытут. Ала цяпер займае пасаду кіраўніка спраў у сельвыканкаме, Руслан – супрацоўнік тэлеканала «Мір», а Андрэй – рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі. Восем унукаў, узростам ад сямі да дваццаці сямі гадоў, цешаць бабулю і дзядулю сваімі маленькімі і больш важкімі поспехамі.

У свой час мелі Турковы на вёсцы ладную прыватную гаспадарку. Штогод трымалі карову і цяля, некалькі свіней, гусей, курэй. Раней паднялі б на смех гаспадара, які не трымае на сваім падворку дамашнюю жывёлу, птушку, не высаджвае агародніну. На жаль, у канцы мінулага стагоддзя прэстыж сельскай працы ўвогуле і на прысядзібным участку ў прыватнасці быў істотна прыніжаны.

«Жывём, як у казцы!»

Перабраліся Турковы ў Ліцвяны па просьбе сыноў, якія асталяваліся ў Мінску. Пра пераезд у сталіцу размову не вялі: бацькі нізавошта не захацелі б змяніць размеранае вясковае жыццё на тлумны горад. Але і заставацца сам-насам са сваімі балячкамі і праблемамі, за сотні кіламетраў ад сыноўняй падтрымкі, вельмі няпроста. Тым больш што многія сацыяльна-бытавыя пытанні на сваёй малой радзіме з кожным годам было вырашаць усё цяжэй.
Мясцовыя калгасы не мелі істотнай фінансавай падтрымкі, пры мізэрных ураджаях і надоях амаль не заставалася сродкаў на развіццё вясковай інфраструктуры. Многія ўстановы сацкультбыту, не вытрымліваючы наступстваў так званай рыначнай эканомікі, ці закрываліся, ці значна скарачалі аб’ёмы паслуг.

– Прыехалі першы раз у Ліцвяны на агледзіны, дзе патрабаваліся рабочыя рукі і прадастаўлялася жыллё, і ўздыхнулі з палёгкай, – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Вёска нібы наш ранейшы гарадок: чыста ўсюды, акуратна. Нават акуркі на вуліцы не кідаюць, а нясуць да сметніцы. Школа, дзіцячы садок, магазіны працуюць. Транспарт амаль праз гадзіну  і да райцэнтра, і да чыгункі, да Мінска ходзіць. З нашых мясцін людзі выязджаюць, а тут новыя вуліцы засяляюцца! Не жыццё, а казка!

Спачатку сям’і выдзелілі двухпакаёвую службовую кватэру. Прайшло два гады – засяліліся Турковы ў новы дом на вуліцы Астравуха. Праз дзесяць гадоў прыватызавалі жыллё.

І на падворку працавітыя рукі Турковых ствараюць казку. На ўчастку ў 15 сотак хапае месца для агародніны. У дзвюх цяпліцах і ў адкрытым грунце высаджваюць бульбу, перцы, памідоры, агуркі, моркву, буракі, цыбулю, часнок, іншае. Шмат у іх таксама расце кветак. Штогод збіраюць добры ўраджай клубніц, чорных парэчак, буякоў, ажын. Заквітнеў уласны сад – яблыні, грушы, слівы, вішні, чарэшні, выспяваюць і абрыкосы. А нядаўна ў якасці эксперыменту пасадзілі – і прыжыліся! – дрэўцы гранату, грэцкіх арэхаў, хурмы. Цэлае лета па чарзе, а ў жніўні амаль усе разам праводзяць тут свае канікулы ўнукі. І вітамінаў удосталь, і да пасільнай сельскай працы прывыкаюць. Адразу ж пасля пераезду Турковы, пакуль сілы былі, свіней трымалі, а цяпер толькі курэй. У доме ёсць хатнія гадаванцы – сабака Банцік ды кот Персік. Мікалай Мікалаевіч вечарамі карзіны пляце, Лілія Уладзіміраўна штосьці вяжа ці вышывае для ўнукаў, а Персік з Банцікам побач круцяцца.

– Падабаецца нам тутэйшае жыццё, – прызнаецца Мікалай Туркоў. – Людзі добрыя, мясціны цудоўныя. Я і найбліжэйшыя грыбныя лясы ўжо вывучыў. Часам з жонкай на легкавіку ў райцэнтр па магазінах ці ў Дом культуры на канцэрт з’ездзім. На Мсціслаўшчыну цяпер рэдка наведваемся (там засталася дачка з сям’ёй, пахаваны бацькі). Пабудзем трохі, і хочацца сюды вяртацца. Тут спакайней на душы…

Тэкст: Віктар Сабалеўскі

Фота Сяргея Шарая

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59